Рубеж, на якім адбывалася развітанне з летам і пачыналася восень, указваўся ў народзе па-рознаму. Відочныя знакі восеньскай пары прыкмячалі ўжо на Іллю, потым – на Спаса, на Прачыстую, на Флора і Лаўра. Умоўна восень лічыцца ад пачатку верасня. Народныя прыкметы малююць крыху панылыя, але яшчэ з пробліскамі сонца карціны першага восеньскага месяца: “Верасень – з досвіткам дзень”, паказваючы гэтым самым паступовае скарачэнне дня. Усё мацней бяруцца халады, звычнымі робяцца туманы, ападае лісце з дрэваў, чырванеюць рабіны (“У верасні адна ягада – ды тая горкая рабіна”). Ды земляроб меў чым парадавацца падчас прыроднай сумоты, бо хоць “верасень месяц халодны, але сыты”. Нездарма гаварылі: “Як настане верасень, у гаспадара поўна гумно і кішэнь”.
5 верасня – пакутнік Лупа. Як і наогул першая дэкада верасня, прызнаваўся ўдалым для азімай сяўбы – тады, маўляў, “на Лупа будзе жыта купа”. Павер’е магло нараджацца не толькі на падставе гукавога падабенства, але і па зрокавых асацыяцыях: “У дзень памяці святога Лупы нельга сеяць жыта, таму што на ўсёй ніве будуць “лупы” – жыта ўзыдзе і вырасце плешынамі”.
7 верасня – святы Варфаламей (у народзе Баўтрамей). Імя яго рыфмавалася з адпаведнымі гэтай працы аграрнымі работамі: “Прыйшоў Баўтрамей – жыта на зіму сей”. У гэты ж дзень прадугледжваўся адлёт у вырай буслоў, іх зварот праз дзевяць месяцаў падмацоўваў тлумачэнне, што дзяцей прыносяць менавіта гэтыя птушкі: Святы Баўтрамей высылае буслоў на дзяцей”. Па стану надвор’я на Варфаламея вызначалі характар усёй восені.