У вёсцы Норцавічы, у сялянскай хаце, маленькая дзяўчынка доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі грэлася ля вялікай печы і зачаравана слухала ігру на домры старэйшага брата Колі. Моцна вабілі яе меладычныя пераборы спеву шматгалосага інструмента. Употай ад брата спрабавала сыграць сама. Не ўдавалася. І раз, і два, і яшчэ. Але чароўныя гукі тоненькіх струнак гэтак вабілі! І яна спрабавала зноў і зноў. Цярпліва дамагалася прыгожага спалучэння гукаў. І… пачало атрымлівацца. Урэшце, бацька адвёз яе ў Дзятлаўскую музычную школу. Настаўнікі паслухалі і … залічылі дзяўчынку адразу ў другі клас. Праўда, па класу баяна, месца ў групе было. Так пачаўся шлях Таісы Якушэвіч (пазней, па мужу, Церашчук) у музыку. Яна паспяхова закончыла сярэднюю і музычную школы. У 1968 годзе паступіла ў Маладзечненскае музычнае вучылішча, атрымала сярэднюю музычную адукацыю. У 1979-ым закончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю музыкі.
У Таісы Вікенцьеўны Церашчук цяпер вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя. Яна ўзнагароджана значком “Выдатнік адукацыі”, дыпломамі Міжнароднага фестывалю (Германія), Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі РБ (2006). Удзельнічала ў фестывалях харавой музыкі ў Кіеве, Сухумі, Санкт-Пецербургу. У 2007 годзе стала пераможцаю конкурсу прафесійнага майстэрства “Педагог года” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. У 2008-ым удзельнічала ў рэспубліканскім конкурсе педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў намінацыі “Педагог года пазашкольнай установы”.
З 1976 года Таіса Церашчук працуе ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Цяпер з’яўляецца мастацкім кіраўніком узорнага хору “Радасць”, арганізаванага ў 1991 годзе. У хоры займаюцца звыш 80 дзяцей ва ўзросце ад 6 да 16-ці гадоў. Дзеці з вялікім жаданнем удзельнічаюць у канцэртных праграмах, запісваліся на радыё і тэлебачанні. Хор “Радасць” з’яўляецца ўдзельнікам Міжнародных фестываляў дзіцячай творчасці ў Польшчы, Германіі, Расіі. У рэпертуары хору звыш 50-ці твораў розных жанраў: класіка, сучасная і народная музыка, песні беларускіх кампазітараў.