18 кастрычніка на хаце пад нумарам 34 у вёсцы Гезгалы прымацавана памятная дошка, якая сведчыць, што тут нарадзіўся і жыў святар Уладзімір Хрышчановіч, далучаны Праваслаўнай царквой да ліку святых.
Вёска Гезгалы. Вуліца ўсцяж возера. Вось тут, у хаце, якая пазначана цяпер нумарам 34, нарадзіўся будучы святар. Было гэта ў 1876 годзе. Пражыў Уладзімір Хрышчановіч 57 гадоў, пражыў па законах божых і людскіх, пражыў так, што і праз многія гады пасля смерці людзі помняць яго імя, яго добрыя дзеі.
У 2000 годзе Праваслаўная царква далучыла святара Уладзіміра Хрышчановіча, забітага за шчырую веру ў Бога, да ліку святых. Пра ўсё гэта цяпер можна даведацца з памятнага надпісу да дошцы. Яе ва ўрачыстай абстаноўцы прымацавалі на сцяне хаты, а асвяціў памятны знак архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый у прысутнасці духавенства, семінарыстаў, жыхароў пасёлка і вёскі Гезгалы.
Гэтая падзея стала асабліва адметная і ўрачыстая для жыхароў гэтай хаты. А жыве тут сям’я Кашко. Фёдар Іванавіч і Валянціна Іванаўна набылі жыллё гадоў 20 таму ў сваякоў святара. Нібы сам святы Уладзімір спрыяў гэтаму: хто б ні звярнуўся, гаспадар прасіў за хату вялікія грошы, а калі на парозе з’явіліся Кашко, аддаў удвая танней.
Выгадавалі Фёдар Іванавіч і Валянціна Іванаўна тут двух сыноў і дачку. Прычакалі ўжо ўнука і ўнучку. Бог надзяліў дзяцей музычным талентам, добрымі галасамі. Як спяваюць Іван і Міхаіл Кашко, ведаюць многія, бо хлопцы часта выступаюць на канцэртных пляцоўках.
Сама Валянціна Іванаўна з’яўляецца пеўчай у Нагародавіцкай царкве. Па словах айца Іаана, настаяцеля храма, Кашко – прыкладныя прыхажане, наведваюць царкву, спавядаюцца, прычашчаюцца.
Такой жа шчырай веры і надалей, жыцця па законах божых, жыцця праведнага, якім жыў Уладзімір Хрышчановіч, пажадаў сям’і Кашко, іх нашчадкам архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый.
– На вас – гонар і абавязак быць прыкладам на гэтай зямлі, — сказаў архіепіскап Гурый. – Дай Бог, каб вы, вашы родныя жылі тут шчасліва!