Весткі з Рудаяварскага сельсавета.
На базе ВПК “Рудаяварскі дзіцячы сад-сярэдняя школа” дзейнічае аб’яднанне “Школьнае лясніцтва”, якім кіруе дырэктар навучальнай установы Вадзім Аляксандравіч Палуносік. Ён расказаў, што мэтай дзейнасці аб’яднання з’яўляецца выхаванне любові і беражлівых адносін да лесу, да прыроды роднага краю. Акрамя тэарэтычных, на выдзеленай і замацаванай тэрыторыі ляснога фонду праводзяцца практычныя і выяздныя заняткі. Удзельнікі аб’яднання (а гэта 15 вучняў 8-11 класаў) працуюць па заданнях ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” і, вядома, Рудаяварскага лясніцтва. Яны падтрымліваюць цесную сувязь з ляснічым Алегам Іванавічам Барысюком і памочнікам ляснічага Паўлам Аркадзьевічам Бузуком. Як паведаміў Вадзім Палуносік, у мінулым годзе школьнікі ўдзельнічалі ў пасадцы рэкорднай колькасці лесу — каля 50 гектараў, збіралі насенне, а ў зімовы час яны традыцыйна займаюцца падкормкай жывёлаў і птушак. У рамках “Школьнага лясніцтва” у гэтым навучальным годзе праводзяцца і навуковыя доследы па тэме “Матэматычная апрацоўка біяметрычных паказчыкаў сеянцаў хвойных парод”. Дарэчы, праграма, складзеная для дзейнасці аб’яднання, атрымала высокую ацэнку з боку ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама і была адзначана дыпломам, як пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу вучэбна-выхаваўчых праграм эколага-біялагічнага профілю. Па словах Вадзіма Аляксандравіча, на заняткі дзеці ходзяць з задавальненнем, і многія мараць звязаць свой лёс менавіта з лясной гаспадаркай.