Архіў для ‘Праваслаўе’ Катэгорыі

“Вера без справаў мёртвая…” — такое меркаванне выказаў у сваім пасланні апостал Павел. Іншымі словамі, калі мы называем сябе веруючымі, верым у Бога, ходзім у храм, а справаў міласэрнасці і дабрыні не робім, то вера нашая мёртвая.
— Як жа так! — можа ўсклікнуць веруючы чалавек. — Я і ў храм хаджу, і малюся пастаянна, а мая вера мёртвая?
Так. Бо гэта чалавек робіць таму, што неабходна непасрэдна яму. Адной веры або адных толькі добрых справаў недастаткова. Гасподзь ад кожнага чалавека, які прыйшоў у гэты свет, патрабуе і веры ў Бога і добрых справаў.
Варта памятаць словы Выратавальніка аб тым, што ўсе добрыя справы, якія мы робім нашаму бліжняму, Гасподзь наш Ісус Хрыстос прымае, як сабе. Прыгадаем Евангелле, якое чытаецца ў падрыхтоўчую нядзелю, аб Страшным судзе. Ці накарміў галоднага, ці напаіў таго, хто пакутуе ад смагі, ці апрануў голага, ці наведаў хворага або пазбаўленага волі… Калі вы зрабілі названае, то вы зрабілі гэта для мяне — вучыць нас Выратавальнік. Гэтае павучанне Хрыста павінна натхніць нас на справы міласэрнасці і дабрыні.
Што ж мы, сучасныя хрысціяне, можам зрабіць для таго, каб наша вера не была мёртвая? Якія добрыя справы нам рабіць?
На маю думку, справы, якія пацвярджаюць нашу веру ў Бога, можна раздзяліць на тры віды.

Працягнуць чытаньне "ВЕРА Ў БОГА І ДОБРЫЯ СПРАВЫ"

З БОГАМ!

Благаславенне на ўрачыстасці ў Дзятлаве з нагоды 500-годдзя прыходу храма Прэабражэння Гасподня даў архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый.
10 мая ў раённым Доме культуры адбылося адкрыццё дзён праваслаўнай духоўнасці і культуры. Да жыхароў Дзятлава і гасцей звярнуліся Уладыка Гурый і старшыня райвыканкама В. Грытчанка.
У падарунак архіепіскапу Гурыю была прыпаднесена вышываная бісерам ікона, зробленая рукамі юных умельцаў з Круцілавіцкага садка-школы. Менавіта гэтай іконай Уладыка благаславіў прысутных, жадаючы плёну ва ўсіх добрых справах.

Працягнуць чытаньне "З БОГАМ!"

Улюбёныя ва Хрысце браты і сёстры! З глыбіні веруючага сэрца, ахопленага радасцю аб Хрысце Уваскрэслым, я віншую вас з Вялікаднём Гасподнім, са святам Светлага Хрыстова Уваскрэсення! Сёння я звяртаюся да вас са словамі благавешчання, якое гучыць на працягу многіх тысячагоддзяў і яўляе ўрачыстасць веры хрысціянскай: Хрыстос Уваскрэс!
Велікодная радасць зноў і зноў напаўняе нашы душы і сэрцы. Усе нашы думкі і пачуцці асвятляюцца незямным святлом Вялікадня Гасподняга. Бо ўваскрэс Хрыстос… І не ўтрымала Хрыста ні запячатаная труна, не перашкодзіла Яму шлях варта, пастаўленая каля труны.
Уваскрэс Гасподзь. Выканаў тое, што сказаў. Няма сілы, якая можа пераадолець Госпада, няма ўлады, якая можа перашкодзіць Хрысту выканаць Сваю волю. Як некалі даў сябе звязаць Сампсон, смеючыся ў сэрцы сваім над ворагамі (Суд.15.13), але потым скасаваў ланцугі і паразіў сваіх непрыяцеляў. Так і Гасподзь даў смерці звязаць сябе, але, разарваўшы потым ланцугі смерці, знішчыў адавы вароты.
Таму Вялікдзень Хрыстоў – гэта нешта большае, чым проста адно са святаў. Той, хто хаця аднойчы прымаў удзел ва ўрачыстасці гэтай ночы, ведае, што такое Вялікдзень. Бо ў гэтую святую ноч ”уся поўная святла: неба і зямля, і апраметная;… мы смерці святкуем умярцвенне, адавае разбурэнне, іншага жыцця вечнага пачатак” (канон Вялікадня).
У якім сэнсе мы святкуем сёння смерці ўмярцвенне, адавую разруху, другога жыцця вечнага пачатак?

Працягнуць чытаньне "СА СВЯТАМ СВЕТЛАГА ХРЫСТОВА УВАСКРЭСЕННЯ!"

ВЯЛІКІ ПОСТ

Сучаснага чалавека, часцей за ўсё нявопытнага ў духоўным жыцці, цікавіць у першую чаргу пытанне: што і як можна есці ў посныя дні. Але пост – гэта не дыета. Пост закліканы дапамагчы нам наблізіцца да Бога, лепш зразумець свой унутраны духоўны свет, пераадолець у сабе ўсё кепскае і злое. Вялікі пост закліканы падрыхтаваць нас да прыняцця святла Хрыстова Уваскрэсення.
Якія ж урокі мы можам для сябе вынесці? Першы ўрок, які быў прапанаваны нам – урок даравання ўзаемных крыўдаў. Апошняя нядзеля перад Вялікім постам у народзе вядомая, як даравальная нядзеля. У гэты дзень мы прасілі адзін у аднаго прабачэння, каб Гасподзь падчас посту прыняў наша пакаянне, дараваў нашы грахі. Дараваць бліжняга запаведуе сам Хрыстос: “Калі вы будзеце дараваць людзям грахі іх, то даруе вам і Айцец ваш нябесны. А калі не будзеце дараваць людзям грахі іх, то і Айцец ваш не даруе вам грахоў вашых” (МФ.6:14-15). Аказваецца, меру даравання нашых грахоў Богам мы ўстанаўліваем самі. Чым больш здольныя дараваць мы, тым больш магчымасці мы даём Богу дараваць нас. Наколькі мы шчырыя, калі молімся Айцу Нябеснаму: “…І даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым”. Дараваць нялёгка, але трэба.
На працягу ўсяго Вялікага посту – да серады перадвелікоднага тыдня – за кожнай службай ва ўсіх храмах чытаецца вялікапосная малітва прападобнага Яфрэма Сірына, святога падзвіжніка ІY стагоддзя . Вось тэкст гэтай пранікнёнай малітвы на царкоўнаславянскай мове:
«Господи и Владыка жизни моей! Дух праздности, уныния, любаначалия и празднословия не даждь ми. Дух же целомудрия, смиренномудрия, терпения и любве даруй ми, рабу твоему. Ей, Господи Царю, даруй ми зрети моя прегрешения и не осуждати брата моего, яко благословен еси во веки веков. Аминь».

Працягнуць чытаньне "ВЯЛІКІ ПОСТ"

Сёння рубрыка “Слова святара” прадстаўлена матэрыялам, які ў некаторай ступені адрозніваецца ад шэрагу папярэдніх публікацый. Сёння хачу паразважаць пра сітуацыю на нашых дарогах. Дарэчы, не так даўно рэспубліканскае ДАІ аднесла адну з асноўных аўтамагістраляў, пралягаючую праз Дзятлава – менавіта аўтадарогу Дзятлава-Слонім, да аднаго з самых небяспечных накірункаў. А бяспека на гэтай трасе (як і на іншых) залежыць у першую чаргу ад нас з вамі.
Айчынныя сродкі масавай інфармацыі нястомна ўзнімаюць гэтую праблему. Але мае разважанні не абумоўлены простым жаданнем падтрымаць актуальную тэму. Гэта – слова пра набалелае.
Мы ведаем статыстыку, ведаем, што на дарогах штогод гінуць тысячы людзей, не лічачы тых, хто назаўсёды страціў здароўе. Мы часам (а жыхары вялікіх гарадоў і па некалькі разоў на дзень) бачым аварыі, бачым, як з-за дурасці аднаго гінуць іншыя. Але чамусьці лічым, што нас гэта не датычыцца, што гэта неяк само па сабе пройдзе міма нас. Разок паспеў праскочыць? Яшчэ раз? А потым… можна і не паспець або не дадуць паспець праскочыць.Сеў п’яны за руль? ДАІ не злавіла?

Працягнуць чытаньне "БОГ ДАЎ ЧАЛАВЕКУ РОЗУМ І АДКАЗНАСЦЬ"

Хрышчэнне (Вадохрышча) – хрысціянскае свята. Яно адзначаецца 19 студзеня ў праваслаўных вернікаў у памяць аб дні, калі Ісус Хрыстос быў ахрышчаны Іаанам Прадцечам у рацэ Іардан ва ўзросце 30 гадоў разам з іншымі людзьмі. Гэты дзень вядомы яшчэ і як Богаяўленне, калі адбываецца “Вялікае асвячэнне вады”.
У ваду тры разы запар апускаюць крыж і чытаюць адпаведныя малітвы. Асвечаная ў гэты дзень вада, якая называецца святой, іарданскай, хрышчэнскай, богаяўленскай, лічылася найбольш здаровай, гаючай, здольнай засцерагчы чалавека ад хваробаў.
Ва ўсіх цэрквах Хрышчэнне адзначаецца даволі ўрачыста. Маленні ў храме працягваюцца звычайна да другой паловы дня, а затым святары разам са сваімі прыхаджанамі выходзяць да бліжэйшых вадаёмаў. Паводле народных уяўленняў, Ісус Хрыстос апускаецца на зямлю, каб акунуцца ў святую ваду.
На рэчцы або возеры зранку мужчыны выразалі з лёду крыж паўтара-два метры ў даўжыню. Крыж аблівалі бураковым расолам, а затым падымалі і ставілі на край палонкі.
Бацюшка каля крыжа і палонкі праводзіў маленне і асвячаў ваду, акунаючы ў яе царкоўны крыж. Пеўчыя спявалі рэлігійныя песні. У заключэнні рытуалу ўсе прысутныя бралі з сабою святую ваду.
Хрышчэнскую ваду захоўвалі на працягу года і выкарыстоўвалі ў лекавых і магічных мэтах. Цікавы фенамен: вада, якую ўзялі 18-19 студзеня, не псуецца на працягу 3 гадоў.
Вялікім грахом лічылася ў дзень асвячэння вады апаганьваць яе: мыцца, мыць бялізну, займацца бруднай работай, якая непасрэдна звязана з выкарыстаннем вады. Каб не парушаць гэтай забароны, ваду для бытавых патрэбаў нарыхтоўвалі ў неабходнай колькасці загадзя.
Асвечанай вадой лячылі шматлікія хваробы (асабліва сурокі), асвячалі (апырсквалі) хату і гаспадарчыя пабудовы на двары. “Святую” ваду выкарыстоўвалі ў сямейнай абраднасці.
Ваша здароўе

Па абавязках службы часта даводзіцца мець справу з хроснымі бацькамі. Нярэдка людзі адчуваюць сябе няёмка ад таго, што не ўсведамляюць сваю ролю, не разумеюць сэнс здзяйсняемага, не знаёмы з царкоўнай традыцыяй. Мэта гэтага артыкула — дапамагчы кандыдатам у хросныя бацькі з’арыентавацца і належным чынам падрыхтавацца да ўдзелу ў Таінстве хрышчэння.
Хрышчэнне - найстаражытны хрысціянскі абрад, які ўзыходзіць да самога Хрыста. Выратавальнік, развітваючыся са сваімі вучнямі, даў запаведзь: “Ідзіце і навучыце ўсе народы, хрышчачы іх у імя Айца, Сына і Святога Духа”. І ў іншым месцы Господзь гаворыць: “Хто не народзіцца ад вады і Духу, не ўвойдзе ў Царства Божае”. З самых найстаражытных часоў хрысціянскія святары здзяйсняюць хрышчэнне над тымі, хто гатоў адмовіцца ад зла і жадае злучыцца з Богам, увайсці ў Царства Божае, стаць часцінкай містычнага Цела Хрыстова. Хрышчэнне называюць нараджэннем чалавека ад Бога.
Галоўны знак Таінства хрышчэння - вада. Вада - “калыбель” жыцця, асноўная стыхія, галоўны элемент чалавечага цела. Асвечаная гасподнімі энергіямі, вада абмывае чалавека ад граха і таямніча злучае з Богам. Хрышчаемы трохразова акунаецца ў хрысцільную купель, што таямніча сімвалізуе суўміранне і суўваскрэсенне Хрысту. Як памёр і паўстаў з мёртвых Хрыстос, так услед за Хрыстом паміраем і ўваскрасаем мы.
Таінства хрышчэння поўна глыбокадумных сімвалаў, з дапамогай якіх неспасціжная рэальнасць боскага жыцця выяўляецца ў нашай рэчаіснасці. У хрышчэнні чалавек нараджаецца ў Богу і атрымлівае магчымасць прылучацца Боскім энергіям. Чалавек становіцца часцінкай Бога, часцінкай містычнага Цела Хрыстова, як тлумачыць гэта апостал Павел.

Працягнуць чытаньне "БАЦЬКАМ І ХРОСНЫМ ПРА ТАІНСТВА ХРЫШЧЭННЯ"

11 студзеня 2008 года ў Дзятлаўскім раённым Доме культуры адбыўся адборачны тур фестывалю праваслаўных песнапенняў “Слава ў вышнім Богу”. Сёлета ў ім прыняў удзел 31 хор Навагрудскага, Слонімскага, Дзятлаўскага благачынняў.
На пачатку фестывалю да яго ўдзельнікаў, да ўсіх прысутных у зале звярнуўся настаяцель прыходу храма Прэабражэння Гасподня горада Дзятлава, Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі пратаіярэй Мікалай Пінчук. Ён павіншаваў усіх са светлым святам Ражства Хрыстова. Удзельнікам фестывалю айцец Мікалай пажадаў у першую чаргу прыгожых песнапенняў, паколькі яны ўзвышаюць душу, адчыняюць яе для дабрыні і спагады.
З гэтымі словамі нельга было не пагадзіцца. Сапраўды, песнапенні, якія гучалі падчас фестывалю, пранікалі ў душы слухачоў нібы жывая вада. Напэўна не было ніводнага чалавека ў зале, каго не кранулі словы ўзнёслых песень. Аб гэтым, у першую чаргу, сведчылі слёзы на вачах прысутных у зале.
Словы кожнай з песень, якія гучалі падчас фестывалю, падштурхоўвалі слухачоў да роздуму аб сэнсе жыцця, аб сапраўдных яго каштоўнасцях.
Мерапрыемства падарыла станоўчы настрой і яго ўдзельнікам, і яго гледачам. “Фестываль сапраўды атрымаўся святочны, — зазначыла Святлана Пінчук, рэгент хору прыходу храма Прэабражэння Гасподня горада Дзятлава. –Прагучала столькі прыгожых калядных песнапенняў, асвечаных Ражством Госпада Ісуса”.
“Мерапрыемства прынесла задавальненне, — падзялілася сваімі ўражаннямі Ніна Рудоль, удзельніца народнага хору “Ветэраны ў страі”, — яно дало магчымасць адпачыць душой, паразважаць над шэрагам вечных пытанняў”.
Заключны тур фестывалю праваслаўных песнапенняў “Слава ў вышнім Богу” адбудзецца 16 студзеня ў горадзе Слоніме. Дзятлаўскае благачынне будуць прадстаўляць хоры прыходу храма Прэабражэння Гасподня горада Дзятлава, прыходу храма Успення Прасвятой Багародзіцы гарадскога пасёлка Казлоўшчына, прыходу храма Мікалая Цудатворцы вёскі Нагародавічы, прыходу храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Дварэц.
А. ДУБРОЎСКАЯ.

27 красавіка – Пасха (Вялікдзень)
ДВУНАДЗЕСЯТЫЯ СВЯТЫ
7 студзеня – Ражство Хрыстова
19 студзеня – Хрышчэнне Гасподняе (Вадохрышча)
15 лютага – Стрэчанне Гасподняе (Грамніцы)
7 красавіка – Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы
20 красавіка – Вербная нядзеля (Вербніца)
5 чэрвеня – Узнясенне Гасподняе
15 чэрвеня – Дзень Святой Троіцы — Пяцідзесятніца (Сёмуха)
19 жніўня – Праабражэнне Гасподняе (Яблычны Спас)
28 жніўня – Успенне Прасвятой Багародзіцы (Першая Прачыстая)
21 верасня – Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы (Багач)
27 верасня — Уздзвіжанне Крыжа Гасподняга
4 снежня – Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы

ВЯЛІКІЯ СВЯТЫ
14 студзеня – Абрэзанне Гасподняе і памяць свц. Васілія Вялікага
7 ліпеня – Нараджэнне Іаана Прадцечы
12 ліпеня – святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла (Пятро)
11 верасня – Усекнавенне галавы Іаана Прадцечы
14 кастрычніка – Пакроў Прасвятой Багародзіцы

МНАГАДЗЁННЫЯ ПАСТЫ
Вялікі пост — з 10 сакавіка да 26 красавіка
Пятроў пост — з 23 чэрвеня да 11 ліпеня
Успенскі пост — з 14 жніўня да 27 жніўня
Пост перад Ражством Хрыстовым (Піліпаўка) — з 28 лістапада да 6 студзеня 2008 года

АДНАДЗЁННЫЯ ПАСТЫ
Серада і пятніца на працягу ўсяго года, за выключэннем усяядных тыдняў і Каляднага перыяду
Навячэр’е Богаяўлення (Трэцяя, Вадапосная Куцця) — 18 студзеня
Усекнавенне галавы Іаана Прадцечы — 11 верасня
Уздзвіжанне Крыжа Гасподняга — 27 верасня
УСЯЯДНЫЯ ТЫДНІ (па серадах і пятніцах посту няма)
Калядны перыяд — з 7 да 17 студзеня
Мытара і фарысея — з 18 лютага да 23 лютага
Сырны (Масленічны) – з 3 сакавіка да 8 сакавіка
Пасхальны (Светлы) — з 27 красавіка да 3 мая
Троіцкі — з 16 чэрвеня да 21 чэрвеня

ДНІ АСАБЛІВАГА ПАМІНАННЯ СПАЧЫЛЫХ
Субота мясапусная — 1 сакавіка
Cубота 2-ой сядзміцы Вялікага посту — 22 сакавіка
Субота 3-ай сядзміцы Вялікага посту — 29 сакавіка
Субота 4-ай сядзміцы Вялікага посту — 5 красавіка
Радаўніца (Радаўніцкія Дзяды) — 6 мая
Памінанне спачылых воінаў — 9 мая
Субота Троіцкая — 14 чэрвеня
Субота Дзмітрыеўская (Змітраўскія Дзяды) — 1 лістапада

Духоўныя каштоўнасці Навагрудскай епархіі.

У 1470 годзе ў мястэчку Жыровіцы Гродзенскага краю явілася цудатворная ікона Божай Маці. Адбылося гэта так. У лесе, які належаў праваслаўнаму вяльможы Аляксандру Солтану, пастухі ўбачылі незвычайна яркае святло, якое пранікала скрозь галіны грушавага дрэва, што стаяла над ручаём пад гарой. Калі яны наблізіліся, то ўбачылі на дрэве зусім маленькую ікону Божай Маці ў прамяністым ззянні. Пастухі з любоўю ўзялі ікону і аднеслі свайму баярыну. Солтан не надаў вялікага значэння аповяду пастухоў, але ікону ўзяў і паклаў у куфэрак. На наступны дзень да яго прыйшлі госці, і гаспадар вырашыў паказаць ім знаходку, але, як ні дзіўна, іконы ў куфэрку не аказалася. Праз некалькі дзён усё тыя ж жыровіцкія пастухі знайшлі цудатворны абраз на тым жа месцы і зноў аднеслі яго Аляксандру Солтану. Цяпер ён аднёсся да іконы з большым шанаваннем і даў абяцанне ўзвесці на месцы яе з’яўлення царкву ў гонар Прасвятой Багародзіцы.

Цудоўнае яўленне іконы і цудатварэння, якія адразу ж пачаліся ад яе, зрабілі Жыровічы месцам паломніцтва. Цудатворны абраз прыцягваў да сябе людзей з навакольных сяленняў і далёкіх краёў. І па веры сваёй яны атрымлівалі вылечванні ад цяжкіх хваробаў, дапамогу ў складаных жыццёвых абставінах. Былі і выпадкі ўваскрэшання памерлых, над якімі перад цудатворным абразам здзяйснялі малітвы. Каля драўлянага храма, пабудаванага на месцы яўлення іконы, у якім яна знаходзілася, сталі сяліцца людзі, быў учынены прыход, а ў 1493 годзе — манастыр. У 1520 годзе адбыўся пажар, храм згарэў да рэшткі, нягледзячы на спробы жыхароў справіцца з агнём і выратаваць ікону. Усе вельмі смуткавалі і журыліся, думаючы, што назаўжды страцілі цудатворны абраз Багародзіцы. Але аднойчы сялянскія дзеці, вяртаючыся з манастырскай школы, недалёка ад згарэўшага храма ўбачылі Дзеву незвычайнай прыгажосці, якая сядзела на камяні ў прамяністым ззянні. Дзеці пабаяліся падыйсці да яе, але расказалі бацькам пра ўбачанае. Хутка вестка абляцела ўсё сяленне, і людзі разам са святаром накіраваліся да таго месца. Калі яны наблізіліся да каменя, то ўбачылі на ім запаленую свечку і цудатворную ікону, амаль не пашкоджаную пажарам. Радасць людзей, набыўшых страчаную святыню, была вялікай.

На месцы згарэўшай царквы быў узведзены каменны сабор, асвечаны ў гонар Успення Багародзіцы, у якім цудатворная ікона захоўваецца да нашых дзён. Свята-Успенскі сабор неаднаразова перабудоўваўся і рэканструяваўся. Сучасны свой выгляд ён набыў у другой палове ХІХ стагоддзя.

У гістарычнай літаратуры адлюстраваны цудатварэнні (часам трагічныя) каля каменя, на якім явілася Багародзіца. Зараз на гэтым месцы стаіць Яўленская царква (ХVІІІ ст.), а над каменем — Святы Прэстол.

У 1618 годзе нехта Хрыстафор Галяндэр-Рамптун, які прыехаў са Слоніма ў Жыровіцы са сваёю жонкаю, абыходзячы вакол каменя, на якім явілася Божая Маці, жартоўным тонам сказаў жонцы: ці магчыма, каб на гэтым камені сядзела Багародзіца, як пра гэта расказваюць людзі? Затым абапёрся рукамі ў пальчатках на тое месца каменя, дзе добра быў бачны адпячатак далоні і пальцаў Прачыстай Дзевы. Адразу ж адчуў у руках моцны боль, зняўшы пальчаткі, убачыў, што рукі пажаўцелі і нібы высахлі. Ішлі дні, хвароба ўзмацнялася і не паддавалася лячэнню. Ведаючы прычыну немачы, ён нікому не прызнаваўся ў сваім прыграшэнні. Але жонка ўспомніла пра яго паводзіны ля святыні. Мужчына зразумеў свой грэх і накіраваўся ў Жыровіцы са Слоніма ўжо пешшу. Доўга і шчыра маліўся ля каменя Прасвятой Багародзіцы. Адстаяў заказную літургію. Зноў каючыся, прыкладваўся да каменя. Раздаў шмат міластыні… І ў той жа дзень атрымаў поўнае вылечванне. А ў напамін пра гэта павесіў на сцяне ў царкве выяву рукі, зробленую з воску. Гэтую гісторыю ён расказаў сам праз дваццаць гадоў, калі перасяліўся са Слоніма бліжэй да Жыровічаў у маёнтак Шылавічы…

Яшчэ адзін цуд каля каменя, на якім яўлялася Багародзіца, адбыўся ў час Вялікай Айчыннай вайны. Немцы хацелі выкарыстаць Яўленскую царкву ў якасці склада боепрыпасаў. Божая Маці сама паўстала перад імі і па-нямецку ўгаворвала не рабіць гэтага. Ворагі спрабавалі прагнаць яе, думаючы, што гэта партызанка, але Яна не адыходзіла. Пачалі страляць — стрэлы не прычынілі ніякай шкоды. Тады, зразумеўшы, хто перад імі, воіны адыйшлі (з аповедаў жыровіцкіх старажылаў).

У час той жа вайны, калі нямецкія войскі адыходзілі на захад, аднаму вядомаму артылерысту-бальшавіку загадалі страляць па жыровіцкіх храмах, але ні адзін снарад класнага артылерыста не трапіў у цэль. Спрабавалі бамбіць абіцель, але ў самалёце не спрацоўваў рычаг для бамбёжкі (з аповядаў саміх удзельнікаў).

Сам факт захавання абіцелі, усіх яе храмаў, неспынення манастырскага жыцця ва ўмовах ліхалеццяў, ХХ стагоддзя, калі супраць Праваслаўнай царквы Хрыстовай вялася вайна на поўнае яе знішчэнне, — адно з найвялікшых цудаў, якія здзяйсняліся ад Жыровіцкай іконы Божай Маці.

Працягнуць чытаньне "ЖЫРОВІЦКАЯ АБІЦЕЛЬ"

Газета "Перамога"

Вашай увазе прапануецца электронны варыянт дзятлаўскай раённай газеты "Перамога", а таксама нумары ў фармаце PDF. Выкладзеныя тут артыкулы могуць утрымліваць памылкі, таму звяртаем вашую увагу, што канчатковы варыянт - гэта друкаваная газета, таму і раім вам сваечасова аформіць падпіску на нашае раённае выданне.

Рубрыкі

Каляндар

September 2010
M T W T F S S
« Aug    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Спасылкі на сайты

 Page 2 of 3 « 1  2  3 »
sm контроллер шины. И вот шины бриджстоун интересно, рейтинг шин