КАНСЕРВАВАНЫ ГАРОШАК
Прамежак часу паміж зборам і кансерваваннем гарошку павінен складаць 3-4 гадзіны, інакш гарошак страціць свежасць, стане крухмалісты, несалодкі — пагоршыцца якасць прадукта. Кансерваваць зялёны гарошак можна рознымі спосабамі.
Вылушчаны са стручкоў гарошак прамыць у вадзе, заліць халоднай вадой, дадаць соль і цукар (на 1 літр вады — па 0,5 чайнай лыжкі), давесці да кіпення і варыць 20-30 хвілін. Варта сачыць, каб гарох не разварыўся. Затым гарошак хутка аддзяліць ад заліўкі, скласці ў падрыхтаваныя стэлізаваныя слоікі. Адвар трэба працадзіць праз некалькі слаёў марлі, давесці да кіпення і заліць ім слоікі з гарошкам. Стэрылізаваць трэба 30-40 хвілін. Закатаць. Захоўваць у халодным месцы.
Другі спосаб. Зялёны гарошак вараць 15-20 хвілін. За гэты час рыхтуюць марынад: на 1 літр вады — 1 сталовая лыжка солі, 2 чайныя лыжкі цукру, 200-300 мілілітраў 6% воцату, даводзяць да кіпення. Адцэджаны гарошак заліваюць марынадам, некалькі хвілін кіпяцяць і фасуюць у гарачыя стэлізаваныя слоікі.
А самы просты спосаб нарыхтоўкі зялёнага гарошку — замарожванне. Недаспелы салодкі гарошак заліць на 1-2 хвіліны кіпенем, затым ахаладзіць яго ў халоднай вадзе. Адкінуць на дуршлаг, раскласці на ручнік для абсыхання. Затым гарошак фасуюць у пакеты, шчыльна завязваюць і — у маразільнік.