Архіў для ‘Нашыя знакамітыя землякі’ Катэгорыі

Такія імёны, як свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хрышчановіча, ураджэнца вёскі Гезгалы, архіепіскапа Феафана Семянякі з Дзятлава, павінны ведаць дзятлаўчане. Аб гэтых падзвіжніках варта гаварыць у школе. Яны не зганьбілі сваю малую радзіму, дзе нарадзіліся, а праславілі яе сваім подзвігам. Да канца выстаялі, не збаяўшыся нават смерці. Яны даказалі, што сапраўдныя хрысціяне. І дзякуй Богу, што на Дзятлаўскай зямлі ёсць святыя, якія нябачна моляцца аб сваіх суайчынніках. І гэта найперш – Феафан, архіепіскап Мінскі і Беларускі. Ён стаяў на чале Беларускай праваслаўнай царквы ў вельмі цяжкі час, у 30-я гады, цвёрда і мужна выконваў свой абавязак святара і чалавека.
Архіепіскап Феафан, (у міры – Мікалай Адамавіч Семяняка), нарадзіўся ў Дзятлаве 6 студзеня 1879 года, у сям’і пісара. Бацькі дапамаглі яму атрымаць добрую адукацыю. Мікалай закончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча і Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні. Згодна запісаў метрычных кніг Свята-Барыса-Глебскай царквы вёскі Накрышкі, ён пасля заканчэння семінарыі служыў тут з 1904 па 1905 год псаломшчыкам. 14 лістапада 1905 года быў рукапакладзены ў сан свяшчэнніка.
У розных мясцінах, дзе давялося быць святаром Мікалаю Адамавічу Семяняку, ён сумленна выконваў свае абавязкі свяшчэнніка і духоўнага настаўніка. Калі пачалася Першая сусветная вайна, ён разам з насельнікамі манастыра эвакуіраваўся ў Тыфліс (Грузія), дзе служыў свяшчэннікам у Тыфліскім саборы. Затым пераехаў у Севастопаль, дзе давялося служыць свяшчэннікам у Севастопальскай міннай школе.
Месца служэння айца Мікалая ў час грамадзянскай вайны дакументальна пацвердзіць не ўдалося.                        

Працягнуць чытаньне "АРХІЕПІСКАП ФЕАФАН – НЯЗЛОМНЫ СВЯТАР"

Далёкі ўжо 1967 год. У адзін з кабінетаў Новага замка ў Гродне, дзе размяшчаўся абкам партыі, прыйшоў тады новы работнік. Гэта быў чалавек, лічы, юнацкага ўзросту, яму не было і трыццаці. Так у юбілейным па кастрычніцкаму каляндару годзе адказнае крэсла ў сельгасаддзеле абкама заняў сын з сялянскай сям’і Аляксей Яновіч. Ураджэнец дзятлаўскай вёскі Зачэпічы, ён перад гэтым станоўча паказаў сябе на пасадзе старшага, затым галоўнага агранома Гродзенскага аблсельдзяржпраўлення.
Мне выпала пазнаёміцца з А. Яновічам, калі ён як намеснік загадчыка сельгасаддзела курыраваў прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу Гродзеншчыны.
А ад знаёмых старшынь калгасаў, журналістаў не раз чуў добрыя водгукі пра Аляксея Аляксандравіча як пра кампетэнтнага спецыяліста, прыстойнага кіраўніка. Падобную ацэнку нечакана пачуў і ад Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. У той час я працаваў рэдактарам Мастоўскай газеты “Зара над Нёманам”. Ля гасцініцы, якая была побач з рэдакцыяй, сустрэўся з вядомым празаікам. Цёпла прывіталіся, сталі размаўляць. Васіль Уладзіміравіч паведаміў, што ён і яго сябра Аляксей Карнюк наведалі шэраг калгасаў вобласці. Апекаваўся ж у той паездцы пісьменнікамі Аляксей Яновіч.
– Разумны і прыстойны чалавек, — характарызаваў А. Яновіча В. Быкаў. – І цікавы суразмоўца. Словам, мудры сын вёскі. Важна падкрэсліць наступнае: якія б высокія пасады не займаў А. Яновіч, ён заўжды заставаўся простым і даступным чалавекам. Помню сустрэчы з ім у Лідзе, калі Аляксей Аляксандравіч наведваў старажытны горад разам з прэм’ер-міністрам Вячаславам Кебічам. Сталічны чыноўнік першым стараўся павітацца са знаёмымі людзьмі, распытваў пра землякоў-таварышаў, прасіў перадаць ім прывітанні.
У снежні (18.12.2009г.) нашчадку сялянскага роду споўнілася 70 гадоў. З гэтай нагоды шчырыя віншаванні і найлепшыя пажаданні шлюць Аляксею Аляксандравічу не толькі дзятлаўчане, а і многія людзі з іншых раёнаў, якім давялося ведаць А. Яновіча па рабоце. У ліку іх нямала і лідчан. А мнепрацуючы над гэтымі нататкамі, падумалася вось аб чым. Не толькі знакамітымі паэтамі Пятрусём Гранітам, Васілём Струменем і Герасімам Праменем, славяцца Зачэпічы. Яскравы прыклад таму – жыццёвы шлях юбіляра. А напрыканцы застаецца сказаць: такіх людзей выхавала працавітая, сумленная і патрыятычная вёска.
Аляксандр ЖАЛКОЎСКІ,
г. Ліда.

Беларускі і ўкраінскі пісьменнік. Так гаворыцца пра Васіля Струменя ў энцыклапедычных выданнях і каляндарах, у іншых публікацыях. І гэта справядліва, бо жыццё і творчасць паэта – барацьбіта цесна звязаны з зямлёю і народамі дзвюх суседніх краін. Ён вырас у прынёманскай вёсцы Зачэпічы (зараз Дзятлаўскі раён), тут уключыўся ў нацыянальна-вызваленчыю барацьбу за волю і лепшую долю працоўных Заходняй Беларусі, тут загаварыла яго сэрца паэта.
Васіль Струмень псеўданім Аляксандра Мікалаевіча Лебедзева. Ён нарадзіўся 1 красавіка 1914 года ў Кастрамской вобласці, яго бацька Мікалай Лебедзеў загінуў на фронце Першай сусветнай вайны. Праз колькі гадоў маці маленькага Сашы выйшла замуж за беларуса Паўла Івашэвіча і іх сям’я пераехала ў Зачэпічы. У гэтай вёсцы ў 14-гадовым узросце юнак закончыў сямігодку і неўзабаве ўключыўся ў падпольную барацьбу. Адразу ж вызначыўся як сакратар вясковай камсамольскай ячэйкі, у хуткім часе стаў камуністам, членам Дзятлаўскіх падпольных райкамаў КСМЗБ і КМЗБ.
Змаганне за праўду і лепшае жыццё народа гуртавала людзей. Тады, у 30-х гадах мінулага стагоддзя, і пасябраваў А. Лебедзеў са сваімі аднадумцамі Іванам Івашэвічам і Іванам Пышкам, таксама паэтамі. Першы выступаў пад псеўданімам Пятрусь Граніт, другі вядомы ў літаратуры як Герасім Прамень. Такое суквецце творцаў дало падставу Уладзіміру Калесніку назваць Зачэпічы гняздом паэтаў.
Першы верш В. Струменя “Наша доля” надрукаваны ў падпольнай газеце “Малады камуніст” у 1931 годзе. Затым яго паэтычныя творы змяшчаліся ў іншых беларускіх выданнях Вільні. У іх аўтар пісаў пра цяжкае жыццё і нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі. У пасляваенныя гады пісьменнік часта выступаў у беларускім і ўкраінскім друку. І тут варта зноў вярнуцца да біяграфіі земляка. Змагар, жывучы ў Зачэпічах, а пазней працуючы на шклозаводзе “Неман”, шматразова падвяргаўся за сваю дзейнасць праследаванням з боку тагачасных польскіх уладаў, быў зняволены ў турмах Глыбокага, Ліды, Вілейкі. Пасля чарговага тэрміну быў аддадзены ў салдатчыну, у Лідскі 77-ы полк пяхоты. Але нескароны рэкрут вёў сярод жаўнераў непажаданую для камандзіраў агітацыю. І зноў рэпрэсіі. А ў 1938 годзе разам з бацькамі В. Струмень пераехаў у Заходнюю Украіну.                            

Працягнуць чытаньне "ЗАРУЧАНЫ З ВАЛЫННЮ І ПРЫНЁМАННЕМ"

Стаяў летні спякотны дзень. Сонца іграла яркімі промнямі і, здавалася, не хапае паветра. У такі час заўсёды хочацца схавацца ў цянёк, падыхаць водарам лістоты, што раскінулі дрэвы, палюбавацца кветкамі, якія палымнеюць рознакаляровым дываном на клумбах. Любіць Віктар Анісімаў гэтую пару года. Таму яго часта можна бачыць на лаўцы ля пад’езда (а жыве ён у Дзятлаве, ва ўтульнай з усімі зручнасцямі кватэры). У адзіноце ёсць магчымасць падумаць, успомніць, параўнаць. А калі сустрэнецца тут з суседзямі – спрачаюцца пра палітыку, вядуць гаворку пра набалелыя праблемы. Віктар Андрэевіч вельмі любіць і сам расказаць, і людзей паслухаць.
Неяк, седзячы на лаўцы, прыпыніў ён і мяне. Жывём мы з ім па-суседску. Часта бачымся, але пры кожнай сустрэчы знаходзім аб чым пагаварыць.
– Збіраюся ў санаторый для ветэранаў. У Бараўляны паеду, — дзеліцца радаснай навіной мой сусед. – Схадзіў на рынак, прыкупіў неабходныя рэчы. Можа ты возьмеш на час майго ад’езду гаючы марскі рыс. Прападзе без догляду. Глядзіш і табе спатрэбіцца для здароўя. А каб пераканалася ў яго гаючай сіле – пазнаёмімся з анатацыяй. Яе я маю.
За апошнія гады трэці раз запар ездзіць ветэран вайны папраўляць сваё здароўе. Уласна кажучы, ведаючы шмат гадоў Віктара Андрэевіча і яго ўзрост, можна пазайздросціць малажавасці гэтага чалавека. Ні цяжкія гады ваеннага ліхалецця, ні пакутлівыя дзяцінства і юнацтва, ні пражытае жыццё не паклалі асаблівага адбітку на яго твары. Заўсёды акуратны, энергічны, жыццярадасны. Так і хочацца лішні раз пажартаваць: Віктар Андрэевіч, вашы пашпартныя дадзеныя не адпавядаюць сапраўднасці. І здароўем Бог не абдзяліў, а падтрымліваць яго ў норме – асабісты інтарэс. Літаральна мінулым летам, спрытна перакінуўшы нагу праз раму спартыўнага веласіпеда, ездзіў ветэран на дачу, што ў “Беразіне”. Там у яго добры ўчастак зямлі, вырас сад, ёсць шмат кустоў чорных і чырвоных парэчак. А што значыць пабыць на прыродзе, палюбавацца яе прыгажосцю (яе ў горадзе мы менш прыкмячаем), папрацаваць па магчымасцях на зямлі. Кожную раніцу трушком бяжыць на агарод каля хаты (тут мае невялікую градку). І ўсё подбегам, каб усюды ўправіцца.
Вось з такіх людзей нам трэба браць прыклад: як жыць, як працаваць, як даражыць жыццём. Голад і холад даваеннага часу, страшныя пакуты ў час вайны, нянавісць да ворага, вялікае жаданне перамагчы загартоўвалі ветэранаў, умацоўвалі іх волю. Не было магчымасці расслабляцца і пасля вайны: аднаўлялі разбураную гаспадарку.
Віктар Андрэевіч Анісімаў са Шклоўскага раёна, што на Магілёўшчыне. Рос у шматдзетнай сям’і. Бацькі былі парабкамі ў пана. Пазней з’явілася магчымасць завесці такую-сякую гаспадарку, пабудавалі хату, пакрылі гонтай (а гэта ўказвала на той час на дастатак). Ледзь, як кажуць, крыху ўзбіліся на ногі, як сям’ю прызналі кулацкай і выслалі на Урал.
За што? Віктар Андрэвіч і цяпер не можа супакоіцца і зразумець, забыцца пра той жахлівы час. Бацькі працавалі на лесараспрацоўках, у хуткім часе дзеці засталіся сіротамі. Яго, як і яшчэ 6 братоў і сёстраў, выхоўвалі ў дзіцячым доме.
Калі споўнілася 16 гадоў, пайшоў працаваць. Навучыўся слясарнічаць, асвоіў такарную справу. Тут, на Урале яго нічога не трымала і ён вырашыў паглядзець свет. Едзе ў г. Марыупаль, уладкоўваецца на завод. Дысцыпліна была вельмі строгая. За 20 хвілін спазнення, звальнялі з работы. Віктар Андрэевіч заўсёды вызначаўся працалюбствам, сумленнасцю, знаходлівасцю.                              

Працягнуць чытаньне "САЛДАТ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ"

1 лістапада спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Адамчыка – класіка беларускай літаратуры, нашага земляка.
Вячаслаў Уладзіміравіч Адамчык нарадзіўся 1 лістапада 1933 года ў вёсцы Варакомшчына ў сялянскай сям’і. Яму было ўсяго шэсць гадоў, калі адбылася адметная падзея ў жыцці людзей, сярод якіх ён гадаваўся, уз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі. Яму ішоў толькі восьмы год, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая пазбавіла яго пакаленне шчасця дзяцінства. Што можна запомніць у такія гады? А запомнілася многае і надоўга. Якраз столькі, каб на ўсё, што пішуць пра той час, мець свой уласны погляд.
Потым была вучоба ў сямігодцы, работа грузчыкам на станцыі Наваельня і вучоба ў вячэрняй школе, шчаслівыя студэнцкія часы і першыя спробы пяра, праца ў газетах, выдавецтвах і клопатныя пошукі сваёй сцяжыны ў літаратуры. Ёсць у В. Адамчыка раннія апавяданні пра маладога сучасніка, падобнага шмат чым на герояў іншых беларускіх празаікаў, аднагодкаў Адамчыка. Але было ў гэтага юнака і нешта такое, што вылучала яго. І найперш – памяць пра родны куток і пра людзей, жыццё якіх ведаў найлепш, якіх разумеў і моцна любіў. Творам пісьменніка наканавана доўгае жыццё, бо ў іх жыве подых народнага эпасу, подых жывога жыцця.
Калі пачынаеш гаварыць пра чалавека, пісьменніка, творцу такой велічыні, як Вячаслаў Уладзіміравіч Адамчык, думаецца: якое шчасце, што табе давялося некалі сустрэцца з гэтым чалавекам, размаўляць з ім, бачыць яго шчырыя, трохі сумнаватыя вочы і назаўсёды запомніць словы: “Пакланіцеся ад мяне маёй зямлі, маёй Дзятлаўшчыне…” Толькі з цягам часу пачынаеш разумець, што значыла для пісьменніка родная зямля, рэчка Ятранка, якой прысвяціў апавяданне “Жывая вада”, родныя пералескі, неаднаразова апісаныя ў творах, камень каля вёскі, што стаў сімвалам прыцягальнасці і непаўторнасці роднай вёскі Варакомшчына. Толькі блізка пазнаёміўшыся з творчасцю пісьменніка, дзесяткі разоў перачытаўшы “Чужую бацькаўшчыну”, рыхтуючы вучняў да напісання творчых і навуковых працаў, зразумела – мы не хутка ўсвядомім, што мелі ў асобе Адамчыка, якой ён глыбай быў у нашай літаратуры, які непаўторны і арыгінальны твор пра жыццё Заходняй Беларусі пакінуў наступным пакаленням. Такое наўрад ці магчыма паўтарыць…                              

Працягнуць чытаньне "ПОМНІМ І ШАНУЕМ ЯГО ІМЯ"

Да 95-годдзя з дня нараджэння Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча, стваральніка і першага дырэктара Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.
У 1967 годзе Міхаіл Фёдаравіч Петрыкевіч быў запрошаны ў Дзятлава стварыць музей. І ўжо праз год экспазіцыя была адчынены для наведвальнікаў. Усё, што знайшло тут прапіску, па драбніцах сабрана ім. Так цярпліва і настойліва, так мэтанакіравана і ашчадна сабраць музейныя рэчы мог толькі чалавек, які глыбока і самааддана любіў свой край, Бацькаўшчыну, свой народ.
Міхаіл Фёдаравіч Петрыкевіч нарадзіўся 31 ліпеня 1913 года ў вёсцы Падкасоўе Навагрудскага раёна ў сялянскай сям’і. Бацька меў зямлю, але дастатку не было. Трывожыла думка, як будуць жыць пяцёра дзяцей,калі давядзецца падзяліць бацькавы загоны на пяць частак. Можа таму і вырашылі ў сям’і, каб хаця адзін з дзяцей здабыў адукацыю, пайшоў на свой хлеб і адмовіўся ад дзяльбы спадчыны. Гэты выбар – вучыцца — дастаўся

Працягнуць чытаньне "НАРОДЖАНЫ ВЕЧНАСЦЬ ТВАРЫЦЬ"

Субота. 17 мая. Пасляабедзенны час, у гімназіі ўжо амаль нікога няма. У гэтай нязвыклай цішыні чуюцца з вуліцы гукі жалобнага марша. Гэта праводзяць у апошні шлях Абрама Якаўлевіча Каплана. Мы, хто быў у настаўніцкай, выходзім на вуліцу, каб развітацца з гэтым слаўным чалавекам.
Гляджу ўслед жалобнаму картэжу і думаю: “Легенды не паміраюць…”. А ён, сапраўды, быў легендай Дзятлава, усім знаёмы чалавек яўрэйскай нацыянальнасці, усмешлівы і прыветлівы да людзей. Ён пражыў сярод нас, дзятлаўчан, доўгае і, спадзяюся, шчаслівае жыццё, жыў па запаведзі “усе людзі — браты”. Апошні карэнны яўрэй нашага мястэчка, які застаўся тут пасля вайны, не захацеўшы паехаць з маці і братамі ў далёкую Амерыку, жыў у міры і згодзе з усімі, не патрабаваў ніякіх узнагародаў і рэгалій за перажытае падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Пазнаёміцца з Абрамам Якаўлевічам Капланам мне давялося гадоў дзесяць таму, калі мы з Жаннай Славаміраўнай Нагавонскай, тады абедзьве настаўніцы трэцяй дзятлаўскай школы, завіталі да яго, каб напісаць нарыс пра апошняга карэннага яўрэя Дзятлава. Тады давялося пра многае пачуць упершыню. Абрам Якаўлевіч расказаў нам пра гета, якое ў 1941-1942 годзе размяшчалася ў цэнтры Дзятлава, пра забойствы яўрэяў і смерць свайго бацькі, пра шчасце выратавання астатніх членаў сям’і, пра пакуты падчас жыцця ў партызанскім лесе. Проста, шчыра падзяліўся ўсім, што перажыў, перадумаў тады і пазней, пасля вайны.
Гэтая сустрэча стала пачаткам сяброўства з добрым і спагадлівым чалавекам, які часта прагульваўся па Дзятлаве, любіў пагаварыць са знаёмымі, распытаць пра жыццё, пра ўдачы і няўдачы, паспачуваць. Ён меў вялікі вопыт чалавека Свету, які ўмее любіць людзей, жыць з імі ў міры і згодзе, і таму можа знайсці для кожнага цёплае слова.
А летам 2007 года нам пашанцавала пазнаёміцца з “амерыканскім” братам — Майкам Капланам і яго ўнукамі, якія сталі гасцямі нашага гімназічнага музея. Кідалася ў вочы павага Майка да старэйшага брата, вялікае шанаванне, нават нейкая ўзнёсласць, з якой брат ставіўся да Абрама Якаўлевіча.
Дзякуючы Капланам, мы зразумелі, хто такія яўрэі, якія рысы характару ўласцівы ім, чым яны жывуць, што больш за ўсё цэняць у людзях. Думаецца, што найлепшай рысай у гэтай нацыі з’яўляецца жыццялюбства, уменне радавацца кожнай хвіліне, дараванай жыццём, уменне жыць з надзеяй у заўтрашні, лепшы дзень. Такім у поўнай меры быў Абрам Якаўлевіч Каплан. Цудоўны муж, бацька, дзядуля, проста чалавек, які нёс дабро.
Няхай зямля будзе яму пухам! Бо гаворыцца так: “Як жыў ты на гэтым свеце, такую і смерць заслужыў сабе…”
А. АБРАМЧЫК,
настаўніца гімназіі № 1 г. Дзятлава.

(да 60-годдзя з дня нараджэння загадчыка кафедры БДУ, прафесара, доктара фізіка-матэматычных навук)
Міхаіл Міхайлавіч Кугейка нарадзіўся 3 красавіка 1948 года ў вёсцы Погіры. Вучыўся ў Погірскай пачатковай школе, пазней — у школе-васьмігодцы ў Норцавічах. У 1963 годзе Міхаіл закончыў 8 класаў СШ №2 і паступіў у Мінскі аўтамеханічны тэхнікум, пасля заканчэння якога працаваў на Мінскім аўтазаводзе інжынерам-тэхнолагам. У 1968 годзе Міхаіл Кугейка стаў студэнтам фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1971 года пачынаецца яго працоўная і навуковая дзейнасць у БДУ: спачатку тэхнікам на кафедры ядзернай фізікі, пазней — навуковым супрацоўнікам у навукова-даследчым інстытуце прыкладных фізічных праблем пры БДУ.
У 1984 годзе Міхаіл Міхайлавіч абараніў дысертацыю на атрыманне вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук. З 1988 года працаваў на кафедры квантавай радыёфізікі і оптаэлектронікі БДУ. У 1994 годзе Міхаіл Міхайлавіч абараніў доктарскую дысертацыю. З верасня 1997 года ён з’яўляецца загадчыкам кафедры квантавай радыёфізікі і оптаэлектронікі БДУ. У 2003 М. М. Кугейка было прысвоена званне прафесара па спецыяльнасці “Фізіка”. Разам з педагагічнай дзейнасцю Міхаіл Міхайлавіч актыўна займаецца навуковай працай. Ён — аўтар дзвюх манаграфій, трох вучэбных дапаможнікаў, больш трохсот навуковых вучэбна-метадычных публікацый, з якіх звыш пяцідзесяці — аўтарскія пасведчанні і патэнты на вынаходніцтва.
Заслугі М. М. Кугейкі адзначаны Ганаровымі граматамі Міністэрства асветы Рэспублікі Беларусь, БДУ, стыпендыяй і персанальнай надбаўкай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за навуковую і педагагічную дзейнасць.
Т. ПАЛХОВІЧ,
навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Да 60-годдзя з дня нараджэння беларускага мастака В.І. Ражко.
Вікенцій Іванавіч Ражко нарадзіўся 28 лютага 1948 года ў вёсцы Гярбелевічы Дзятлаўскага раёна ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Маляваннем захапляўся з самага дзяцінства. З маленства была і мара- стаць мастаком. У 9-10 класах Вікенцій упершыню атрымаў урокі прафесійнага майстэрства ад мастака -педагога Уладзіміра Іосіфавіча Жука, які прыехаў з Мінска на працу ў Казлоўшчынскую школу. Вікенцій Іванавіч і цяпер успамінае гэтага чалавека з вялікай удзячнасцю.
У 1966 годзе Вікенцій паступіў на мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута. Вучыўся майстэрству жывапісу маслам ў вядомага беларускага мастака А.В. Някрасава. Акварэль у інстытуце выкладаў адзін з заснавальнікаў беларускай акварэлі Ф.Ф. Гумен. Таму Вікенцій Іванавіч атрымаў грунтоўныя веды і падрыхтоўку ў галіне выяўленчага мастацтва. Ужо ў студэнцкія гады юнак прымаў удзел у шматлікіх мастацкіх выставах.
Пасля заканчэння педінстытута Вікенцій Іванавіч працаваў выкладчыкам выяўленчага мастацтва ў СШ № 1 гарадскога паселка Зельва. У 1975 годзе пераехаў у Ваўкавыск , дзе да 1992 года працаваў мастаком ў філіяле Гродзенскіх мастацка-вытворчых майстэрняў. А з 1992 па 1994 — у СШ № 6 Ваўкавыска.З 1994 года Вікенцій Іванавіч выкладае выяўленчае мастацтва ў Ваўкавыскім каледжы.
У 1991 годзе Вікенцій Іванавіч стаў членам Саюза мастакоў СССР і Беларусі. Асноўны жанр творчасці мастака — пейзаж(акварэль), таксама ён піша партрэты, бытавыя кампазіцыі. Сярод яго твораў — “ Цёплая раніца”, “ Пейзаж з храмам”, “ Пасля дажджу”, “ Плавіцца лета”, “ Трывожная ноч”, “ Восеньскія сполахі”, “ Партрэт сястры” (прысвечаны сястры Яніне, якая жыве ў Казлоўшчыне) і іншыя.
Свет, адлюстраваны на карцінах Вікенція Іванавіча- гэта свет ціхага смутку і чароўнасці. Дзякуючы настойлівай працы , пастаяннаму пошуку мастак авалодаў сакрэтамі акварэльнага жывапісу. Менавіта ў акварэлі, дзякуючы асаблівасцям яе выяўленчых магчымасцяў , музычнай тонкасці і празрыстасці Вікенцій Іванавіч знайшоў сваё прызванне.
Вікенцій Іванавіч — ўдзельнік абласных , рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выстаў. Але мастак не спыняецца на дасягнутым — і ў далейшым плануе ствараць цудоўныя творы, радаваць прыхільнікаў жывапісу.
Т. ПАЛХОВІЧ,
навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

З нашым земляком Дзмітрыем Шмігіным давялося сустрэцца зусім нядаўна ў Гродне на плацу 6-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, калі маладыя салдаты чарговага прызыву ва ўрачыстай абстаноўцы прымалі Прысягу на вернасць беларускаму народу і свайму воінскаму абавязку. У іх ліку быў і Дзмітрый.
З таго моманту, калі салдаты-навабранцы сталі ў армейскі строй і да дня прыняцца Прысягі не прайшоў і месяц. І таму асабліва было прыемна бачыць, што Дзмітрыя Шмыгіна тут за гэты час ужо заўважылі. На мітынгу, што адбыўся з гэтай нагоды ў часці з удзелам шматлікіх гасцей, менавіта яму было прадастаўлена пачэснае права запэўніць камандзіраў і ўсіх прысутных у тым, што яны, маладыя салдаты, стрымаюць дадзеныя толькі што словы Прысягі і прадоўжаць добрыя традыцыі сваіх папярэднікаў.
А са словамі віншавання і самых найлепшых пажаданняў да маладога папаўнення звярнулася… маці Дзмітрыя — Людміла Мікалаеўна, якая працуе бухгалтарам ў аддзеле адукацыі райвыканкама.
А цяпер крыху больш падрабязней пра кожнага з іх і іх асабістыя ўражанні, разважанні. Дзмітрый — выпускнік Мінскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Танка. З улікам таго, што мае вышэйшую адукацыю, служыць ён будзе толькі год.
— Я даволі хутка асвоіўся ў новай для мяне абстаноўцы, так жа хутка прызвычаіўся да строгага, дакладнага рытму армейскага жыцця, — гаворыць радавы Шмыгін. — Мяркую, што і ў службе ўсё будзе найлепшым чынам. Тым больш, што салдатам я стаў у юбілейны для Узброеных Сіл Рэспублікі год, а гэта накладвае свае асаблівасці.
— Як і кожная маці, я, зразумела, хвалявалася і перажывала за сына, калі ён пакідаў родны дом, — зазначае Людміла Мікалаеўна. — І гэтыя хваляванні застануцца да той пары, пакуль мы зноў не сустрэнем яго на парозе сваёй хаты. Адзінае пажаданне — яму асабіста і яго сябрам — служыце, хлопцы, дастойна, па-гвардзейску, каб мы ад вас атрымлівалі толькі добрыя весткі.
Уладзімір ТОМЧЫК.

Газета "Перамога"

Вашай увазе прапануецца электронны варыянт дзятлаўскай раённай газеты "Перамога", а таксама нумары ў фармаце PDF. Выкладзеныя тут артыкулы могуць утрымліваць памылкі, таму звяртаем вашую увагу, што канчатковы варыянт - гэта друкаваная газета, таму і раім вам сваечасова аформіць падпіску на нашае раённае выданне.

Рубрыкі

Каляндар

March 2010
M T W T F S S
« Feb    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Спасылкі на сайты

 Page 1 of 2  1  2 »