1 лютага Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка падпісаў Указ № 60 “Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт”. Дакумент, які ўступае ў сілу з 1 ліпеня, мае на мэце абараняць інтарэсы асобы, грамадства ў інфармацыйнай прасторы, развіваць нацыянальны сегмент глабальнай сеткі, рабіць яго больш якасным і даступным.
Інфармацыя пра дзяржаўныя органы і арганізацыі стане даступнай для інтэрнэт-карыстальнікаў.
Рэспубліканскія органы кіравання, мясцовыя выканаўчыя органы, а таксама дзяржаўныя арганізацыі абавязаны змяшчаць інфармацыю пра сваю дзейнасць ў сетцы Інтэрнэт на ўласных афіцыйных сайтах, якія будуць функцыянаваць і своечасова абнаўляцца. Названыя інтэрнэт-сайты афармляюцца на беларускай і (або) рускай мовах, пры неабходнасці таксама на адной ці некалькіх замежных мовах. Афіцыйныя сайты органаў кіравання і дзяржаўных арганізацый павінны змяшчаць інфармацыю пра саму арганізацыю, задачы, функцыі, рэжым работы, кантактныя тэлефоны, адрасы і да т.п. Доступ да інфармацыі будзе свабодным і бясплатным для кожнага інтэрнэт-карыстальніка. Акрамя таго, будзе весціся статыстыка наведвання і ўлічвацца прапановы па ўдасканаленні работы сайтаў.
Правы спажыўцоў у Інтэрнэце – цяпер пад абаронай дзяржавы.
Рэалізацыя тавараў, выкананне работ і аказанне паслугаў з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт павінна ажыццяўляцца:
а) юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія зарэгістраваны і знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь;
б) з абавязковым выкарыстаннем адпаведна зарэгістраваных беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў.