Архіў для ‘Лета’ Катэгорыі

ЛЯ МАЎЧАДКІ – ЗНОЎ ПАЛАТКІ

7-8 жніўня работнікі жылкамунгаса праводзілі ля Маўчадкі свой турысцкі злёт. У ім прынялі ўдзел 8 каманд прадпрыемства.
Дырэктар жылкамунгаса Юрый Залеўскі напачатку лета вырашыў пажартаваць: маўляў, у гэты раз турзлёт праводзіць не будзем. Крызіс як-ніяк!
“Як гэта не праводзіць? “ – абурыліся падначаленыя. “Наваельнянскія валацугі” мараць пакінуць у сябе пераходны кубак. “Марс” і “Бакс” настроены яго адабраць. “Праметэй” проста гарыць жаданнем выбіцца ў лідары. “Н2О” мае намер гэтае жаданне астудзіць… Безумоўна, турзлёту і баталіям быць!
– І сам быў не рад, што так няўдала пажартаваў, — прызнаецца Юрый Пятровіч. – На турзлёт нашы работнікі едуць з задавальненнем. І не толькі моладзь, а і людзі ў гадах. Прыяджаюць сем’ямі, з дзецьмі. Самай маленькай нашай турыстцы Сабіне Пабядзінскай – 7 гадкоў. Разам з Аляксандрам Аляксандравічам Спасюком, капітанам каманды “Наваельнянскія валацугі” (леташні параможца турзлёту) яна падымала сцяг спаборніцтваў. Турзлёт – гэта магчымасць добра адпачыць, пабыць у кампаніі, паказаць свае здольнасці. А якія падчас спаборніцтваў кіпяць страсці!  

Працягнуць чытаньне "ЛЯ МАЎЧАДКІ – ЗНОЎ ПАЛАТКІ"

ВАНДРОЎКА – ГЭТА ЗДОРАВА!

Прыемнай падзеяй для ўдзельнікаў клуба “Сустрэча”, які створаны і працуе пры Дзятлаўскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, сталі паездкі вандроўкі ў Ліду і Жыровічы.
Галоўнай прыкметнасцю Ліды з’яўляецца старажытны замак. Экскурсія па ім дала магчымасць зазірнуць ў мінулае, шмат цікавага даведацца пра падзеі, якія калісьці адбываліся на лідскай зямлі.
Давялося пабыць і на другім паверсе замка, дзе калісьці маглі размясціцца каля 10 тысяч людзей. Збіраліся яны, каб паглядзець розныя відовішчы, у тым ліку і рыцарскія турніры.
На першым паверсе старажытнага помніка архітэктуры жадаючыя змаглі перайсці праз невялікі драўляны мост з паэтычнай назвай “Мост кахання”.
Жыровічы ўдзельнікі “Сустрэчы” наведалі ўжо ў другі раз. Першая паездка ў гэтае месца адбылася мінулым летам. Яна пакінула незабыўныя ўражанні і ўспаміны, а таксама – жаданне прыехаць сюды яшчэ раз.
Цяпер мы папрысутнічалі на ранішняй службе ў Свята- Успенскім саборы, з задавальненнем зрабілі экскурсію па тэрыторыі Свята-Успенскага манастыра, наведалі святую крыніцу, вада ў якой лічыцца цудатворнай. Гэтыя вандроўкі застануцца ў памяці надоўга. Спадзяёмся, што такія ж цікавыя атрымаюцца і нашыя наступныя падарожжы – у Мірскі замак і Мінск.
І. БАРАВІК,
псіхолаг Дзятлаўскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Для хлапчукоў і дзяўчынак сапраўдным падарункам падчас канікулаў з’яўляецца паездка ў летнік. Яна дорыць прыемныя ўражанні, знаёмствы з новымі сябрамі.
Пра летні адпачынак дзяцей карэспандэнтка гутарыць з загадчыцай дзіцячага аддзялення “Баравічок” санаторыя “Радон” Н. Ёрчык.
— Наталля Мікалаеўна, колькі дзяцей сёлета адпачывае ў летніку?
— Сёлета за змену ў “Баравічку”, якая доўжыцца 18 дзён, змогуць адпачыць 60 чалавек. Усяго ж за лета мы прымаем чатыры змены. Зазначу, што сёлета падчас першай, трэцяй і чацвёртай зменаў адпачываюць дзеці з Дзятлаўскага раёна. Другая была змена — дзеці з Іўеўскага раёна.
— Многія дзеці наведваюць “Баравічок” не першы раз. Як вы лічыце, у чым сакрэт папулярнасці летніка?
— Зазначу, што харчаванне ў летніку арганізавана з улікам санаторных нормаў. У рацыёне дзяцей абавязкова садавіна, разнастайныя сокі.
Удзел у мерапрыемствах, на якія багата культурнае жыццё “Баравічка”, дае магчымасць дзецям не толькі добра адпачыць, але і знайсці шмат сяброў. У летніку адпачываюць дзеці з розных раёнаў нашай краіны. Хлапчукам і дзяўчынкам падабаецца і тое, што кожны вечар праводзяцца дыскатэкі.
— Наталля Мікалаеўна, раскажыце падрабязней пра культурна-масавыя мерапрыемствы.
— Гэта — забаўляльныя праграмы, інтэлектуальныя віктарыны, конкурсы. Пералічыць усё немагчыма. Зазначу толькі, што сёлета акцэнт мы робім на праграму “За здаровы лад жыцця”. Праводзім спартыўныя святы, спаборніцтвы па футболу, валейболу, шашках, праграмы па прапагандзе здаровага ладу жыцця.
У “Баравічку” працуе “Школа здароўя”. Заняткі тут праводзяць медработнікі. Штодзённа праходзяць міні-лекцыі, гутаркі па пытаннях здаровага ладу жыцця.
Любяць дзеці і кіно. Мы супрацоўнічаем з кінавідэапракатам.
Наладжана гуртковая работа. Наведваючы гурткі, дзеці вучацца вязаць, выпальваць, вырабляць разнастайныя падзелкі.
Ёсць у нас і бібліятэка, дзе кнігі — на любы густ. Дзяўчынкі і хлапчукі могуць не толькі ўзяць кнігу, але і прыняць удзел у дыспутах, віктарынах, конкурсах, якія прапануе бібліятэкар Алена Фёдараўна Максімава.

Працягнуць чытаньне "АДПАЧЫНАК У “БАРАВІЧКУ”"

У сезон водпускаў многія едуць у цёплыя краіны: да мора, да сонца, па экзотыку. Падарожжы сталі даступныя, таму вялікая колькасць беларусаў шукае альтэрнатыву дачнаму адпачынку ці ляжанню на канапе ў гарадской кватэры. Накіроўваючыся ў доўгачаканую паездку, менш за ўсё думаецца пра непрыемнасці, якія могуць падпільноўваць. Аднак, на жаль, бяда прыходзіць тады, калі менш за ўсё яе чакаеш. За мяжою можа здарыцца рознае: моцны сонечны ацёк, зубны боль, абвастрэнне хранічнай хваробы або, не дай Бог, няшчасны выпадак. Каб турыст мог атрымаць неабходную медыцынскую дапамогу, якая за мяжой платная і патрабуе немалых сродкаў, консульствы замежных дзяржаваў для адкрыцця візы патрабуюць страхоўку ад няшчасных выпадкаў і хваробаў падчас паездкі за мяжу. Названы від страхавання цяпер прапануюць многія страхавыя кампаніі.
Дагавор па гэтаму віду страхавання можна заключыць ў прадстаўніцтве Белдзяржстраху па Дзятлаўскаму раёну. Ён можа быць заключаны на любы тэрмін – ад аднаго дня да аднаго года ўключна. Страхавая прэмія па жаданню страхавацеля можа быць заплачана як у беларускіх рублях, так і ў замежнай валюце. Для пастаянных страхавацеляў, якія заключаць дагавор страхавання другі і наступныя разы, прадастаўляюцца 20% скідкі. Пры страхаванні дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў страхавы поліс абыдзецца ў два разы танней.

Працягнуць чытаньне "САБРАЛІСЯ АДПАЧЫЦЬ? ЗАКЛЮЧЫЦЕ ДАГАВОР СТРАХАВАННЯ"

ДА НОВЫХ СУСТРЭЧ У “ЛІДЭРЫ!”

Першая змена лагера “Лідэр”, які працаваў на базе Дзятлаўскага дома дзіцячай творчасці, сабрала непаседлівых (атрад “Непаседы” і энергічных (атрад “Энерджыпіпл”) хлапчукоў і дзяўчынак з усяго раёна. На працягу амаль трох тыдняў 11-13-гадовыя лідэры школ хадзілі ў паходы, займаліся ў гуртках, выпускалі сценгазеты, ладзілі шматлікія мерапрыемствы. Пра тое, як адпачывалася ў “Лідэры”, расказала ў сваім допісе ў рэдакцыю Віка Хрышчановіч, вучаніца СШ № 1 г. Дзятлава.
“У “Лідэры” я адпачывала летась і мне вельмі хацелася трапіць сюды зноў. Тут цікава. Кожны дзень – розныя мерапрыемствы. А найбольш падабаюцца вандроўкі. У нас нават просты паход у лес можа стаць сапраўднымі прыгодамі: з пошукамі салодкага клада, з вясёлымі і пазнаваўчымі конкурсамі, гульнямі. Была паездка і на возера Свіцязь, дзе мы маглі паплаваць, пазагараць. Зрабілі экскурсію ў старажытны Навагрудак, наведалі музей Адама Міцкевіча.
Спадабаўся вельмі і наш турысцкі паход да Маўчадкі. Мы жылі ў палатках, гатавалі стравы на вогнішчы, шмат займаліся спортам. Тут адпачывалі таксама нашы аднагодкі – велатурысты з Навагрудка. З імі наладзілі выдатны футбольны матч. “Хварэлі” за сваіх так азартна, але… была нічыя.
Дні праляцелі так хутка, што мы і не заўважылі, як прыйшоў час развітвацца. “Лідэр” пазнаёміў мяне з дзецьмі з іншых школ. Я знайшла новых сябровак. Гэта – Даша Крупіца з Яварскай школы, Марына Турок – з Хвінявіцкай, Аня Лаўніковіч, Лера Каралёва – з Дзятлава. Думаю, яны памятаюць нашы фізкультхвілінкі, конкурс “Суперлідэр”, наш развітальны баль. А як не хацелася спаць, калі “адбой” – у дзесяць! Яшчэ хацелася гаманіць і гаманіць, жартаваць і смяяцца… Але не сумуйце! Да новых сустрэч у нашым “Лідэры”!
Падрыхтавала да друку І. ІВАНАВА.

КАЗЛОЎШЧЫНСКАЯ “АКАДЭМІЯ НАВУК”

Сотні школьнікаў раёна штогод чакаюць лета, каб адпачыць. І такая магчымасць даецца ім у школьных лагерах.
Пяць гадоў запар раённы лагер “Навука”, які збірае самых здольных, актыўных, творчых дзяцей, размяшчаецца ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына.
“Асноўная мэта работы лагера — папоўніць веды , — кажа яго начальнік Тамара Аляксандраўна Буяк. — Я мяркую, што кожная школа адпраўляе да нас самага таленавітага і актыўнага вучня. Мабыць, кагосьці з улікам далейшай “перспектывы” — у лагеры ёсць і сямікласнікі. Як старэйшыя, так і малодшыя вучні ў “Навуцы” маюць магчымасць творча адпачыць і плённа папрацаваць. А гэта — самае галоўнае.”
Я заўсёды меркавала, што праца з “самымі-самымі” патрабуе пэўнай адказнасці. І таму працаваць у лагеры такога накірунку значна цяжэй, чым у звычайным. Аднак Тамара Аляксандраўна пераканала мяне ў іншым: ”Працаваць зусім няцяжка. Усё распісана літаральна па хвілінах. Дзеці актыўныя і цікавыя, разумеюць нас. Хаця,зразумела, адказнасць у настаўнікаў вялікая, паколькі класы фарміруюцца з дзяцей рознага ўзросту.”
У лагеры навучанне вядзецца па трох профілях — гуманітарным, фізіка-матэматычным і хіміка-біялагічна. На ўроках з дзецьмі працуюць вопытныя настаўнікі — Т.А.Рак, Г.Г.Баляба, І.Л. Сцяпура, А. І. Пякарская, Г. І. Хілімончык.
Пацікавілася я ў Тамары Аляксандраўны, чым яшчэ жыве “Навука”:
“У адрозненне ад іншых “летнікаў” чатыры гады мы працуем па праектах. Ужо другі год — па праекту “Акадэмія навук”.
“У нас дзейнічаюць шэсць кафедраў: турызму, інфармацыі і друку, гісторыі і краязнаўства, спорту і здароўя, культуры і мастацтва, экалогіі. На кожнай кафедры — свой загадчык, а ўсім кіруе “прэзідэнт”.
Кожная кафедра працуе два дні. Па выніках работы мы выбіраем пераможцаў — акадэмікаў дадзенай кафедры. Па заканчэнню работы лагера лепшыя з іх узнагароджваюцца медалём і званнем акадэміка.
У “Навуцы” прайшло ўрачыстае адкрыццё лагера, выбраны органы самакіравання, быў арганізаваны вечар знаёмстваў, а цяпер праводзяцца розныя мерапрыемствы.
Пачала працу першая кафедра — культуры і мастацтва. Адбыўся конкурс малюнкаў “Жыву ў Беларусі — і тым ганаруся”,канцэрт для дзяцей школьнага лагера “Здаравячок”,прайшло пасяджэнне ў міжкультурным кафэ”.
Ярка і цікава жыве лагер “Навука”. І так ужо на працягу пяці гадоў. Зазначу, што сёлета ў ліпені плануецца арганізаваць сустрэчу усіх ”навукоўцаў”, якія пабывалі ў летніку за гэты перыяд.
ЮЛІЯ ЯФІМІК,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.

ЧЫМ “НАВУКА” ВАБІЦЬ НАС

Цікава, весела, пазнавальна мы бавілі час у адным з летнікаў раёна, які носіць назву “Навука”. Змена ў лагеры доўжылася 18 дзён. Увесь гэты час з намі былі добрыя і клапатлівыя выхавальнікі, якія ні хвілінкі ні давалі нам сумаваць. Яны арганізоўвалі ўсё новыя і новыя мерапрыемствы. Конкурсы, гульні, віктарыны, шоу дапамагалі нам раскрыць і падкрэсліць свае таленты, уменні.
Асаблівыя словы ўдзячнасці варта выказаць начальніку лагера Тамары Аляксандраўне Буяк, якая за час знаходжання ў лагеры стала для ўсіх нас добрым сябрам. Яна прымала ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах. Дзякуючы Тамары Аляксандраўне, мы ўсе сталі як адна дружная сям’я.
Незабываемыя ўражанні пакінуў і паход з начлегам: спартыўныя спаборніцтвы, прыгожыя краявіды, песні ўвечары каля вогнішча — рамантыка турысцкага жыцця.
Такой жа цікавай і памятнай стала для нас паездка на возера Свіцязь.
— А чаму лагер мае назву “Навука”? — спытаеце вы. Усё вельмі проста: мы тут не толькі весяліліся і адпачывалі, але і вучыліся, адкрывалі для сябе новае, невядомае. І, як не дзіўна, гэта вучоба для нас прыемная.
У лагеры сабраліся дзеці розныя, не падобныя адзін да аднаго. Але пад канец змены ўсіх нас аб’ядноўвала пачуццё любові да летніка “Навука”, дзякуючы якому мы сустрэліся, пасябравалі, даведаліся шмат новага і цікавага.
Вельмі не хацелася развітвацца напрыканцы змены. Радавала толькі тое, што летнік мы пакідалі, сабраўшы багаты “багаж” уражанняў, якія застануцца з намі назаўжды.
Вольга ЛІСІЦА.

БАЙДАРАЧНЫ ЭКСТРЫМ

“Як адпачыць? Як зрабіць жыццё больш цікавым, насычаным? “ — турбуюць такія пытанні. Проста паваляцца на канапе, пераключаючы каналы тэлевізара? Не, гэта сумна. Пачытаць кнігу, каб разам з героямі адправіцца ў завочнае падарожжа па краінах і кантынентах? Нядрэнны варыянт. Але ж, як ні круці, завочнае падарожжа нават з самай цікавай кнігай — гэта не рэальная вандроўка, якае дае магчымасць спазнаць свет, пазнаёміцца з новымі людзьмі, выпрабаваць свае сілы. Як гэта робяць дзятлаўскія прыхільнікі байдарачнага спорту, якія сёлетнім летам, ужо не ў першы раз, накіраваліся ў вандроўку ў далёкую Карэлію. Там, на рацэ Воньга яны спрабавалі свае сілы, пераадольваючы парогі. І проста адпачывалі ўдалечыні ад тлуму і мітусні . “Для многіх такі від адпачынку, — гаворыць Станіслаў Іванавіч Плюта, настаўнік фізкультуры гімназіі №1, адзін з удзельнікаў вандроўкі, — можа паказацца манатонным. Ціхія месцы, дзе на працягу 130 кіламетраў няма ніводнага горада. Толькі лясы, рака, шум вады. Прыемна было адчуць асалоду ад прыроды, дзе валадарыў спакой, дзе была магчымасць у цішыні паразважаць над сваім жыццём”.
Першую вандроўку ў Карэлію дзятлаўчане зрабілі яшчэ дзесяць гадоў таму. Праз два гады вырашылі паўтарыць. А сёлетняя паездка — трэцяя. У ёй прымалі ўдзел М. М. Кавалёў, С. І. Плюта, В. І. Шавель, Д. У. Жыгалік, У. Я. Жыгалік, І. А. Шуміцкі.
Вандроўка пачалася з пасадкі на поезд Баранавічы-Мурманск. Высадзіліся на станцыі Энхвозера (Карэлія). Менавіта тут падрыхтавалі для спуску на ваду байдаркі, якія для падарожжа прадаставіла Дзятлаўская школа-інтэрнат. На байдарках па Энхвозеру дзятлаўчане накіраваліся да ракі Воньга. “Менавіта тут і пачынаецца рыбная лоўля і байдарачны экстрым, — гаворыць Станіслаў Іванавіч. — Самае цікавае — праходжанне парогаў, на якія багата рака. Пераадольваючы парогі, ты нібыта пераадольваеш сябе, свой

Працягнуць чытаньне "БАЙДАРАЧНЫ ЭКСТРЫМ"

Раніца. Цішыня. І раптам раздаецца голас трубы…

Са словаў: “Лагер, пад’ём!” пачынаўся кожны дзень удзельнікаў кругласутачнага абаронна-спартыўнага магера “Абаронца”, які быў створаны на базе Мяляхавіцкай школы. Лагер налічваў сорак вучняў з Наваельнянскай, Дварэцкай, Мяляхавіцкай, Данілавіцкай, Таркачоўскай школ. Гэта не толькі дзесяцікласнікі, але і дзеці са шматдзетных і няпоўных сем’яў, “цяжкія” падлеткі, якія стаяць на ўнутрышкольным кантролі. Усіх іх аб’ядноўвала імкненне да адкрыцця новых здольнасцяў і магчымасцяў, што пацвярджае ідэя стварэння лагера па ініцыятыве саміх вучняў.

Дні пачыналіся з пастраенням і фіззарадкі. Прачынацца ў сем гадзін раніцы спачатку было складана. Некаторых амаль сілай выцягвалі з цёплай палаткі. Але невялікая прабежка, гімнастычныя практыкаванні — і сон нібы рукой знімала. Пасля сняданка пачыналася сапраўдная падрыхтоўка. Каб авалодаць нават простымі ваеннымі навыкамі, неабходна ведаць статут, з ім хлопцаў знаёміў кіраўнік лагера Сяргей Уладзіміравіч Сокал, настаўнік Наваельнянскай школы.

Займаліся страявой падрыхтоўкай. Маршыраваць атрымлівалася ў кожнага, нават самы меншы — Руслан Хаванскі з Мяляхавіцкай школы не адставаў ад сяброў.

Пра гэтага хлапчука варта сказаць асобна, як пра аднаго з самых актыўных і прыкладных дзяцей. Нягледзячы на юны ўзрост, Руслан з задавальненнем выконваў самыя складаныя заданні настаўнікаў, прымаў удзел ва ўсіх спаборніцтвах, часам, нават даваў парады старэйшым.

Хлопцы таксама займаліся вывучэннем тапаграфічных знакаў, удзельнічалі ў спаборніцтвах па стральбе, вывучалі інжынерныя збудаванні, спосабы пераходу мясцовасці ў розных умовах. Падлеткі з адказнасцю падыходзілі да кожнай справы, але і гумар не пакідаў іх падчас выпрабаванняў. Падтрымка сяброў адчувалася пастаянна. Як вынік добрых узаемаадносін — выдатныя паказчыкі на ўсіх спаборніцтвах.
На працягу змены да ўдзельнікаў лагера наведваліся прадстаўнікі розных службаў. Інспектар па справах непаўналеніх правёў размову з “цяжкімі” падлеткамі. Дзяржаўтаінспектары ў чарговы раз праверылі веданне правілаў дарожнага руху, напомнілі пра ўзроставыя абмежаванні пры кіраванні вела- мота- і аўтатранспартам. Сустрэча з супрацоўнікамі МНС была вельмі цікавая: падлеткі апранулі спецвопратку, азнаёміліся з пажарнай тэхнікай, на практыцы вучыліся падаваць ваду. Медработнік навучала хлопцаў аказваць першую дапамогу пацярпеламу.

Цікавыя былі і вечары ў лагеры: турніры па шашках, гульня “Што? Дзе? Калі?”, відэафільмы, песні каля вогнішча…

Парадавалі юныя абаронцы і жыхароў суседняй вёскі Белагурна — выступілі перад імі з канцэртнай праграмай, у якой таксама прынялі ўдзел музыканты наваельнянскага дзіцячага духавога аркестра. Для вяскоўцаў гэта было сапраўднае свята. Як пасля ўспаміналі кіраўнікі лагера, на гукі музыкі сабралася ўся вёска — ад старых да самых малых, потым людзі дзякавалі, запрашалі да сябе яшчэ.

У апошні дзень змены ў лагер завіталі старшыня Мяляхавіцкага сельвыканкама В. А. Халопік, дырэктары Наваельнянскай СШ і Мяляхавіцкай школы-сада — А. С. Бараноўскі і Р. К. Баравік. Яны павіншавалі дзяцей з закрыццём лагера. За сваё старанне кожны з хлопцаў атрымаў граматы, самыя актыўныя — памятныя падарункі.

Дырэктар лагера С. У. Сокал адзначыў, што на працягу ўсёй змены асаблівых турбот з удзельнікамі лагеру не было. Хлопцы былі паслухмяныя, самі былі ініцыятарамі многіх мерапрыемстваў, заўжды падтрымлівалі сяброў. Няхай і надалей гэтыя добрыя якасці, якія праявіліся тут, суправаджаюць хлопцаў па жыцці.

Закончылася змена. Тыя некалькі дзён, якія на крок наблізілі ўдзельнікаў лагера да іх мары — стаць сапраўдным абаронцам Беларусі, з годнасцю насіць званне яе грамадзяніна і берагчы яснае мірнае неба, якое падарылі нам бацькі і дзяды, а, галоўнае, рабіць усё, каб нашу краіну чакала толькі мірная і квітнеючая будучыня.

Ганна МАКСІМЧЫК.

“ТРОПИНКА” ДА НЁМАНА

Профільны турысцкі лагер з такой назвай распачаў сваю дзейнасць 15 чэрвеня на базе цэнтра турызма і краязнаўства. На Нёмане адпачываюць 30 дзяцей з усяго раёна. Умовамі школьнікі задаволены: жывуць яны ў палатках, ежу гатуюць на вогнішчы, побач — Нёман, а турысцкія гульні і спаборніцтвы ператвараюцца ў самыя сапраўдныя святы. Дарэчы, пасля закрыцця гэтай змены будзе адкрыта яшчэ адна.

А. НІЧЫПАР.

Газета "Перамога"

Вашай увазе прапануецца электронны варыянт дзятлаўскай раённай газеты "Перамога", а таксама нумары ў фармаце PDF. Выкладзеныя тут артыкулы могуць утрымліваць памылкі, таму звяртаем вашую увагу, што канчатковы варыянт - гэта друкаваная газета, таму і раім вам сваечасова аформіць падпіску на нашае раённае выданне.

Рубрыкі

Каляндар

March 2010
M T W T F S S
« Feb    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Спасылкі на сайты

 Page 1 of 1  1