У пятніцу 26 лютага Дзятлаўскі раённы аддзел унутраных справаў адзначыў сваё 70-годдзе. На ўрачыстае святкаванне, якое прайшло ў раённым Доме культуры, прыбыў сённяшні калектыў аддзела, ветэраны міліцыі, былыя кіраўнікі Дзятлаўскага РАУС, госці, хто пажадаў павіншаваць юбіляраў.
Перад пачаткам мерапрыемства ў фае Дома культуры добры настрой міліцыянерам ствараў Наваельнянскі духавы аркестр. У зале, як толькі пагасла святло і пачалася дэманстрацыя фільма пра службу падраздзяленняў міліцыі, адчувальным стаў жаль аб тым, што асабовы састаў у гэтыя святочныя хвіліны – няпоўны. “Міліцыя нясе сваю службу кругласутачна, нас нельга сабраць разам, у любы момант мы павінны быць гатовыя дапамагчы людзям,” – зазначыў намеснік начальніка Дзятлаўскага РАУС М.А. Бародзіч, які і распачаў урачыстую частку свята. Ад імя кіраўніцтва РАУС Мікалай Аляксандравіч павіншаваў сваіх калегаў з юбілеем аддзела, а таксама надыходзячым прафесійным святам, якое міліцыянеры Беларусі адзначаюць 4 сакавіка. З добрымі ўспамінамі, пажаданнямі росквіту аддзела да прысутных звярнуліся былыя кіраўнікі Дзятлаўскай міліцыі Пётр Мікалаевіч Грымута і Аляксандр Вікенцьевіч Ламака. Дарэчы, у дзень 70-годдзя Дзятлаўскай міліцыі прыемным падарункам для Аляксандра Вікенцьевіча стала Ганаровая грамата, якой быў адзначаны за прафесіяналізм і адданасць службе сын Аляксандр, маёр міліцыі, старшы інспектар прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Дзятлаўскага РАУС. Ад імя Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў, раённага выканаўчага камітэта таксама былі ўзнагароджаны: Ганаровай граматай – Альберт Анатольевіч Ахцеракоў, падпалкоўнік міліцыі, першы намеснік начальніка Дзятлаўскага РАУС; граматай – Мікалай Мікалаевіч Кот, маёр міліцыі, начальнік ізалятара для часовага ўтрымання затрыманых асобаў; граматай – Сяргей Мікалаевіч Шыкуць, прапаршчык міліцыі, міліцыянер-вадзіцель аддзела аператыўна-дзяжурнай службы; Падзячнымі пісьмамі – Максім Генадзьевіч Сосік, капітан міліцыі, інспектар дарожна-патрульнай службы і Дзмітрый Станіслававіч Плаўскі, капітан міліцыі, оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага пошуку. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Станіслававіч Бараноўскі, які ўручаў Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы, павіншаваў усіх супрацоўнікаў аддзела, ветэранаў з юбілеем, падзякаваў за вялікую і напружаную работу, выключную самааддачу і ўменне нашых міліцыянераў выконваць абавязак у самых нестандартных сітуацыях. Пажаданне добрасумленнай службы, адсутнасці крымінальных стрэсаў прагучалі ў адрас маладых міліцыянераў, якія толькі прыйшлі працаваць у Дзятлаўскі РАУС.