Архіў для ‘Людзі’ Катэгорыі

ЗАПОЗНЕНАЯ “ВАЛЯНЦІНКА”

У нашым сённяшнім календары гэтыя два святы – Дзень Святога Валянціна, які з кожным годам адзначаюць з усё большым размахам, як “прафесійнае” свята ўсіх закаханых і тых, хто марыць стаць радавым іх арміі, і Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, амаль сышліся: адно рознамаштабнымі і рознакаляровымі сэрцайкамі запаланае краіну 14 лютага, другое вянкамі, кветкамі і слязьмі – па тых, каму нясуць гэтыя кветкі і вянкі, а не папяровыя і шакаладныя сэрцайкі на наступны дзень, 15 лютага.
Тады, у самы пачатку васьмідзесятых, гэтыя святы ў календарах не былі пазначаны. Дзень закаханых параджэнне “загніваючага капіталізму” (а яшчэ ёсць думка, што вытворцаў віншавальных паштовак), быў па-сутнасці сваёй чужы нашай сацыялістычнай ідэалогіі. А пра тое, што “чорныя цбльпаны” рэгулярна “везлі на радзіму герояў, якім у дваццаць гадоў магілы рыюць”, як спяваў-плакаў у сваёй лепшай песні Аляксандр Разенбаум, ведалі па тым часе толькі безуцешныя мацяркі тых герояў ды іх блізкія. Гэты ўжо потым, шмат пазней, іх назвалі героямі і зацвердзлі ў гонар іх – і ўсіх, хто аддаваў здароўе і жыццё, змагаючыся ў розных “гарачых” кропак планеты за інтарэсы дзяржавы ці асобных высокапастаўленых чыноўнікаў – гэты дзень: памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Сталі ставіць помнікі, гаварыць на іх адкрыцці высокія і па-сутнасці сваёй правільныя, толькі запозненыя, словы, называць у гонар герояў піянерскія дружыны, складаць вершы і песні. А тады нават пахаваць з адпаведнай пашанай не дазвалялі…
У Юліі Друнінай ёсць верш, лейтматывам у якім гучыць радок: “Не сустракайцеся з першым каханнем”. Таццяне ён падабаецца, яна вывучыла яго на памяць. Але са сваім першым каханнем ёсё роўна марыць сустрэцца. Хоць і ведае, што гэта немагчыма…                        

Працягнуць чытаньне "ЗАПОЗНЕНАЯ “ВАЛЯНЦІНКА”"

ВЫПРАБАВАННЕ БОЕМ

Учарашнія вучні – сённяшнія салдаты. Васямнаццацігадовы юнак, які атрымаў зброю і загад ваяваць, сталее не па днях, а па гадзінах. Шчаслівы той, хто вярнуўся з Афганістана жывым і здаровым. Два гады часу, якія адняла ў маладосці вайна, помняцца былым салдатам як жыццёвая навука, якая глыбокімі рубцамі ўрэзалася ў памяць.
Аляксандр Каско нарадзіўся ў вёсцы Пенчыцы. Пасля заканчэння школы ў Дзятлаве атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля ў Казлоўшчынскім СПТВ-15. Ён вырашыў не спыняцца на дасягнутым і паступіў у Пінскі індустрыяльны тэхнікум, які паспяхова скончыў.
У 1980 годзе, па заканчэнні вучобы, Аляксандр Каско быў прызваны на службу разам з іншымі юнакамі з Гродзеншчыны. Спачатку праходзілі перападрыхтоўку ў Туркменістане па спецыяльнасці “вадзіцель бронетранспарцёра”. Але ведалі, што далейшы шлях – у Афганістан. Служба праходзіла ў мотастралковай часці горада Ташкургана. Літаральна некалькі месяцаў пабылі ў часці, астатні час – на выязных заданнях: ездзілі па кішлаках, адшуквалі душманаў і абясшкоджвалі іх. Мясцовыя жыхары, днём, здавалася б, мірныя і добразычлівыя, ноччу маглі ўзяцца за зброю. Жыццё афганскае – палявыя ўмовы: атрымлівалі ў паходы сухі паёк, елі стоячы, спалі ў палатках. Так і жылі ад адной баявой аперацыі да другой.                                  

Працягнуць чытаньне "ВЫПРАБАВАННЕ БОЕМ"

ПРАЗ ВАЙНУ – ПОРУЧ

Афганістан – чужая краіна, дзікая і спякотная, дзе ваявалі нашы землякі. Яна назаўжды застанецца ў памяці Маргарыты Жылінскай зямлёй, якая забрала тысячы жыццяў, і краінай, дзе сустрэла каханне.
Маргарыта нарадзілася ў Расіі, у Валагодскай вобласці. Атрымала прафесію повара і працавала ў адной са сталовых-рэстаранаў горада Чарапаўца. Тым часам з установаў грамадскага харчавання запрашалі жадаючых на працу за мяжу, у воінскія часці. У 19 гадоў так хочацца пабачыць свет! Вырашылі з сяброўкай выпрабаваць лёс і падалі заяўкі. Конкурс на такую працу быў вялікі, патрабаванні сур’ёзныя. Многія кандыдаты не падышлі па розных прычынах. У іх з сяброўкай усё атрымалася – тады рушылі ў ваенкамат па накіраванне. А там былі пастаўлены перад выбарам: прараноўвалася адно рабочае месца ў Чэхаславакіі, адно – у Румыніі і два – у Афганістане. Вырашылі ехаць разам. Дабраліся да Кабула, дзе шляхі разышліся: сяброўку накіравалі ў Баграм, а Маргарыта трапіла ў Шынданд. Уладкавалася на працу ў адным з узорных палкоў, дзе працавала дзесяць жанчын: загадчыца сталовай, афіцыянткі, бібліятэкар і іншыя, з якіх яна была самай маладой.
Для савецкай жанчыны Афганістан – дзіўная, нязвыклая краіна. Тут жыццё ідзе па сваіх правілах і законах: спёка пад 60 градусаў, пустыня без раслінаў, рэдка раскіданыя населеныя пункты, своеасаблівыя мясцовыя жыхары. Краіна дзівосаў і парадоксаў: тэхнічны прагрэс тут мяжуе з глыбокімі, часам незразумелымі для іншаземцаў, традыцыямі. Селянін можа араць зямлю на валах, а на рагах вала – японскі магнітафон. Афганскую жанчыну зрэдку сустрэнеш на вуліцы. Усе яны носяць паранжу. У больш буйных населеных пунктах размешчаны крамы-палаткі, у якіх прадаўцы-мужчыны прапануюць разнастайныя тавары. Кепска разумеючы па-руску, яны толькі аклікаюць наведвальнікаў: “бакшыш (мужчына), вазьмі!”, “ханум (жанчына), вазьмі!”
“У свята 8 Сакавіка нашых жанчын запрасілі ў мясцовы клуб, – згадвае Маргарыта Сяргееўна. – Спецыяльна для нас ладзілі святочны канцэрт і частавалі стравамі нацыянальнай кухні (гатуюць там выключна мужчыны). Выступалі афганскія дзеці, а настаўнік з Савецкага Саюза перакладаў. Ежу ў Афганістане ўжываюць без відэльцаў, але для нас, гасцей, іх знайшлі.”                  

Працягнуць чытаньне "ПРАЗ ВАЙНУ – ПОРУЧ"

НАШ ДОКТАР

Снежаньскі дзень вельмі кароткі. Ледзь стрэлкі гадзінніка пахіляцца на пасляабедзенны час, як за акном непрыкметна насоўваецца няпрошаная цемра. Не любіць гэтую пару года Барыс Сямёнавіч – невясёлая яна. У палоне ў зімы яркае сонца, пяшчотныя промні якога не толькі грэюць, але і бадзёраць душу. А так яна больш напоўнена смуткам, а жыццё, нібы суцэльны паток думак, што трывожаць, непакояць. У доктара так: перажыванні за здароўе людзей – знаёмых і незнаёмых, пажылых і маладых. Яго за грошы не купіш. Шукаюць паратунку ў медыцыны, якой і прысвяціў сваё жыццё мой аднакласнік Барыс Шмыгін.
Каля ста чалавек штодзённа пераступаюць парог рэнтгенаўскага кабінета. А ён працуе не толькі тут, а загадвае ўсёй рэнтгеналагічнай службай раёна. І кожны нясе сюды свой боль, свае пакуты, не здагадваючыся, што ўсё пазней кладзе адбітак на добрую душу гэтага цудоўнага чалавека. Людское гора не праходзіць для яго бясследна – яно суправаджае бяссоннымі начамі, нярвовым напружаннем, хваляваннямі, якіх не бачаць пацыенты.
Так было і ў гэты дзень. У рэнтгенкабінет зайшоў малады мужчына. Доктар, глянуўшы яму ў вочы, спрабаваў зразумець: што ж прывяло яго сюды. Барыс Сямёнавіч не прыкмеціў спачатку ў іх болю. Наадварот, вясёлая ўсмешка на твары, жарт сцвярджалі, што ён тут аказаўся выпадкова. Толькі доктару, праз рукі якога прайшлі тысячы хворых, так не падалося. Ён быў упэўнены: здаровага ж чалавека ў стацыянар не кладуць і выклікае пацыента на размову.
– Ранкам адчуваю лёгкае недамаганне. Але гэта, думаю, дэпрэсія, якая звычайна бывае такой парой года, — распавядае пра сябе Мікалай Аляксандравіч (так звалі маладога мужчыну). Жонка спакою не дае: ідзі ды ідзі да доктара. Паслухаўся. Здаў аналізы. Яны насцярожылі ўчастковага ўрача і ён параіў легчы ў стацыянар на абследаванне. Вось ужо пару дзён хаджу па кабінетах – усё добра. Трапіў і да вас. Кішэчнік неабходна прасвяціць, — не спыняў гаворку Мікалай Аляксандравіч.
Доктар падтрымаў суразмоўцу, абнадзеіў, але засумняваўся: у такім узросце шчокі павінны гарэць румянцам, а ў Мікалая яны неяк асунуліся, мелі бледны выгляд. І тут жа, адкінуўшы трывожныя думкі, Барыс Сямёнавіч пачаў абследаванне. Як экран тэлевізара, так і рэнтген адкрываў таямніцы чужой брушыннай поласці. Пільна ўглядваючыся ў кожны яе ўчастак, доктар радаваўся: парадак. І раптам халодны пот выступіў на лоб, які быў прыкрыты белай медыцынскай шапачкай. Рукі крыху паслабелі: так і ёсць. Вось што паядае малады арганізм — невялікая пухліна вырысоўвалася яскрава. Сумнення не было – суцяшальнага мала. Барыс Сямёнавіч, каб не выдаць сваё хваляванне, прытармазіў некалькі хвілін і спакойным голасам папрасіў хворага апранацца. А той, і не падазраваючы, што яго чакае, зноў-такі жартаваў, спрабаваў заглянуць у адведзеныя ўбок вочы доктара, каб пераканацца, што ён жа здаровы, а недамаганне… пройдзе.    

Працягнуць чытаньне "НАШ ДОКТАР"

ЗЕМЛЯКІ – СЯБРУКІ

Сёлета спаўняецца 70 год адной са старэйшых навучальных установаў у сістэме прафтэхадукацыі – Гродзенскаму дзяржаўнаму прафесійнаму электратэхнічнаму каледжу імя Івана Сусаніна.
Выпускнікоў каледжа сёння можна сустрэць на многіх прадпрыемствах, у арганізацыях, установах. У тым ліку і на Дзятлаўшчыне.
Цяпер на чатырох аддзяленнях каледжа – аўтамабільным, электратэхнічным, эканамічным і камерцыйным – звыш тысячы навучэнцаў.
Дзмітрый Вайтушка і Аляксандр Сямашка, напрыклад, займаюцца на электратэхнічным аддзяленні. Першы з іх закончыў Вензавецкую, другі – Раготнаўскую СШ. Свой далейшы выбар абодва спынілі на электратэхнічным каледжы. Тут і пазнаёміліся яшчэ падчас уступных экзаменаў, пасябравалі. Гэтае сяброўства цяпер з’яўляецца для іх добрым поспехам у вучобе.
Хлопцы паспяхова закончылі вучобу на І ступені, атрымалі спецыяльнасць электраманцёра. Цяпер працягваюць вучобу на ІІ ступені, пры заканчэнні якой атрымаюць сярэднюю спецыяльную адукацыю і спецыяльнасць тэхніка-электрыка.
– Вучоба ў каледжы нам падабаецца, – гавораць Дзмітрый і Аляксандр. – А галоўнае – падабаецца прафесія, якую мы абралі. Вось і стараемся ёю дастаткова авалодаць, каб быць прафесіяналамі ў сваёй справе.
І апошняе. Па заканчэнні каледжа Дзмітрый Вайтушка і Аляксандр Сямашка намераны прадоўжыць вучобу ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце ім. Я. Купалы і атрымаць вышэйшую адукацыю.
Уладзімір ТОМЧЫК.

ПЛАЧА БЯРОЗА ПАД АКНОМ

Ганна, пераклаўшы малога з рук на ложак і накрыўшы невялічкай коўдрай, узялася за гаспадарчыя справы. Прынесла ў хату вядро вады,прыгатавала чыгунок абабранай бульбы. Кінуўшы ў печку сырое ламачча, паднесла запалак і, падзьмухаўшы, каб хутчэй узнялося полымя, прысела. Стамілася. Цэлы дзень на нагах. Гаспадарка, маленькае дзіцятка з рук не спусціць і ніякай дапамогі. Сцяпан на вайне і хто ведае калі вернецца. Даўно не адклікаўся. А “пахаронкі” у вёску ідуць, ідуць.
Ці магла маладзіца ў гэты вечар падумаць, што бяда – вялікая і непапраўная – не абыдзе яе. Яна адразу адчула нядобрае, калі ў хату зайшоў паштальён. Дзікі крык Ганны ўскалыхнуў усё наваколле. Збегліся вяскоўцы – загінуў Сцяпан Раманоўскі – спрабавалі суцешыць маладзенькую ўдаву:
– Ні ты адна такая. Колькі ўдоваў ужо ў вёсцы, колькі дзяцей-сіротаў. Не крычы, адумайся, табе ж Жорыка гадаваць трэба.
Аглушаная “пахаронкай”, знямоглая ад болю і крыку, Ганна збялелымі вуснамі толькі шаптала:
– За што? Як без цябе буду жыць, Сцяпан?
Жыць давялося цяжка. Днём было лягчэй: маленькі Жорык бегаў па хаце, заходзілі суседзі, а цёмныя ночы бачылі яе слёзы і роспач.
Закончылася вайна. Вярталіся дахаты франтавікі. Кожны дзень падыходзіла да веснічкаў удава, чакала свайго адзінага. Спадзявалася, можа “пахаронка” – памылка. І толькі калі атрымала пацвярджэнне, што Сцяпан загінуў у Румыніі, змірылася з горам. Вось яно якое ў яе жаночае шчасце.
Замуж больш не выйшла. Ніхто не заменіць ёй мужа, а бацьку Жорыку – тым больш. Сынок тым часам падрастаў, узмужнеў, набіраўся сілы, як млады дубок. Радавалася Ганна і не шкадавала, што не ўладкавала сваё асабістае жыццё ў другі раз.
…Суботнім вечарам у вёсцы заўсёды людна. Збіраецца купкамі моладзь, а як толькі падасць голас гармонік, усе спяшаюцца на яго кліч. Жора, а ён стаў паважаным трактарыстам у гаспадарцы, хадзіў у халасцяках. Матуля чакала нявестку, хацела паняньчыцца з унукамі. А вось і яна, незнаёмая прыгажуня, кінулася ў гэты вечар юнаку ў вочы. Разведаўшы хто і што, запрасіў на танец. Позіркі іх сустрэліся і ў іх адразу загарэўся агонь кахання. Бывае ж такое ў жыцці. Неўзабаве Надзя пераехала ў вёску і Жора Раманоўскі развітаўся са сваім халасцяцкім жыццём.
Ганна прыняла нявестку не толькі ў хату, але і ў сваю душу. Надзя ўладкавалася працаваць у мясцовы магазін. Усё, як у людзей. Клопаты па гаспадарцы ўзяла на сябе Ганна. Усюды паспявала. Працавала ў калгасе, стаяла каля пліты, не давала дачушцы (так яе стала называць) брацца нават за халодную ваду.
Маладыя цешыліся. Ганна падчас сумавала, што ім да яе няма ніякай справы, але хацела, каб толькі дзецям было добра, а самой – як давядзецца.
Хутка хата Раманоўскіх абудзілася дзіцячым плачам. Ганна стала бабуляй, атрымаўшы у падарунак унучку Ірыну. Клопатаў дабавілася, але хіба гэта цяжкасці, калі яны прыемныя. Хапалася за калыску, недасыпала ноччу – няхай маладзенькія адпачнуць. Дзеці прывыклі, што ўсё мама ды мама. Пасля работы дома не затрымліваліся: па гасцях ды па гасцях. Прыйшоўшы дадому пад “градусам”, уключалі музыку. А Ганна, стаміўшыся за дзень, увіхалася з унучкай. Жора, будучы п’яны, любіў падкрэсліць матулі, што ёй цяпер жывецца добра. Яна маўчала, не хацела выклікаць злосць у сына.                              

Працягнуць чытаньне "ПЛАЧА БЯРОЗА ПАД АКНОМ"

ШЧАСЦЕ — КАЛІ ЎСЕ МЫ РАЗАМ

Гул аўтамашыны прымусіў падысці да акна. Высокая статная жанчына, гадоў сарака, адчыніла веснічкі і шпаркім крокам накіравалася да веранды.
– Мусіць, шукае кагосьці, будзе ўдакладняць адрас, — падумала Валянціна Лявонцьеўна і паспяшалася насустрач нечаканай госці.
А тая, раскінуўшы рукі, прыхінула гаспадыню хаты да сябе, і, засмяяўшыся, спытала:
– Цётка Валя, не пазнаеш?
Валянціна Лявонцьеўна ўглядалася ў прыгожыя рысы твару маладзіцы і лавіла сябе на думцы: нешта даволі знаёмае, дзе ж я яе магла бачыць?
– Я – Таня, пляменніца дзядзькі Васіля, а, значыць і ваша сваячка. А не бачыліся мы ўжо 32 гады, з таго часу як вы паехалі з Рэчыцы. Я вырасла і наважылася вас шукаць. А тут і камандзіроўка ў Гродна выпала. Сама я жыву ў Гомелі, загадваю гарадскім архівам. Карыстаючыся выпадкам вырашыла наведацца ў Дзятлава, — амаль на адным дыханні расказала пра сябе “незнаёмка”.
Валянціну Лявонцьеўну ахапіў і жаль і радасць, яна з хваляваннем запрасіла дарагую госцю ў хату.
… Рэчыца. Родны да болю горад. Тут яна пачынала працаваць у дзяржбанку, тут сустрэла сваё першае каханне, тут у яе з Васілём (пазней яны пажаніліся) нарадзілася дачушка Ліля.
Не паспелі маладыя нацешыцца сваёй радасцю, як у сям’ю прыйшло вялікае гора. Цяжка і безнадзейна захварэў Васіль і маладая жонка, быццам птушка з падбітым крылом, кідалася, спрабавала знайсці паратунак, аблегчыць яго пакуты. А ён чахнуў на вачах. На дапамогу прыйшлі родныя Валянціны і забралі маладую пару ў Дзятлава. Неўзабаве яна засталася з гадавалай дачушкай на руках — стала ўдавой.
Для яе перастала свяціць сонца, дзень здаваўся ноччу. Са смерцю Васіля нібы спынілася жыццё. І толькі плач маленькай Лілі вяртаў яе да рэальнасці, прымушаў змірыцца з лёсам, знаходзіць сілы, каб гадаваць дачушку. Жыццё ішло сваёй чаргой. Уладкавалася на працу ў бухгалтэрыю райбальніцы, Лілю аформіла ў садзік. Але памяць пра дарагога чалавека не пакідала і яна, паклаўшы спаць малую, доўгімі начамі плакала ў падушку, успамінала сваё сіроцкае дзяцінства (у 3 гады не стала ў яе бацькі).
Час – добры лекар. І вось прыйшоў той шчаслівы момант, калі яна ў другі раз пакахала. Руку і сэрца маладой удаве прапанаваў прыгожы светлавалосы хлопец з Рыбалава – Віктар Шайпук. Валянціна не магла паверыць: вакол столькі дзяўчат, а выбраў ён менавіта яе. Яна згадзілася стаць яго жонкай, але вельмі перажывала: мужа сабе знайшла, а ці знайшла бацьку для маленькай Лілі. Сумненні Валянціны былі дарэмныя. Віктар прыняў у душу яе дзяўчынку як сваё, роднае дзіця. А было Лілі на той час каля трох гадкоў.
Зажылі дружна. Віктар працаваў у атэлье, яна перайшла ў дзяржбанк. Неўзабаве Валянціна зразумела, што стане мамай у другі раз. І вось яно шчасце – сям’я Шайпукоў папоўнілася яшчэ адным немаўляткам. Назвалі дачушку Таісай. Віктар быў на сёмым небе. Яна, іх другая радасць! Дзве дзяўчынкі! Праз пару гадкоў парадавала бацькоў сваім нараджэннем Галінка, а тут Ірынка не прымусіла сябе доўга чакаць.
Чатыры дачушкі, як ружачкі, расцвіталі на вачах у бацькоў. Віктар Мікітавіч і Валянціна Лявонцьеўна пабудавалі сваю хату, якая стала надзейнай прыстанню для ўсёй радні. Пакуль набылі сабе жыллё, пачаргова пасяліўся ў іх брат з сям’ёй, пазней – сястра з сям’ёй. Другім родным домам стала хата і для самай малодшай сястры Ганны. У пашане з імі жыла матуля Віктара. Ніхто нікога не крыўдзіў, не прыцясняў, хаця і сваёй сям’і было шэсць чалавек.                            

Працягнуць чытаньне "ШЧАСЦЕ — КАЛІ ЎСЕ МЫ РАЗАМ"

ШКОЛА ДЛЯ САПРАЎДНЫХ МУЖЧЫН

У студзені, напярэдадні Дня прызыўніка мы наведалі 841 гвардзейскую Чырвонасцяжную группу артылерыі, якая размяшчаецца ў горадзе Слоніме. У гэтай вайсковай часці праходзяць тэрміновую службу і хлопцы з Дзятлаўшчыны.
З некаторымі з іх гутарыла карэспандэнтка газеты.
На момант размовы Аляксандру Мудраму заставалася служыць некалькі тыдняў.
Сёння ён — былы ваеннаслужачы тэрміновай службы. Гэты этап жыцця Аляксандр ацэньвае даволі сур’ёзна, лічыць, што яго неабходна прайсці кожнаму хлопцу. Армія з’яўляецца школай для сапраўдных мужчын, выпрацоўвае дысцыплінавасць і адказнасць.
Аляксандр — родам з Дзятлава. У армію ён быў прызваны пасля заканчэння Слонімскага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Успамінаючы першыя дні службы, хлопец зазначае, што даводзілася нялёгка. Было цяжка прывыкнуць да распарадку дня, страявой падрыхтоўкі. Адаптавацца дапамагалі камандзіры, сябры.
Служба ў арміі, па меркаванню Аляксандра, дае магчымасць перагледзець многія жыццёвыя каштоўнасці. Так, дома любоў і падтрымка з боку родных і блізкіх успрымаецца як належнае. “Падчас армейскай службы, — зазначае мой субяседнік,– да родных і блізкіх ты пачынаеш ставіцца больш паважліва, беражліва, разумееш, што няма нікога даражэй і бліжэй за іх”.                          

Працягнуць чытаньне "ШКОЛА ДЛЯ САПРАЎДНЫХ МУЖЧЫН"

І ЎНУКІ СТАЛІ АФІЦЭРАМІ

З самага ранку ў кватэры Авецісянаў панавала ажыўленне. Лідзія Пятроўна гатавала прысмакі. Прыйшла да бацькоў старэйшая дачка Анжэла з мужам. Яна таксама жыве ў Дзятлаве. 15-гадовы ўнук Міша трымаў сітуацыю на кантролі: з хвіліны на хвіліну павінен прыехаць яго родны дзядзька Армэн. Для падлетка гэта заўсёды радасна і прыемна – ён для яго вялікі аўтарытэт як у вучобе, так і ў жыцці.
Бліжэй да абеду, ля дома, дзе жывуць Авецісяны, спынілася машына. Першы з яе выйшаў Армэн – малодшы сын сям’і, крыху стомлены (дарога няблізкая, з Мазыра дабіраліся), з букетам чырвоных гваздзікоў – нявестка Наташа і самы галоўны госць – унучак Эдзік. Я, прызнацца, ведала, для каго і чаго кветкі былі прызначаны.
Радасныя хвіліны сустрэчы, абед – і абедзьве машыны (бацькі Армэна таксама маюць “Форд”) накіраваліся ў Сачыўляны, у хату, дзе калісьці жылі дзядуля і бабуля Армэна – Пётр Паўлавіч і Любоў Георгіеўна Каракулькі. Гэты прыгожы куток у нашым раёне стаў святым месцам для сям’і Авецісянаў, бо тут жылі ў свой час сапраўды святыя людзі, якія сталі прыкладам для сваіх дзяцей і ўнукаў.
Вось і сёння чырвоныя гваздзікі будуць пакладзены на магілы Пятра Паўлавіча і Любові Георгіеўны, а таксама ля помніка загінуўшым у гады вайны, які ўзведзены ў вёсцы Сачыўляны.
Армэн добра памятае дзядулю і бабулю. Тут ён адпачываў у час школьных канікулаў, радаваўся, калі тыя наведваліся ў Дзятлава. Хлопчык з цікаўнасцю слухаў дзядулю-ветэрана пра іх жыццё.
У сям’і Каракулькаў усе мужчыны былі салдатамі. Бацька Пятра Паўлавіча ваяваў у 1914 годзе на першай Сусветнай вайне. Пазней сям’я вымушана была эвакуіравацца ў Сібір. Пасля рэвалюцыі 1917 года зноў вярнуліся ў Сачыўляны. Чацвёра дзяцей засталіся сіротамі, калі гаспадара сям’і не стала. Пайшоў у парабкі да пана Пётр, каб не быць нахлебнікам, а прыносіць зароблены харч у сям’ю.
У 1939 годзе, калі Заходняя Беларусь уз’ядналася з Усходняй, юнак пачынае працаваць на гаспадарцы. Была ў яго мара – стаць кадравым ваенным. Жаданне не прападала з часам (меў 5 класаў польскай школы), але магчымасцяў не ставала.                    

Працягнуць чытаньне "І ЎНУКІ СТАЛІ АФІЦЭРАМІ"

ПАВЕРЫЦЬ У СЯБЕ

Алена Рыгораўна, намеснік галоўнага рэдактара, дзесяць гадоў таму была звычайная студэнтка факультэта журналістыкі. Пакуль вучылася, пісала артыкулы толькі ў перыяд студэнцкай практыкі. Пахвалы і крытыкі на свае допісы чуць не даводзілася. У яе заўсёды заставалася пачуццё няўпэўненасці: “Ці добра я пішу, ці маю талент, здольнасці. А можа я займаю не сваё месца?”
На чацвёртым курсе Алена закахалася ў сталічнага хлопца. Якім бязвоблачным ёй здавалася ў той час жыццё! Пачуцці былі ўзаемныя. Праз паўгода згулялі вяселле. Не заўважыла Алена ў турботах і сямейных клопатах, як прыйшоў час атрымліваць дыплом. Яе аднагрупнікі ад’язджалі на месцы размеркавання, ішлі на працу. Алене ж было не да кар’еры. Яна чакала дзіця. Нараджэнне дачушкі — такое шчасце для маладых бацькоў. Але радасць таты хутка змянілася на раздражнёнасць: чаму дачка плача па начах, чаму ён павінен свае выхадныя праводзіць дома з сям’ёй, чаму жонка заклапочана хваробамі дзіцяці больш, чым яго няўдачамі ў справах. Сямейны ачаг пачаў патухаць. Алена засумавала. Сям’я рушыцца, дачушка яшчэ маленькая, грошай на жыццё не хапае. На працу з маленькім дзіцём і без вопыту работы ніхто не возьме.
Яна падумала і, як ёй здалося, знайшла выйсце – напісаць у газету. І “руку наб’еш”, і ганарар атрымаеш, і дачушку пакідаць не трэба. Алена напісала тры аповяды, выбрала газету, якая падыходзіла па тэматыцы, і на свой страх і рызыку адправіла ў яе матэрыялы. Яна чакала месяц-другі. Адказа не было. Пачуццё расчаравання ў сваіх здольнасцях падавіла яе. Яна вырашыла больш не займацца журналістыкай.                              

Працягнуць чытаньне "ПАВЕРЫЦЬ У СЯБЕ"

Газета "Перамога"

Вашай увазе прапануецца электронны варыянт дзятлаўскай раённай газеты "Перамога", а таксама нумары ў фармаце PDF. Выкладзеныя тут артыкулы могуць утрымліваць памылкі, таму звяртаем вашую увагу, што канчатковы варыянт - гэта друкаваная газета, таму і раім вам сваечасова аформіць падпіску на нашае раённае выданне.

Рубрыкі

Каляндар

March 2010
M T W T F S S
« Feb    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Спасылкі на сайты

 Page 1 of 4  1  2  3  4 »