СЛЕД ВАЙНЫ
На мяжы з Лідскім раёнам, ля Нёмана знаходзіцца вёска Бандары. На пачатку дваццатага стагоддзя яна адносілася да Лідскага павета. Цяпер Бандары — маляўнічы куток Дзятлаўшчыны. Ад Лідскага раёна яго аддзяляе жывая мяжа — Нёман. Быў час, калі праз яго на чоўнах дзеці з Бандароў перапраўляліся на другі бераг у школу, што знаходзілася ў Беліцы. На жаль, цяпер Бандары належаць да ліку вёсак, у якіх жывуць пераважна людзі пажылыя. Дарэчы, сярод іх ёсць яшчэ і тыя, хто памятае майстэрства бондарства, якое і дало назву гэтай вёсцы.
Гісторыя Бандароў утрымлівае шмат цікавага. Пры польскай уладзе у гэтых маляўнічых мясцінах жылі два паны — Жаброўскі і Рафаловіч (дарэчы, вельмі знакаміты арыстакратычны род). Сядзіба аднаго з іх знаходзілася на беразе Нёмана.Другі пан уладкаваўся ў лясной цішы.
Напамінам пра далёкія падзеі — Айчынную вайну 1812 года– з’яўляецца напалеонаўская дарога, якая пралегла праз лес непадалёку ад Бандароў. А вось пра загінуўшых падчас адступлення французаў нагадвае стары курган.
Шмат “зарубак” у жыцці, на лёсах жыхароў вёскі пакінула Вялікая Айчынная вайна. Балючыя раны засталіся і ў душы Настассі Аляксандраўны Капцеўскай, цяперашняй жыхаркі горада Дзятлава, ураджэнкі Бандароў. Успаміны пра тыя далёкія гады сталі яе водгукам на артыкул “Сын шукае магілу бацькі”, апублікаваны ў 91-ым нумары”Перамогі” за 2009 год. Размова ў ім шла пра Якава Яўсеева, аднаго з удзельнікаў партызанскага атрада “Звязда” імя К. Каліноўскага.
ХАЛОДНЫ СНЕЖАНЬ 1943-ГА…
Напрыканцы 1943 года Настачцы было толькі тры з паловай года. Тым не менш, тыя жудасныя падзеі ракавога для яе сям’і года назаўсёды ўрэзаліся ў памяць. Нагадаў пра іх і прачытаны артыкул “Сын шукае магілу бацькі”.Падзеі,пра якія ідзе размова ў публікацыі, адбываліся на вачах Настассі Аляксандраўны.
– Бацькоўская хата, — прыгадвае мая суразмоўца,– стаяла непадалёку ад дарогі, на ўскрайку вёскі. Падчас вайны сюды заходзілі то партызаны, то немцы, бункер якіх знаходзіўся за сем кіламетраў ад Бандароў. Прыходзілі, каб узяць што-небудзь паесці ці апрануцца.
10 снежня 1943 года да нас прыйшлі трое партызанаў, сярод якіх быў і Якаў Яўсееў. Яны паснедалі, пагутарылі з бацькам. Вечарам пачалася страляніна. Разам з маленькай сястрычкай і мамай мы залезлі на печ. Сядзелі там, пакуль не перасталі страляць. Раніцай на нашым агародзе ляжалі два застрэленыя партызаны. Трэцяму з іх, верагодна, удалося ўцячы.
Гэта была бяда для нашай сям’і. Яна мела і цяжкія наступствы: 25 снежня 1943 года мой бацька Аляксандр Дамянікавіч быў расстраляны. Яшчэ і цяпер ў вачах стаіць той эпізод: два чалавекі стаяць пад вокнамі на падворку, двое прыйшлі ў хату. Яны дапытваюцца ў таты, ці ёсць ў яго ружжо, патроны, ці ёсць сувязь з партызанамі. Поўзаючы на каленях, я прасіла гэтых людзей не забіраць тату, крычала, што ён нікога не забіваў, што ён ні ў чым не вінаваты. Але мае слёзы не дапамаглі: тату вывелі з хаты і ў канцы вёскі забілі.
На гэтым жахі вайны не скончыліся. Доўгі час да нас прыходзілі невядомыя ўзброеныя людзі, дапытваліся ў матулі, хто забіў яе мужа. Аднойчы наставілі на яе ружжо. Маўляў, калі не скажаш, дык застрэлім. Прыгарнуўшы нас да сябе, яна адказала:”Страляйце ўсіх, не пакідайце дзяцей сіротамі”.
Яна не ведала, хто забіў мужа: у той час да нас прыходзілі , ронаўцы,немцы, партызаны. Прыходзілі,каб узяць паесці або апрануцца. Мая матуля, яшчэ маладая жанчына, ад усяго перажытага вельмі хутка пасівела.