Мы жывем у імклівы час, час важных пераўтварэнняў. Паўстае пытанне: як за ўсім паспець, пра ўсё даведацца? Дапамогуць у гэтым часопісы і газеты, галоўная задача якіх — знаёміць людзей з тымі падзеямі, якія адбываюцца ў краіне, за яе межамі.
Чытачам Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэкі мы прапануем газету “Зорька”, якая ў наступным годзе адзначыць сваё 65-годдзе. Газета выдаецца са студзеня 1945 года, выходзіць раз на тыдзень — па пятніцах. На працягу многіх гадоў яна застаецца сімвалічным караблікам дзяцінства, які плыве туды, дзе дзеці вучацца, адпачываюць, сябруюць, мараць. Газета і ў вучобе дапаможа падцягнуцца, і на інфармацыйнай гадзіне выручыць. Яна дапаможа знайсці сяброў у Беларусі і іншых краінах. На старонках “Зорьки” таксама друкуюцца вясёлыя коміксы, смяшынкі, хітрыя пытанні.
Увазе маленькіх чытачоў мы таксама прапануем “Классный журнал”– дзіцячы пазнаваўчы штотыднёвік. У ім можна знайсці разнастайныя фокусы, рэцэпты выпечкі, соннік, тэсты. Да таго ж ёсць пазнаваўчыя старонкі, коміксы, рэбусы, карысныя парады, конкурсы з прызамі. У гэтым часопісе адкрыта рубрыка “Самы-самы”, якая прапануе віктарыны для самых начытаных, разумных, уважлівых.
Аматарам і знаўцам тэхнікі будзе цікава пагартаць часопіс “Левша”. На яго старонках вы зможаце знайсці мадэлі для зборкі рознай тэхнікі, стаць удзельнікам конкурсу вынаходнікаў.
Шмат яшчэ цікавых часопісаў і газет выпісвае дзіцячая бібліятэка. Запрашаем дзяцей у вандроўку па старонках перыядычных выданняў.
Набліжаецца новы год. У Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэцы пачнецца перарэгістрацыя чытачоў. Мы запрашаем нашых юных наведвальнікаў пабываць у бібліятэцы, здаць кнігі, якія затрымалі ў сябе,удакладніць свае дадзеныя, і, вядома ж, пацікавіцца газетамі, часопісамі, кнігамі. Нагадваем наш адрас: г. Дзятлава, вул.Кірава, 12. Тэлефон — 21-3-53.
А.ХРЫШЧАНОВІЧ,
бібліятэкар Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэкі.