Архіў для ‘На жыццёвых скрыжаваннях’ Катэгорыі

ПРАКАЖОНЫЯ

ПРАЛОГ
Мы не выбіраем бацькоў, сям’ю, радзіму. Мы прыходзім у гэты свет па рашэнні Кагосьці. І шчасце, калі мы нараджаемся ў нармальнай сям’і. Тады ў нас ёсць дзяцінства, падтрымка бацькоў, у нас ёсць любоў — аснова жыцця. Мы, як кветкі пад сонцам, купаемся ў прамянях бацькоўскай пяшчоты, асалодай і шчасцем напоўнены наш дзень. Мы марым пра новыя лялькі і вопратку. І для нас няма нічога недасягальнага — адно наша слова, слёзы на вачах, і жаданне здзейсніцца.
Мы атрымліваем падарункі на кожны наш дзень нараджэння — сапраўднае свята, калі пра нас помняць, нас любяць. Памятаюць кожны наш крок, нават першы, яшчэ такі няўпэўнены.
Нас вучаць, як жыць, даюць нам парады, мы атрымліваем дапамогу. Мы адчуваем, ведаем, што патрэбныя.
У нам ёсць дом, куды мы можам запрасіць сваіх сяброў. Мы не будзем саромецца, робячы гэта. Бо ў доме чыста і ўтульна, у ім вітае водар камфорту.
І гора таму, хто нарадзіўся ў іншай сям’і. Гэта — зусім іншы свет, дзе пануе беспамяцтва. Даволі часта бацькі не помняць, калі дзіця зрабіла першыя крокі, калі ў яго дзень нараджэння. Гэта — зусім не свята, а повад яшчэ раз пагрузіцца ў “асалоду”, якую дае Алкаголь. А дзеці… Яны самі па сабе. Самастойна вучацца жыць і выжываць, слухаюць парады чужых людзей. У блакітных марах гэтых дзяцей — нармальны сон на чыстым ложку, бялізна на якім пахне пральным парашком. Нармальная ежа, а не якая-небудзь пахлёбка
(нібыта ў турме) або засохлы кавалак хлеба.
Прыгатаваная смачная ежа ў іх выклікае здзіўленне. Бацькоўская пяшчота таксама здзіўляе. Такія рэдкія моманты, калі, прачнуўшыся ад алкаголю, бацькі ўспамінаюць, што ў іх ёсць дзеці, у блакітных вачах якіх свеціцца спадзяванне на лепшае. З цягам часу яно змяняецца болем, затоенасцю. У душы накопліваюцца адчай, надзеі і расчараванні, крыўды. На жыццё, на ўвесь белы свет. Спакою не дае пытанне: “За што, чым я горшы?” І ў душы снежным комам нарастае адзінота, якой няма куды прытуліцца.      

Працягнуць чытаньне "ПРАКАЖОНЫЯ"

Летні лагодны вецер ціха шапацеў у кронах дрэваў, якія роўнай “стужкай” раслі абапал дарогі, што пралягла праз вёску. Па ёй павольна ішла пахавальная працэсія, уперадзе якой рухаўся грузавы аўтамабіль. Хавалі адзінага сына старой Агаф’і — Леаніда.
Напрыканцы вёскі працэсія спынілася. Неабходна было памаліцца каля драўлянага крыжа. Ён быў ужо даволі стары, мабыць, ад самоты: вельмі шмат людзей правёў у апошні шлях.
Нязменным заставаўся толькі позірк Багародзіцы, невялікі абраз якой размяшчаўся на крыжы. Здавалася, вочы Прачыстай глядзелі на кожнага са шкадаваннем і разуменнем.
Праз колькі хвілінаў памінальная працэсія накіравалася далей, на могілкі, дзе Леанід знойдзе свой апошні прытулак.
Памінальная служба не зацягнулася. Вяскоўцы, як таго патрабаваў звычай, аддалі даніну памяці, кінуўшы на ўжо апушчаную труну па жменьцы зямлі. Затым няспешна пайшлі дахаты, па сваіх справах і клопатах.
Павольна пайшла дахаты і старая Агаф’я. Зноў праходзячы ля крыжа, яна яшчэ раз паглядзела на абраз Багародзіцы, у позірку якой па-ранейшаму свяцілася шкадаванне.
Вечарам старая Агаф’я сядзела ў хаце. На стале гарэла свечка, агеньчык якой трымцеў, нібы матылёк. Воск павольна сцякаў ўніз, свечка згарала. “Вось так жа павольна згарэла і жыццё Леаніда”, — мільганула думка ў стомленай свядомасці Агаф’і. У душы панавала нейкая паўдрымота, нават не хапала сілы на слёзы. Нібы праз туман, з глыбіняў памяці павольна выплывалі галасы, словы, размовы, твары.
…–Мама, мама, — чуецца Агаф’і дзіцячы голас. Па летнім лузе, які тоне ў водары разнатраўя і кветак, да яе бяжыць маленькі Лёнік. У яго русавалосай галоўцы блукаюць сонечныя праменьчыкі. Падбегшы, сын працягвае Агаф’і свае маленькія рукі. На безабаронных далонях, такіх пяшчотных, што Агаф’і хочацца зноў і зноў іх цалаваць, ляжыць чорны жук. Агаф’я ўсміхаецца , назіраючы як сын радуецца сваёй жывой забаўцы, і супакойвае, калі жук вылятае з яго далоняў . — Не сумуй, кажа яна, — жук паляцеў да сваіх дзетак, якія чакаюць яго вунь там. Рукой яна паказвае на небасхіл. І ўжо забыўшыся пра сваю крыўду, сын ўважліва слухае матуліну казку пра жука і яго дзетак,ад здзіўлення аж кладзе палец у рот.                                              

Працягнуць чытаньне "ЗАГУБЛЕНАЕ ЖЫЦЦЁ"

Тэлеграфавалі з Кіева. Вясёлыя радкі тэлеграмы ўзнімалі настрой Людміле. Унучка Каця з Украіны запрашала на сваё вяселле дзядулю і бабулю. Бойка перабіраючы мініяцюрнымі пальчыкамі па клавіятуры тэлетайпа, тэлеграфістка ўяўляла нявесту ў шыкоўнай белай сукенцы, вэлюме, а побач – дастойны жаніх, гледзячы вачамі, поўнымі кахання на сваю выбранніцу, надзявае ёй на палец заручальны пярсцёнак. Людміла, не заўважаючы сваёй усмешкі, падышла да калегі, каб падзяліцца чужой радаснай навіной. А тая, быццам прадчуваючы нядобрае, папярэдзіла: “Яшчэ далёка да канца змены. Хто ведае, што будзе ў наступнай тэлеграме…”
І сапраўды. Праз некаторы час зноў застракацеў тэлетайп, ды так гучна і настойліва, што Людміле стала не па сабе. Яна хуценька села за яго клавіятуру і перад вачамі пабеглі радкі тэлеграмы: “Галіна загінула трагічна”. А калі прачытала адрас і прозвішча атрымальніка, зашчымела сэрца, нешта абарвалася ўнутры. Яна ведала і загінуўшую, і яе матулю, якая жыве адна і чакае Галіну дамоў. Як, чаму, адкуль такое гора – не ўкладвалася ў галаве тэлеграфісткі. Што сказаць яе матулі, якой яна першая прынясе такую страшную вестку. У вачах стаяла чарнявая прыгажуня Галя, якая пакінула асірацелых дваіх дзетак і мужа інваліда. Людміла маўчала і па яе твары на тэлеграфе здагадаліся: у чыйсьці дом прыйшла вялікая бяда.
Забраўшы абедзве тэлеграмы, Людміла выйшла за парог. Свежы вецер дыхаў летняй спякотай, а на душы быццам ляжаў лёд.
– Куды перш пайсці: туды, дзе весела ці несці вестку аб непапраўным горы ў хату, якую ведала, – разважала пра сябе Людміла і накіравалася да адзінокай матулі, якая, убачыўшы яе, заўсёды радавалася: Людміла цешыла яе прыемнымі весткамі. А сёння…
Такіх выпадкаў за 20 гадоў на тэлеграфе ў Людмілы Садковай было вельмі шмат. Яна да іх і не прывыкла. Няма той меркі, якой можна вымераць чужы боль, пакуты, не гаворачы ўжо пра свае, якія паклалі глыбокі адбітак на душу гэтай мілавіднай жанчыны.                

Працягнуць чытаньне "ЛЮДМІЛА САДКОВА: БЕЛТЭЛЕКАМ. СЭРВІСНЫ ЦЭНТР"

СВЯТЛО НАДЗЕІ

Кацярыне прысніўся сон. Яна трымала на руках маленькую дзяўчынку, сваю дачушку, калыхала яе, пяшчотна туліла да сябе. Нават у сне Кацярына так яскрава адчувала сябе маці, яе перапаўняла бязмежная любоў да гэтага маленькага чалавечка. Яе роднай крывінкі, сэнсу яе жыцця. Маленькая дачушка, укручаная ў ружовыя пялюшкі, усміхалася сваёй матулі, цягнулася да яе.
Затым Кацярына адчувала, як яе дзяўчынку забіраюць халодныя касцяністыя рукі. Як не ўпіраецца жанчына, яна не можа справіцца з сілай гэтых страшных рук, ад якіх сыходзіць магільны холад. — Не аддам, не аддам,– крычыць Кацярына. — Яна мая, мая… А хтосьці вялікі і страшны забірае яе дачку, нясе ў туман. На руках у Кацярыны застаецца маленькі гробік, закручаны ў ружовыя пялюшкі…
Кацярына прачнулася, інтуітыўна схвацілася за свой жывот, у якім зараджалася новае жыццё. Яна абняла яго абеімі рукамі, нібы захінаючы ад той небяспекі, якая навісла над яшчэ ненароджаным дзіцём, была разліта ў гэтай трывожнай ночы. “Божа, не трэба, засталося толькі пяць месяцаў, і мая дзяўчынка з’явіцца на свет. Божа, дапамажы, дазволь мне стаць маці.– у роспачы прасіла Кацярына дапамогі і аховы, адганяла малітвай начны жах. Трохі супакоіўшыся, маладая жанчына заснула. На гэта раз яе нішто не турбавала, не трывожылі начныя страхі. Не прыходзілі яны і на працягу наступнага тыдня, які Кацярына праводзіла ў бальнічнай палаце. Разам з іншымі жанчынамі яна рыхтавалася стаць маці. І трохі з зайздрасцю Кацярына глядзела на тых жанчын, якія ўжо нарадзілі, якія ўжо трымалі на руках свайго сына або дачку. Кацярына так жадала быць на іх месцы. Аднак яе малітвы не былі пачуты, жаданне стаць маці зноўку не спраўдзілася.
У адну з начэй жанчына прачнулася ад страшэннага болю, які нібыта разрываў яе нутро. Разам з кроўю выходзіла новае жыццё маленькага чалавечка, ненароджанага дзіцяці. Яе дзіцяці. За што? За што ўжо ў другі раз на працягу васьмі гадоў яна ізноўку не змагла стаць маці?
… З бальніцы Кацярыну прыехаў забіраць муж. Нібыта нежывая, жанчына выйшла з бальніцы, панура села ў машыну. Кацярына не хацела размаўляць, ехала моўчкі, была ў сваіх думках. Маўчаў і Анатоль, яму таксама было нялёгка.
За што ёй такое пакаранне? За якія грахі? Няўжо ў яе іх больш, чым у астатніх? Яна ж заўсёды старалася жыць па-чалавечы, як таго патрабавалі законы маралі. Толькі вось іншыя іх і ніколі не прытрымліваліся. І нічога. І дзеці ў іх здаровыя, і няма праблемаў з дзетанараджэннем. Вось, напрыклад, яе суседка Томка. Маладая бесклапотная жанчына, хоць ужо і маці дваіх дзяцей. Хлопчык і дзяўчынка растуць здаровыя, нарадзіліся без усялякіх там паталогій. Хаця, калі Томка была цяжарная імі, то не пераставала ўжываць і алкаголь, часам магла дазволіць сабе і цыгарэту. А ў былой аднакласніцы Ларысы ўжо трое дзяцей. Іх выхоўвае бабуля, а Ларыса выпівае, гуляе , бярэ ад жыцця ўсе радасці. І пляваць яна хацела на тыя законы маралі. І з лёгкасцю Ларыса народзіць яшчэ адно дзіця. А яна, Кацярына, не можа гэтага зрабіць. І дзе тая справядлівасць…
Кацярыне было вельмі крыўдна ад гэтых думак. Яна ж у адрозненні ад Томкі і Ларысы была б сапраўднай маці. Няўжо гэтага там, на нябёсах не бачаць? А, можа, яна проста не нарадзілася шчаслівай?
Жанчына міжволі прыгадала свае дзіцячыя гады, гады навучання ў школе. Параўнала сябе з сяброўкай. Кацярыне, каб атрымаць тую пяцёрку ці чацвёрку неабходна было некалькі часоў сядзець над кнігай, амаль на памяць завучваць матэрыял. А яе сяброўцы, каб запомніць, дастаткова было праслухаць матэрыял на ўроку. Такі талент быў у яе ад нараджэння. Быў у сяброўкі і талент падабацца людзям. Кацярына заўважала, што яе сяброўку больш любілі настаўнікі, яна падабалася аднакласнікам. І гэта пры тым, што паступаць яна магла даволі часта зусім не па-чалавечы, магла прынізіць і абразіць.
Нават у сям’і Кацярына адчувала нейкую дыскрымінацыю. Негледзячы на ўсе яе станоўчыя якасці, працалюбівасць, паслухмянасць, мама больш любіла старэйшага брата. Хаця даволі часта менавіта ён быў прычынай яе слёз.
І вось цяпер Кацярына перажывае яшчэ адзін удар: яна ніяк не можа нарадзіць. Ужо два разы на працягу васьмі гадоў замужжа ў яе быў выкідыш. За якія грахі? Яна ж выйшла замуж па каханню, яна ніколі не была распуснай, стала жанчынай толькі пасля шлюбу, яна ж была прыкладнай жонкай?..    

Працягнуць чытаньне "СВЯТЛО НАДЗЕІ"

Маладая дзяўчына ціхенька спявала ля калыскі калыханку свайму маленькаму сыночку. Заглянеш у яе вочы – убачыш шчасце і смутак адначасова. Не кожны зразумее, чаму яны адлюстроўваюць такія розныя пачуцці…
Ганна сябравала з адным хлопцам, кахала яго. Здаецца, і ён яе кахаў. Яны былі разам ужо больш года, добра ладзілі, разумелі адзін аднаго. Абодва былі шчаслівыя. Аднойчы Ганна зразумела, што цяжарная. Доктар пасля агляду падцведзіў яе згадкі. Ганна, крыху збянтэжаная, патэлефанавала з палікліннікі свайму каханаму – хацелася як мага хутчэй падзяліцца з ім такой радаснай навіной:
– Андрэйка, у нас будзе дзіцятка! – казала яна ў трубку дрыжачым ад хвалявання голасам. Але ў адказ пачула нейкае нядобрае “што?”
– Андрэй, ты не рады? У нас с табой будзе дзіця.
– Гэтага яшчэ не хапала! – пачула яна нібы іншага, не яе добрага і ветлівага Андрэйку. – Рабі аборт. Мне яно – не патрэбнае. Я – з другой дзяўчынай. Прабач, раней не сказаў. Не хапала, каб нейкае дзіця пашкодзіла маім адносінам! Ды і ты ж не хочаш застацца адна з малым на руках? Рабі аборт. І забудзь, што я ёсць.
І ўсё – кароткія гудкі. У Ганны сціснулася сэрца ад болю. Яна не памятала, як дайшла дахаты, доўгі час не магла прыйсці да сябе. “Білі” па галаве страшныя словы: “Рабі аборт”. Яна ляжала на канапе, а гарачыя слёзы апякалі твар – слёзы болю, адчаю. Успаміналася, як добра ім было з Андрэем, як гулялі да світання пад зорным небам, той вялізны букет рамонкаў, які аднойчы прынёс ёй пад акно. Успаміналіся яго, як здавалася тады, шчырыя словы: “Я кахаю цябе. Мы заўжды будзем разам”. Абяцаў… А што цяпер? “Я – з іншай дзяўчынай. Я кахаю яе, – усплывалі ў памяці словы, што пачула сёння. – Падмануў мяне. Цяпер другой галаву дурыць. Куды ж толькі падзелася яго бязмежнае каханне?”      

Працягнуць чытаньне "Я ПАДАРУ ЯМУ ЖЫЦЦЁ"

КІДАЮ КУРЫЦЬ!

Я працую мэнеджэрам на адным з салідных прадпрыемстваў. У мяне – любячы муж, цудоўны сынок, а цяпер мы чакаем з’ўлення на свет дачкі. Мабыць, у мяне ёсць усё, аб чым марыць кожная жанчына. Але, думаю, усё магло б быць не такім прыгожым.
У дзяцінстве я была рухавым дзіцём. У чымсьці нават падобная на хлопчыка: лазіла па дрэвах, платах, білася з хлопцамі. Калені заўсёды былі пабітыя, рукі раздрапаныя, часта матуля сварылася са мной за парваныя сукенкі. У вучобе асабліва не вылучалася – не двоечніца, але і не выдатніца. Скончыла адзінаццаць класаў і паступіла ва ўніверсітэт. Вучыцца, прызнацца, не вельмі хацелася. Замест таго, каб рыхтавацца да заняткаў, хадзіла з сябрамі па дыскатэках, гуляла па горадзе з баначкай піва, курыла, ні ад каго не хаваючыся – горад вялікі, людзі тут прывыклі да дзяўчат з цыгарэтай. Мы, студэнты-першакурснікі, адчувалі сябе свабоднымі, самастойнымі – бацькі далёка, мы самі рашалі, што нам рабіць, як паступаць, куды ісці. Я атрымлівала асалоду ад жыцця, не думала пра заўтра.
Зімовую сесію здала без праблемаў, а вось на летняй ледзь не заваліла адзін экзамен – напярэдадні адзначалі дзень нараджэння аднагрупніка і, зразумела, я нічога не паўтарала. Пасля сесіі была практыка. Нас раскідалі амаль па ўсёй рэспубліцы. Я сваю праходзіла ў Жлобінскім раёне. Менавіта гэты час стаў пераломным момантам у маім жыцці. Момантам, калі я шмат чаго пераасэнсавала, паглядзела на жыццё па-іншаму…
Практыка – тры тыдні. На месцы не былі падрыхтаваныя да таго, што я прыеду так хутка, жыллё мне яшчэ не знайшлі. Сакратар памітусілася крыху і, пакуль мяне знаёмілі з “фронтам” работы, нешта знайшла. Яна па незразумелай мне прычыне трошкі нервавалася, сказала, што іх шафёр завязе мяне туды, дзе я буду жыць. А напрыканцы дадала, што гэта толькі на дзень-два, потым знойдуць што-небудзь лепшае. Я толькі паціснула плячамаі села ў машыну і мяне павезлі да майго часовага жылля.
Я зніякавела, ступіўшы ў двор дома, дзе мне давядзецца жыць бліжэйшы час. На паўзгнілай лаўцы ля ганка сядзеў “нехта” у бруднай, падранай вопратцы, падносячы да роту руку, якая траслася як асіна на ветры, з цыгарэтай. Гэтым “нехта” аказалася бабка, на выгляд гадоў сямідзесяці пяці. Убачыўшы мяне, яна неспяшаючыся патушыла

Працягнуць чытаньне "КІДАЮ КУРЫЦЬ!"

Сустрэча была выпадковая. Ніна нават і не меркавала, што яна можа адбыцца: ужо амаль два гады прайшло, як яна апошні раз бачыла гэтага чалавека. Здаецца, не такі ўжо і доўгі прамежак часу, але шмат чаго змянілася. І ў першую чаргу змянілася яна сама, змяніліся яе адносіны да гэтага чалавека, які цяпер стаяў перад ёю, зусім побач.
– Прывітанне, Ніна. – Я вельмі рады цябе бачыць. Столькі часу прайшло… А ты ўсё ж такая — прыгожая, абаяльная, ні кропелькі не змянілася.
– Няпраўда. На гэты раз ты памыляешся. Я змянілася, у тым ліку і ў адносінах да цябе. Ты мне больш непатрэбны, я абыякавая да цябе… — хацелася сказаць Ніне. Але замест гэтага яна прамовіла нейкія нічога не вартыя словы, для ветлівасці спытала пра жыццё. А затым, спаслаўшыся на занятасць, паспяшалася развітацца са сваім субяседнікам, які калісьці быў для яе самым дарагім і блізкім чалавекам.
Ужо ўвечары, седзячы дома, Ніна міжволі прыгадала гэтую выпадковую сустрэчу. Яшчэ некалькі гадоў таму яна не паверыла б, што такое можа быць: сустрэча з Дзімай не ўсхвалявала душу, не прымусіла трапятаць сэрца. Цяпер яна нічога не адчувала да гэтага чалавека. Што ж, уздыхнула Ніна, мама казала праўду: усё ў гэтым жыцці, у тым ліку і каханне, мае пачатак і заканчэнне.
Цяпер ад таго перыяду жыцця засталіся толькі ўспаміны і некалькі фотакартак. І яны таксама ўжо нічога не абуджалі ў душы. А калісьці Ніна гэтым жыла. Найвялікшым шчасцем для яе было бачыць Дзіму, глядзець ў яго вочы, трымаць за руку. Калі даводзілася доўгі час не бачыць каханага, Ніна сумавала, не знаходзіла сабе месца, усё валілася з рук. Тады яна магла па некалькі разоў на дзень тэлефанаваць яму, цікавілася, як у яго справы, як прайшоў дзень. Сяброўка прасіла гэтага не рабіць, тлумачыла Ніне, што такім чынам яна хутка надакучыць Дзіму. Папярэджвала сяброўка і пра тое, што нельга так безразважліва кахаць, неабходна клапаціцца і пра сябе. “Паглядзі, на каго ты стала падобная. Ты перастаеш сачыць за сваёй знешнасцю, закінула ўсё свае інтарэсы. Ты перастаеш быць сама сабой, ператвараешся ў цень – цень Дзімы. Мне і цяпер ужо здаецца, што яго ты перастала цікавіць, а хутка станеш яму і зусім непатрэбная. І увогуле, я табе скажу, што Дзіма – не той чалавек, з якім ты можаш быць шчаслівая, ён – не для цябе. Ён скалечыць тваё жыццё.”
Пра гэта ж гаварыла і мама. Дзіма ёй не падабаўся. “З кім ты сустракаешся? Ён жа нідзе не працуе, і здаецца мне, што ў бліжэйшы час і не збіраецца кудысьці ўладкоўвацца. Даволі часта яго можна бачыць п’яным. Ён – аматар лёгкага жыцця. Апамятуйся, што ж ты робіш?”
Ніна тады не слухала нікога. Яна ідэалізавала свайго каханага, і не магла ўявіць свайго жыцця без яго. Ну і што, што ён не працуе — ён абавязкова ўладкуецца на работу. Ну і што, што ён часам выпівае. Хто не без гэтага? Ён абавязкова выправіцца. Ён жа ёй абяцаў.І Ніна яму верыла, верыла кожнаму слову. І не заўважала, як ён пачаў ёй хлусіць. А, можа, хлусіў з самага пачатку?
Неяк пад час адной з сустрэч Дзіма паведаміў, што ў хуткім часе збіраецца ў горад наведаць сястру. Абяцаў, што доўга не затрымаецца. Вечарам перад развітаннем яны сустрэліся. Менавіта тады Дзіма сказаў, куды сапраўды едзе. Зусім не да сястры, а да іншай дзяўчыны. Гэтыя словы прагучалі як прыгавор. Было вельмі балюча слухаць тыя апраўданні, якія казаў Дзіма, адчуваць сябе нікчэмнай, бездапаможнай, непатрэбнай. Тады Ніна праплакала ўсю ноч, трошкі забылася толькі пад ранне. На наступны дзень, расказваючы пра свой боль сяброўцы, яна вырашыла, што забудзе Дзіму, што не дасць падмануць сябе, калі ён вернецца да яе(негледзячы на ўсё, яна так хацела гэтага), што не прабачыць яго. Але каханне было мацнейшае за гэтыя словы, і ўсё пачалося спачатку.                          

Працягнуць чытаньне "ПЕРАГОРНУТАЯ СТАРОНКА"

Аўтобус павольна рухаўся па наезджанай дарозе. У салоне чулася гаворка. Хтосьці ўтульна ўладкаваўшыся на сядзенні, ціхенька драмаў.
Каля самага акна сядзела маладая жанчына. Здавалася, што яе зусім не цікавіла тое, што адбывалася навокал. Углядаючыся праз акно ўдалеч, яна дзесьці была ў сваіх думках. Да рэчаіснасці пасажырку вярнуў мужчынскі голас: “Каля вас свабодна?”. Атрымаўшы станоўчы адказ, ужо даволі пажылы святар прысеў побач. У хуткім часе спадарожнікі разгаварыліся.
— У вас вельмі засмучаны выгляд, — першы пачаў размову айцец Валерый. — Не да твару ён вам, такой маладой, прывабнай. Ды і чаго ж сумаваць, вясна ж на двары, такая прыгажосць… Усё навокал напаўняецца жыццёвай сілай, энергіяй. А разам з прыродай абуджаецца і душа чалавека, абнаўляецца, скідвае з сябе зімовы цяжар.
— Напэўна, яно і так, — трохі прамаўчаўшы, прамовіла Святлана. — Але ў маёй душы ўжо даўно няма вясны, гармоніі. І ў гэтым вінаватая толькі я. Напэўна, не дае супакою сумленне, якое нагадвае аб маіх жыццёвых памылках…
Кажуць, што ўсё ў гэтым жыцці не адбываецца проста так. Мабыць, і сённяшняя сустрэча з вамі — нейкі знак для мяне, нейкая неабходнасць. Мне патрэбна выгаварыцца, можа стане трошкі лягчэй на душы.
Мабыць, мой аповяд будзе трохі сумбурны. Але я спадзяюся, што вы выслухаеце яго.
Трохі памаўчаўшы , Святлана пачала сваю “дарожную” споведзь:
— Ведаеце, айцец Валерый, мне нялёгка гаварыць аб сваіх жыццёвых памылках — адчуваю сорам. Я вінаватая перад сваімі бацькамі. “Паважай маці сваю і бацьку свайго” — гаворыцца ў адной з запаведзяў. А для мяне яе доўгі час не існавала…
Я — адзінае дзіця ў сям’і. Доўгачаканае, вымаленае ў нябёсаў. Калі я нарадзілася, маме было ўжо сорак пяць гадоў. Бацькі спадзяваліся, што я стану суцяшэннем, надзеяй і апорай у старасці. Але атрымалася наадварот — я стала прычынай болю і слёз.
Падрастаючы, я пачала саромецца, цурацца сваіх бацькоў. Асабліва гэта праявілася ў старэйшых класах. Я зайздросціла сваім сяброўкам, аднакласнікам, у якіх былі яшчэ маладыя бацькі. Мае ж — старыя. Часам незнаёмыя людзі меркавалі, што гэта мае бабуля і дзядуля.

Працягнуць чытаньне "ДАРОЖНАЯ СПОВЕДЗЬ"

На працягу летніх канікул дзяржаўтаінспекцыяй Дзятлаўскага РАУС праводзіліся сустрэчы з дзецьмі ў лагерах адпачынку. З пачаткам навучальнага года размовы інспектараў з непаўналетнімі вядуцца ў школах. Асноўная іх тэма — захаванне правілаў паводзін на дарогах і абазначэнне сябе святлоадлюстроўваючымі элементамі ў цёмны час сутак.
Дарэчы, праблема нашэння флікераў набывае сваё значэнне з надыходам асенне-зімовага перыяду і памяншэннем светлавога дня. Па вечарах, калі ўжо цямнее, большасць людзей вяртаюцца дамоў з работы, узрастае колькасць транспарту і пешаходаў на вуліцах горада. У пешаходаў не заўжды атрымліваецца рухацца па тратуарах, даводзіцца выходзіць і на праезджую частку дарогі. Па гэтай прычыне проста неабходна абазначаць сябе флікерам. Парушальнікаў чакае штраф — 15500 рублёў, а нецвярозыя пешаходы заплацяць больш — 93000 рублёў.
Хацелася б напомніць і вадзіцелям аб неабходнасці захавання правілаў дарожнага руху пры праездзе праз пешаходныя пераходы, а таксама, каб былі ўважлівымі на дарозе і падпарадкоўваліся патрабаванням дарожных знакаў, у адваротным выпадку парушальніку прыйдзецца заплаціць штраф да пяці базавых велічыняў.
Дзяржаўтаінспекцыя Дзятлаўскага РАУС.

Ідуць гады. Час няўмольна бяжыць уперад. І толькі памяць, нібыта скарбонка, захоўвае тое, што было, ўсё тое, з чаго склалася жыццё.
Слухаючы аповяд Надзеі Пятроўны Жэгала, жыхаркі пасёлка Наваельня, я думала: “Які цікавы лёс. Столькі ўсяго перажыта, столькі дарог пройдзена”. Сапраўды, ёсць што ўспомніць, ёсць што прыгадаць.
Свой аповяд Надзея Пятроўна пачала з успамінаў аб малой радзіме — мястэчку Бабінавічы, што на Віцебшчыне. Што можа быць лепш дарагіх сэрцу краявідаў. Мінула шмат часу, але жанчына помніць чаромху каля хаты, касцёл, што велічна размясціўся на ўзвышшы. А вакол яго раскінуўся бярозавы гай.
Надзея Пятроўна нарадзілася і выхоўвалася ў звычайнай сялянскай сям’і. Бацькі, Пётр Савельевіч і Усціння Пятроўна Рудаковы, гадавалі траіх дзяцей у павазе, цеплыні і пяшчоце. З малых гадоў прывучалі да працы. Жыццё ў вёсцы цякло няспешна, пакуль не ўмяшалася вайна. Вестка аб ёй данеслася з рупара, што знаходзіўся каля пошты. Надзеі ў 1941 годзе ішоў толькі шаснаццаты год. З пачаткам вайны ў адзін момант абарваліся мары, ураз абарвалася бесклапотнае юнацтва.

Працягнуць чытаньне "ВЯЛА ПА ЖЫЦЦІ НАДЗЕЯ"

Газета "Перамога"

Вашай увазе прапануецца электронны варыянт дзятлаўскай раённай газеты "Перамога", а таксама нумары ў фармаце PDF. Выкладзеныя тут артыкулы могуць утрымліваць памылкі, таму звяртаем вашую увагу, што канчатковы варыянт - гэта друкаваная газета, таму і раім вам сваечасова аформіць падпіску на нашае раённае выданне.

Рубрыкі

Каляндар

March 2010
M T W T F S S
« Feb    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Спасылкі на сайты

 Page 1 of 2  1  2 »