Самыя цёплыя віншаванні з нагоды юбілейнага Дня нараджэння прымі, дарагая наша, любая мамачка, бабуля
Марыя Антонаўна
ГЕРАСІМОВІЧ!
Вашы гады – для ўсіх багацце,
Не першы гэта юбілей.
Хай плодна, мёдна будзе ў хаце,
А ў сэрцы – планаў шмат, надзей.
Знайсці рашэнне ўсім на радасць,
Жыццём пастаўленых задач,
Хай не падходзіць блізка старасць,
Дык – моцы, поспехаў, удач.
З любоўю дзеці, зяць, нявестка, унукі
ПРАФЕСІЯ З СІМВАЛІЧНАЙ НАЗВАЙ
20 Jan
Апублікаваў: Webmaster у: Прафесійныя святы, Служба 101 паведамляе
19 студзеня — Дзень ратаўніка
11 верасня 1998 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка падпісаў Указ №442, на падставе якога ваенізаваная пажарная служба была выведзена са складу Міністэрства ўнутраных спраў і далучана да Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Як пастаўлена служба ратаўнікоў сёння? Як працуюць работнікі Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацый? Аб гэтым расказвае начальнік аддзела Уладзімір Аляксандравіч Нячаеў:
– Дзятлаўскі аддзел сёння — гэта наладжаны механізм, гатовы ў любую хвіліну прыступіць да ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі. Яго складаюць пяць аварыйна-выратавальных падраздзяленняў — адна аварыйна-выратавальныя часць і чатыры пасты. Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях налічвае 77 чалавек, 18 з іх кругласутачна знаходзяцца на варце бяспекі людзей.
Сёння немалаважную ролю адыгрывае прафілактычная работа сярод насельніцтва раёна, на аб’ектах гаспадарання, навучанне людзей правілам пажарнай бяспекі. Напрыклад, толькі ў мінулым годзе праведзена планавая праверка больш за 70 аб’ектаў Дзятлаўшчыны, звыш за 20 тысяч праверак супрацьпажарнага стану жылых дамоў, дачаў. Поспеху ў барацьбе з надзвычайнымі сітуацыямі садзейнічае і пастаяннае павышэнне прафесійнай кваліфікацыі работнікаў раённага адддзела МНС на спецыяльных вучэннях і занятках, якія штогод праходзяць ратаўнікі.
А вось з мэтай папулярызацыі гэтай прафесіі сярод моладзі, яе патрыятычнага выхавання ва ўсіх абласцях Беларусі штогод арганізоўваюцца палявыя профільныя лагеры. Актыўна дзейнічае Беларуская моладзевая грамадская арганізацыя ратаўнікоў-пажарных.
Ва ўстановах адукацыі нашага раёна створаны і працуюць клубы юных ратаўнікоў. Папулярызацыі гэтай прафесіі сярод дзяцей і падлеткаў, навучанню іх правілам пажарнай бяспекі, бяспекі ўвогуле садзейнічае газета “Юны ратаўнікоў”.
Час не стаіць на месцы, дыктуе свае патрабаванні. У кожнай сферы дзейнасці пастаянна павышаецца ўзровень тэхнічнага аснашчэння, выкарыстоўваюцца камп’ютарныя тэхналогіі, удасканальваецца прававое рэгуляванне дзейнасці. Гэта ж датычыцца і работы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, якое за час свайго існавання заваявала заслужаны аўтарытэт сярод людзей, стала сімвалам дапамогі. Гэты сэнс закладзены ўжо ў самой назве прафесіі — “ратаўнік”. Ахвяраванне дзеля абароны чалавечага жыцця з’яўляецца галоўным маральным крытэрыям нашай прафесіі — такой складанай, небяспечнай, але вельмі патрэбнай. З нагоды прафесійнага свята сваім калегам, работнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях жадаю здароўя, цвёрдасці духу, спакойных будняў і выхадных, сямейнага дабрабыту, радасці і цеплыні, поспехаў у прафесійнай дзейнасці.
Падрыхтавала А. Гоман
ЗЛАЧЫНЦА ЗАТРЫМАНЫ. МАЁМАСЦЬ ВЯРНУЛІ ПАЦЯРПЕЛАМУ
20 Jan
Апублікаваў: Webmaster у: Служба 102 паведамляе
12 студзеня ў 11 гадзін 30 хвілін у аператыўна-дзяжурную службу аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама паступіла паведамленне аб тым, што ў хату да аднаго з жыхароў вёскі Дварэц праз незачыненую фортку залез злодзей. Ён скраў буйную суму грошай, золата, іншую маёмасць. На месца здарэння выехала следча-аператыўная група ў складзе следчага следчага камітэта А. М. Лазуты, оперупаўнаважанага аддзела крымінальнага вышуку В. В. Жамойдзіка, старшага эксперта М. М. Мікуліча, эксперта Г. А. Касянкова, участковага інспектара міліцыі С. В. Ігнаціка. У сувязі з тым, што было ўчынена рэзананснае злачынства, у Дварэц прыбыў начальнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама В. У Міхневіч.
Следча-аператыўная група хутка сарыентавалася ў абстаноўцы. У час агляду месца здарэння былі выяўлены важкія доказы і арганізавана работа па вышуку зламысніка. У хуткім часе оперупаўнаважаным В. В. Жамойдзікам і інспектарам С. В. Ігнацікам быў затрыманы мясцовы жыхар, які падазраваўся ва ўчыненні крадзяжу. У далейшым у яго былі знойдзены і адабраны скрадзеныя грошы і рэчы. Затрыманы змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Вядуцца аператыўна-следчыя мерапрыемствы, накіраваныя на высвятленне ўсіх абставін злачынства.
Працягнуць чытаньне "ЗЛАЧЫНЦА ЗАТРЫМАНЫ. МАЁМАСЦЬ ВЯРНУЛІ ПАЦЯРПЕЛАМУ"
Дзятлаўская дыягнастычная станцыя “Белтэхагляд” другі год запар стала пераможцай абласнога агляду-конкурсу. Традыцыйна конкурс праводзіўся на працягу ўсяго года, ацэньваліся тэхнічныя магчымасці станцый, падрыхтоўка спецыялістаў, віды паслуг і г.д. Удзел у спаборніцтве прынялі 32 станцыі Гродзеншчыны.
Наша станцыя прайшла немалы шлях у сваім развіцці, і цяпер яе тэхналогіі, пакет паслуг з’яўляюцца неад’емнай часткай якаснага абслугоўвання кліентаў – званне “Лепшая дыягнастычная станцыя – 2011” па-праву заваявана дзятлаўчанамі.
– Зразумела, важна, што сёння мы працуем у адрамантаваным будынку, маем сучаснае абсталяванне, якое дазваляе дасканала праверыць аўтамабіль, — расказавае начальнік станцыі Вячаслаў Якшэвіч, — аднак, я лічу, што гэта перамога – поўнасцю заслуга калектыву. Прафесійная падрыхтоўка работнікаў, іх адказнасць у рабоце, уважлівыя адносіны да пажаданняў кліента, асабліва ў пытаннях рамонту аўтамабіля, яшчэ некалькі гадоў таму “паставілі” нашу станцыю на прыступку аўтарытэтнай структуры. Цяпер жа мы робім усё магчымае, каб вытрымліваць якасць нашай работы і не страціць давер аўтамабілістаў.
Працягнуць чытаньне "ЧАРГОВАЯ ПЕРАМОГА ДЗЯТЛАЎСКАЙ СТАНЦЫІ “БЕЛТЭХАГЛЯД”"
23 студзеня 2012 года на змену белым кітайскаму Кату і японскаму Трусу прыйдзе чорны вадзяны Дракон і, адпаведна, моднымі стануць чорныя камяні-самацветы, якіх у прыродзе даволі шмат.
Паколькі Дракон у новым годзе будзе не толькі чорным, але і вадзяным, то і камяні-самацветы года павінны быць не толькі чорнымі, але і ўтварацца ў вадзе або ўтрымліваць у сваім складзе ваду. Такія патрабаванні года Дракона. І прырода дала падарунак усім модніцам свету ў выглядзе чорнага жэмчугу, які ўтвараецца ў марах, і чорнага апалу, які ўтрымлівае ў сваім складзе ваду.
Варта адзначыць, што абодва камяні сустракаюцца ў прыродзе ў выглядзе белых, крэмавых, серабрыста-белых, светла-блакітных і нават вогненных таноў, але толькі чорныя – самыя прыгожыя, рэдкія і дарагія. Напрыклад, чорныя жамчужыны правільнай акруглай формы з металічным адлівам вельмі рэдкія і цэняцца вельмі высока, а вядомым чорным апалам з радовішчаў Аўстраліі месца толькі на музейных стэндах, асабліва узорам з чырванаватымі і сінімі блікамі.
19 студзеня – Вадохрышча. Апошняе свята каляднага цыкла. У гэты дзень, калі згодна з праваслаўным календаром святкавалася хрышчэнне Ісуса Хрыста, асвячалася вада. Народ верыў у цудадзейную сілу такой вады і выкарыстоўваў яе пры розных бытавых выпадках і здарэннях: давалі выпіць хвораму, апырсквалі новую хату перад тым, як засяліцца, і вуллі, каб лепш вяліся пчолы, вадохрышчанскай вадою асвячалі поле перад сяўбою, труну, перш чым пакласці туды нябожчыка. У гэты дзень ужо дазвалялася выконваць некаторыя работы, забароненыя на працягу ўсіх Каляд. На Вадохрышча прыпадалі самыя вялікія маразы, пасля якіх зіма паступова пачынала паварочваць на лета. У народзе казалі: “Трашчы не трашчы, прайшлі вадахрэшчы – не к Ражству, а к Пятру”, маўляў, большых маразоў ужо не будзе. “На вадохрышчы дзень цёплы – будзе хлеб цёмны”.
Падрыхтаваў Т. КАРЫНА
У г. Слоніме 23 снежня 2011 года адбылося выязное пасяджэнне калегіі Камітэта дзяржкантролю
Гродзенскай вобласці па пытанні эфектыўнасці работы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, арганізацый Слонімскага раёна па выкананні дзеючага заканадаўства.
Калегія адзначыла, што кіраўнікамі шэрагу арганізацый і ўстановаў раёна прымаюцца недастатковыя меры па выкананні нарматыўна-прававых актаў, не выконваецца пэўным чынам фінансавая дысцыпліна. Захоўваюцца негатыўныя тэндэнцыі ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, на спажывецкім рынку.
Па выніках работы за студзень-лістапад 2011 года не дасягнута выкананне прагнозных заданняў па колькасці занятых у эканоміцы, далучэнні інвестыцый арганізацыямі, якія падпарадкоўваюцца мясцовым Саветам дэпутатаў, выканаўчым і распарадчым органам, ці ў якіх яны ажыццяўляюць кіраванне акцыямі ў памеры больш за 50%, па росце вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, уводзе ў эксплуатацыю жылля, энергазберажэнні.
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2011 года №616 “Аб узмацненні сацыяльнай падтрымкі асобных катэгорый грамадзян” з 1 студзеня 2012 года ўстаноўлены памеры дзяржаўных дапамог:
па доглядзе дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў – 100% найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, за два апошнія кварталы (далей БПМ);
на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека, — 70% БПМ;
на дзяцей, яким больш за тры гады – 50% БПМ;
па доглядзе інваліда першай групы, або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, — 100% БПМ, а пры адначасовым доглядзе двух і больш інвалідаў першай групы, або асобаў, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту, — 120% БПМ.
Г. ЧУРА,
начальнік раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва
ГАЛОЎНАЯ ЗАДАЧА — АБАРАНІЦЬ ЖЫЦЦЁ ЧАЛАВЕКА
20 Jan
Апублікаваў: Webmaster у: Прафесійныя святы, Служба 101 паведамляе
Жыццё, на жаль, не абыходзіцца без надзвычайных сітуацый. Здараецца, яны адбываюцца па віне самога чалавека, яго бесклапотнасці. Здараецца, людзі становяцца заложнікам стыхіі, трагедыі. Але ў такіх выпадках на дапамогу пацярпелым прыходзяць ратаўнікі.
Напярэдадні іх прафесійнага свята карэспандэнты газеты наведалі пажарна-выратавальны пост №14, размешчаны ў Наваельні.
Сёння яго калектыў налічвае 14 чалавек. Стаж працы ў васьмі з іх складае 15 гадоў і больш.
– Старэйшыя работнікі перадаюць свой вопыт маладым, — гаворыць начальнік пажарнага паста, капітан унутранай службы, ратаўнік з 19-гадовым стажам Іван Губко
(фота 1). — Маладых спецыялістаў у нас чатыры. Усе яны працалюбівыя, старанныя. Адметна тое, што яны збіраюцца паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы — Гомельскі інжынерны інстытут і Мінскі камандна-інжынерны інстытут па спецыяльнасці “інжынер па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый”.
А, увогуле, як і ў любой прафесіі, вопыт прыходзіць з гадамі. Павышэнню кваліфікацыі садзейнічаюць і адпаведныя курсы ў Гродне.
– Калектыў у нас выдатны, — працягвае Іван Леанідавіч. — Яго людзі — гэта прафесіяналы. Яшчэ і цікавыя асобы. Напрыклад, Андрэй Шэнаеў і Сяргей Савасцюк іграюць у Наваельнянскім духавым аркестры. Аляксандр Ганчар — добры спартсмен. Удзельнічае ў спаборніцтвах па гіравым спорце, выступае нават за вобласць.
Адзначу і тое, што на нашым пажарным пасту ў свой час праходзілі службу Дзмітрый Гульнік, Уладзімір Стульба, Уладзімір Кажала — цяперашнія намеснікі начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
З нагоды прафесійнага свята сваім калегам ратаўнікам, ветэранам жадаю здароўя, поспехаў, працягваць і памнажаць нашы лепшыя традыцыі.
НА ВАРЦЕ — ПЕРШАЯ ЗМЕНА
Яе ўзначальвае камандзір аддзялення, прапаршчык унутранай службы Аляксандр Трафімчык. Ён працуе ратаўніком з 1994 года. Дарэчы, каля 10 гадоў ратаўніком прапрацаваў і яго бацька.
– Ён быў вадзіцелем пажарнага паста №14, — гаворыць Аляксандр. — Бацька расказваў аб асаблівасцях прафесіі ратаўніка, у якую прыйшоў і я. Разам з бацькам я працаваў некалькі месяцаў. Пачынаць было складана. Самы цяжкі для мяне быў першы пажар, ліквідацыяй якога мне давялося кіраваць. Дапамагалі старэйшыя калегі па службе.
Дзяніс Болтач — старшы пажарны, сяржант унутранай службы, адзін з маладых спецыялістаў пажарнага паста №14. У прафесію ратаўніка, як і большасць яго калег, Дзяніс прыйшоў пасля арміі. Вайсковую службу праходзіў у паветрана-дэсантных войсках, у Мар’інай Горцы. Адно з патрабаванняў да салдат гэтага роду войскаў — выдатная фізічная падрыхтоўка. Са спортам Дзяніс на “ты” з малых гадоў. Са школы юнак займаўся лёгкай атлетыкай, у прыватнасці, бегам. У мінулым годзе ён ужо выступаў за раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях на абласных спаборніцтвах, затым — на рэспубліканскіх. На абласных — Дзяніс паказаў другі вынік, на рэспубліканскіх — пяты.
Віталь Жыбко працуе вадзіцелем першай змены пажарнага паста. У прафесіі ратаўніка ён ужо 10 гадоў.
– Гэта — адзін з лепшых вадзіцеляў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, — кажа пра свайго калегу Іван Губко. – Ён — спецыяліст другога класа, мае допуск да пажарных аўтамабіляў усяго аддзела.
Увогуле, аўтамабілі, тэхніка з’яўляецца хобі Віталя Жыбко. Дарэчы, ратаўніком, таксама вадзіцелем, працуе і стрыечны брат Віталя — Юрый Баковіч. Ён — вадзіцель другой змены пажарнага паста №14.
Юрый Гізоўскі — пажарны, малодшы сяржант унутранай службы. Працуе ратаўніком нядаўна — яшчэ няма і года. Сваю прафесійную дзейнасць пачынаў з навучання на адпаведных курсах у Гродне. Але з прафесіяй ратаўніка пазнаёміўся яшчэ ў час вайсковай службы: быў вадзіцелем дзяжурнага пажарнага аўтамабіля. Расказваў яму аб асаблівасцях прафесіі і дзядзька — Генадзь Ляўкевіч, які працаваў камандзірам пажарнага аддзялення Навагрудскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Як і яго калега Дзяніс Болтач, Юра захапляецца спортам, у прыватнасці, валейболам. Хлопец выступаў у складзе школьнай каманды, а затым каманды Казлоўшчынскага ліцэя.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Дабрачынная міласэрная акцыя адбылася 8 студзеня ў Гезгалаўскай бальніцы сястрынскага догляду.
У гэтай медыцынскай установе на пажыццёвае знаходжанне ўладкаваны адзінокія, нямоглыя, састарэлыя людзі з нашага Дзятлаўскага раёна. Іх 28 чалавек. Размешчаны яны ў добраўпарадкаваным памяшканні былога дзіцячага санаторыя “Ластаўка”. У кожнай з сямі палат знаходзяцца па чатыры чалавекі. Усюды — чыста, цёпла, утульна. У пакоях – ложкі з дабротнымі падушкамі і цёплымі коўдрамі.
Тут пад кіраўніцтвам доктара Яніны Іосіфаўны Кульгавеня працуюць медсёстры, санітаркі, работнікі кухні і іншы персанал. Работа нялёгкая, але такая неабходная.
Павіншаваць старых нямоглых людзей, калектыў бальніцы сястрынскага догляду сабралася царкоўнае сястрынства і пеўчыя. На другі дзень Калядаў, пасля службы ў царкве, сёстры разам са святаром царквы Міколы Цудатворцы вёскі Нагародавічы айцом Іаанам прыбылі ў гэтую ўстанову. Праходзячы па ўсіх палатах, наш святар віншаваў людзей з такім вялікім святам – з Нараджэннем Госпада нашага Ісуса Хрыста, са святам, якое ўшаноўваецца больш за 2000 гадоў. Айцец Іаан жадаў людзям бадзёрасці і здароўя, дабра і спагады. Ён падарыў усім пацыентам па невялікай іконцы Госпада альбо Божай Маці.