“Без мінулага — няма будучыні” — сцвярджае народная мудрасць. З гэтай думкай згодны калектыў жылкамунгаса. Тут цэняць трывалыя традыцыі, у пашане ветэраны прадпрыемства. Да Дня пажылых людзей разглядаюцца і задавальняюцца заявы былых работнікаў. Па месцы жыхарства ветэранаў вытворчасці выязджаюць рамонтныя брыгады камунальнікаў, каб аказаць неабходную дапамогу. А ў 2007 годзе ў Дзень пажылых людзей для ветэранаў працы арганізацыя ладзіла сапраўднае свята (салодкі стол, экскурсія па камунгасу, музыка — усё гэта надоўга запомніцца гасцям).
Вялікая ўвага з боку кіраўніцтва і прафкам прадпрыемства камунальнай гаспадаркі надаецца спартыўнаму жыццю калектыва. Як вынік, першае месца ў раённым спаборніцтве сярод калектываў фізкультуры прадпрыемстваў, арганізацый і ўстановаў раёна. Каманда камунальнікаў атрымала дыплом райвыканкама і грашовую прэмію.
Другі год запар камунгас лідыруе ў раённым турыстычным злёце. Менавіта ў камунальнікаў сёння пераходны кубак гэтага спаборніцтва, яны настроены нікому яго не аддаваць надалей.
Як жа ўдаецца трымаць планку? Справа ў тым, што на прадпрыемстве часта ладзяцца спартыўныя спаборніцтвы па шашках, перацягванню каната, падняццю гіры. Традыцыйны стаў турыстычны злёт для калектыву РУП ЖКГ, які з кожным годам прываблівае ўсё больш людзей. Для актыўнага адпачынку ва ўрочышча Рыбакі работнікі прыязджаюць са сваімі сем’ямі. Мэта гэтага мерапрыемства — не высокія спартыўныя дасягненні, а заахвочванне людзей да масавага адпачынку на ўлонні прыроды. Дарэчы, пастаяннымі гасцямі калектыву падчас турзлёту і святаў з’яўляецца вядомая ў Беларусі і за яе межамі група “Да Вінчы”.
Пазнаёміцца з культурнымі, гістарычнымі і духоўнымі каштоўнасцямі нашай краіны камунальнікі і іх сем’і могуць падчас экскурсій. Яны пабылі ў Мінскім цырку, Жыровічах, на футбольных матчах у сталіцы. У планах — наведаць сядзібу-музей Дудукі.
Адміністрацыя і прафкам РУП ЖКГ лічаць, што наступнай буйной пакупкай, якая ўзбагаціць культурнае жыццё калектыву, стане відэакамера. Яна дазволіць здымаць стужкі падчас мерапрыемстваў і стварыць свой архіў пра работу і гісторыю жыцця жылкамунгаса.
М. ЗАХАРЭЎСКІ,
намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Дзятлаўскага РУП ЖКГ.