Глеб ЛАБАДЗЕНКА для ww.baj.by
Даведка:
Любоў ЛУНЁВА нарадзілася ў шахце Юнком (Данбас) — так пазначана ў пашпарце. У 4,5 гады пераехала да бабулі з дзядулем у Клічаў, потым з бацькамі ў Мінск. Скончыла гістфак БДУ, дзе потым выкладала гісторыю. Працавала ў Інстытуце матэматыкі Акадэміі навук, у Грамадскай прыёмнай праваабарончага цэнтра «Вясна», на «Радыё Свабода». Цяпер — карэспандэнт газеты «Народная Воля». Сябра БАЖ з 1998 года.
Пра Любу Лунёву ходзяць байкі і легенды. Напраўду, гэта выглядае феерычна, калі яна на мітынгах гаркае на амапаўцаў: «А ну выключылі рацыі, мне ў жывы эфір выходзіць!» Ці кідае спецназаўцам: «Вы, прыдуркі, я з-за вас ледзьве не павалілася!..»
Люба — легендарная рэпарцёрка, адпрацавала на «Радыё Свабода» больш за 10 гадоў. Потым МЗС мэтанакіравана не працягнула ёй акрэдытацыю — ацанілі працу, называецца. Цяпер Лунёва працуе ў «Народнай Волі», стала пісаць не толькі пра палітыку, але і пра сацыяльныя, экананамічныя праблемы. З акцый, як і раней, вядзе «жывыя эфіры» — анлайны на сайт «Народнай Волі».
Пад час гэтай гутаркі я зразумеў, што мы з вамі не ведаем Любу. Што бясстрашная журналістка з мітынгаў — гэта толькі адзін, публічны яе бок. Насамрэч яна іншая — нават прозвішча ў пашпарце не Лунёва, а Буянава — па мужы, з якім развялася праз 1,5 гады пасля нараджэння сына. А нарадзілася Люба… у шахце! А прапрапрадзед яе… заснаваў Жыровіцкі манастыр! А іншыя прапрапрасваякі… былі паўстанцамі Касцюшкі і Каліноўскага…