Зямля наша, як жывая, пакутуе і знемагае ад таго зла, якое мы творым на зямлі. Разбэшчанасць, бязбожжа, бязмерная гордасць людская пераўзышла ўсялякую меру.
Грахоўнае наша жыццё. Жывём мы не па-хрысціянску, хоць і называем сябе хрысціянамі. Пры гэтым усё скардзімся на жыццё: і хварэю, і пакутую, і няшчасці ўсялякія здараюцца – у чым жа прычына? Мы яе шукаем у абы чым, толькі не ў нас саміх. А мабыць у нас, дарагія мае, прычына, у нашым раўнадушшы, жорсткасці, самалюбстве.
Мы з вамі ўгразлі ў грахах! Не толькі ўгразлі, мы ўжо і зрасліся з імі, і грахамі іх ужо не называем. Гэта ад таго, што сэрцы нашы акамянелі, так бывае заўжды, калі мы не раскайваемся, не спавядаемся ў храме, не прычашчаемся Святых Хрыстовых Тайн.
Услухайцеся! Чуеце, як плача брат, які знемагае ў зняволенні? А гэта чуеце? Гэта — смутак маці, у якой памерла адзінае дзіця. А ці чуем мы стогн бязвінна пакрыўджаных? Ці чуем?
Адкрыем вочы… Перад намі – Хрыстос, які знемагаў. Хрыстос пакутуе разам з намі. Ён у кожным болі, у кожным смутку людскім. Ну, і дзе ж нашы з вамі сэрцы? Яны са знемагаючым Хрыстом? Не, дарагія мае, мы больш сваім грахоўным жыццём Яго пакуты ўмацоўваем.
Ёсць адзін страшны грэх, над якім многія нават і не задумваюцца і не раскайваюцца – грэх аборту. Забойства свайго дзіцяці.
Польская акушэрка Станіслава Ляшчынска з трыццаці пяці гадоў работы два гады была вязнем жаночага канцлагера Асвенцыма, працягваючы выконваць свой прафесійны абавязак.
Нельга без жаху чытаць рапарт акушэркі. У якіх жудасных, нечалавечых умовах знаходзіліся ў Асвенцыме жанчыны. А жанчыны-парадзіхі? – пра гэта страшна і падумаць.
Баракі, пабудаваныя з дошак з мноствам шчылінаў, былі ўсе паедзены пацукамі. У сярэдзіне барака з абодвух бакоў узвышаліся трох’ярусныя ложкі. Жанчыны ляжалі амаль на голых дошках, да таго ж, не гладкіх, а з сучкамі, якія націралі цела.
Пасярэдзіне ўздоўж барака цягнулася цагляная печ з топкамі па баках. Прапальвалі печ толькі некалькі раз у год, таму жанчын мучыў нясцерпны, пранізлівы холад. Асабліва зімой.
Ніякіх асептычных сродкаў, ніякіх перавязачных матэрыялаў.
Урачы ў Асвенцыме – гэта былі героі. Яны змагаліся за жыццё прыгавораных да смерці, аддаючы сваё ўласнае жыццё. Для ўрача дзейнічаў толькі абавязак урача – выратоўваць жыццё чалавека ў любой сітуацыі.
Нягледзячы на невыносныя ўмовы — бруд, чэрві, пацукі, інфекцыйныя хваробы, адсутнасць вады і іншыя жахі ў лагеры здаралася штосьці незвычайнае.
Не было ніводнага смяротнага зыходу ні сярод маці, ні сярод дзяцей.
Акушэрка, вязень Асвенцыма, расказвае, што са шматлікіх перажытых там трагедый асабліва запомнілася ёй гісторыя жанчыны з Вільні, якую адправілі ў Асвенцым за дапамогу партызанам.
Адразу пасля таго, як яна нарадзіла дзіця, хтосьці з аховы крыкнуў яе нумар (заключоных выклікалі па нумарах). Гэту жанчыну выклікалі ў крэматорый.
Яна захінула дзіця, якое толькі што нарадзіла, ў брудную паперу і прыхіліла да грудзей… Яе вусны бязгучна шавяліліся – магчыма, яна спявала песеньку свайму малому, як рабілі гэта маці, жадаючы суцешыць немаўлятак у нясцерпным холадзе і голадзе. Але ў гэтай жанчыны не было сілы, яна не магла прамовіць ні гуку – толькі буйныя слёзы каціліся з яе вачэй, падаючы на галоўку маленькага прыгаворанага.