Мы так прывыклі да тых выгодаў, якія дае прыродны газ, што часам грэбуем сваёй бяспекай і сваіх блізкіх. Мы забываемся, што “блакітнае паліва” не толькі прыносіць карысць і стварае максімальна камфортныя бытавыя ўмовы, але і хавае ў сабе смяротную небяспеку. Толькі ў мінулым годзе пры неасцярожным выкарыстанні газу адбылося 14 здарэнняў, у якіх загінулі 17 чалавек. Гэта таму, што кватэранаймальшчыкі і ўласнікі кватэр парушаюць Правілы карыстання газам у быту, а таксама патрабаванні Правілаў тэхнічнай бяспекі ў галіне газазабеспячэння Рэспублікі Беларусь.
Адна з самых распаўсюджаных прычын няшчасных выпадкаў – засмечванне дымаходаў. У лютым мінулага года ў горадзе Баранавічы Брэсцкай вобласці ад атручвання чадным газам загінулі пяць чалавек і яшчэ трое пацярпелі. Тады з–за адсутнасці цягі ў дымавым канале чадны газ назапасіўся адразу ў чатырох кватэрах. У выніку стала вядома, што трагедыя адбылася не толькі па віне жыхароў. Супрацоўнікі ЖЭСа гэтага дома праводзілі праверку дымавых і вентыляцыйных каналаў самі, без прыцягнення спецыялізаванай арганізацыі. Але выявіць парушэнні ў сістэме адводу прадуктаў згарання можа толькі спецыяліст.
Яшчэ адзін выпадак быў у сакавіку 2006 года. У пасёлку Прылукі Мінскага раёна чадным газам атруціліся тры чалавекі – перад выкарыстаннем воданагравальніка жыхары не праверылі цягу ў дымаходзе. Як выявілі, дымаход быў засмечаны.
Здавалася б, не цяжка паднесці запалены запалак да каўпака газавага прыбора і праверыць наяўнасць цягі? Бо невялікі працэнт чаднага газу (усяго толькі 1-2) у памяшканні смяротны. Для назапашвання такой колькасці чаднага газу патрэбна зусім няшмат: пры недастатковым паветраабмене полымя гарэлак выпальвае кісларод, яго становіцца недастаткова для нармальнай работы гарэлак, газ згарае не поўнасцю, у выніку чаго і ўтвараецца “нябачны забойца” – вокіс вугляроду (СО), або чадны газ.
У зімовы час ёсць яшчэ адна небяспека: абмярзанне і ледзяная закупорка дымаходаў. У студзені мінулага года ў Віцебску па гэтай прычыне ў выніку атручвання чадным газам загінулі тры чалавекі. Вынікі расследавання паказалі, што вінаватым быў не толькі няспраўны дымаход: да трагедыі прывяло і парушэнне ўласнікамі дома правілаў бяспекі.
На жаль, людзі часта грэбуюць патрабаваннямі правілаў, не задумваючыся пры гэтым, што ставяць пад пагрозу самае каштоўнае – жыццё.
А каб гэтага не здарылася, захоўвайце наступныя правілы:
- правярайце адсутнасць засмечванняў у дымаходах і вентыляцыйных каналах, іх герметычнасць і адасобленасць, спраўнасць агалоўкаў і наяўнасць нармальнай цягі;
- не перастаўляйце самавольна газавае абсталяванне;
- не забудоўвайце ўводныя газаправоды з адключаючымі ўстройствамі;
- не пакідайце без нагляду працуючыя газавыя прыборы;
- не прымяняйце агонь для выяўлення ўцечак газу ў газаправодах і газавых прыборах;
- не карыстайцеся няспраўнымі газавымі прыборамі;
- не карыстайцеся праточнымі воданагравальнікамі ў выпадку адсутнасці цягі ў дымаходзе;
- не закрывайце рашоткі вентыляцыйных каналаў;
- не рамантуйце самастойна газавыя прыборы.
Неабходна ведаць, што праверкі і агляды дымавых і вентыляцыйных каналаў павінны праводзіць спецыялізаваныя арганізацыі з удзелам уласнікаў жылых дамоў. Вынікі афармляюцца адпаведным актам. Толькі своечасовае і граматнае тэхнічнае абслугоўванне ўнутрыдамавога газавага абсталявання, праводзімае прадпрыемствамі газавай гаспадаркі, можа папярэдзіць няшчасныя выпадкі ў быту і гарантаваць бяспеку. На жаль, некаторыя жыхары не прадастаўляюць доступ у кватэры і дамы для правядзення гэтых работ. У гэтым выпадку аб адмове інфармуюцца мясцовыя выканаўчыя органы і МНС.