27 студзеня па прапанове ААН зацверджаны як Дзень памяці пра Халакост – трагедыю яўрэйскага насельніцтва ў час другой сусветнай вайны. Не абышлі гэтыя падзеі і наш раён. Неаднаразова газета “Перамога” друкавала артыкулы, якія расказвалі пра падзеі, звязаныя з Халакостам на Дзятлаўшчыне.
Адзін з накірункаў дзейнасці музея “Гісторыя і культура народаў Дзятлаўшчыны” гімназіі № 1 – гэта пошукавая работа. Ужо некалькі гадоў збіраюцца ўспаміны сведкаў трагедыі Халакоста на Дзятлаўшчыне. Пра цікавыя набыткі і знаходкі карэспандэнтка гутарыць з Жаннай Славаміраўнай Нагавонскай, кіраўніком гімназічнага музея.
— Чаму ваш музей вырашыў заняцца пошукамі матэрыялаў менавіта па тэме Халакоста?
— Вывучаючы гісторыю горада, мы даведаліся, што ў Дзятлаве ў 1938 годзе праводзіўся перапіс насельніцтва, згодна якога ў мястэчку пражывалі 5763 чалавекі, з іх – 1620 хрысціяне, астатнія – яўрэі(па ўспамінах жыхара Дзятлава І. І. Белавуса).
У 2002 годзе, рыхтуючыся да 60-годдзя Халакоста на Дзятлаўшчыне, сутыкнулася з праблемай: амаль няма ўжо сведкаў трагедыі. Адзін з жывых сведкаў – А. Я. Каплан расказаў нам пра сваё выратаванне з гета. З таго часу і пачалася пошукавая работа: перапіска з членамі абшчыны дзятлаўскіх яўрэяў у Ізраілі, ЗША. Шмат цікавага было ў пісьмах ад былых вязняў гета. Спадзяюся, што з самымі цікавымі фактамі мы пазнаёмім вас, паважаныя чытачы “Перамогі”, на старонках газеты. Але ёсць шмат пытанняў, высветліць і даследаваць якія маглі б дапамагчы нам і жыхары Дзятлаўшчыны.
– Прайшло ўжо столькі гадоў пасля заканчэння вайны, няўжо спадзеяцеся знайсці яшчэ што-небудзь новае і цікавае?
— На жаль, падчас адраджэння нашай краіны з руін пасля вайны людзям было не да запісаў успамінаў. Аднак вялікую работу ў гэтым накірунку правялі супрацоўнікі раённага музея. Ёсць і іншыя людзі, якія неабыякава адносяцца да нашага пошуку. Так, у 2002 годзе, пасля публікацыі ў “Перамозе” артыкула “Сведка тых жудасных падзей”, дырэктару Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Ф. Ф. Красюку патэлефанавала Галіна Міхайлаўна Юшкевіч, супрацоўніца клуба в. Руда Яварская. Яна паведаміла пра знойдзеную ёю магілу ў лесе паміж вёскамі Малая Воля і Дубароўшчына, дзе нібыта пахаваны ці то доктар Атлас, ці Маркус Шлёма, сувязны партызанскага атрада. Гэта неабыякавая жанчына не толькі адшукала пахаванне, але і расчысціла магілку, высекла кустоўе вакол. Гэта – прыклад неабыякавасці нашых беларускіх людзей да трагедыі яўрэйскага народа.
Спачатку мы думалі, што Маркус Шлёма і Ёскель Атлас – гэта адзін і той жа чалавек, але гэта не так. Хацелася б знайсці магілу і другога героя. Прыйшлі ўжо адказы на запыты, якія мы праз ваенкамат адправілі ў ваенны архіў.
— Што дапамагае вам весці пошукавую дзейнасць?
— Супрацоўніцтва з дырэктарам музея яўрэйскай культуры ў г. Мінску І. П. Герасімавай, дырэктарам гісторыка-краязнаўчага музея ў г. Навагрудку Т. Р. Вяршыцкай. Асабліва хочацца адзначыць, што вялікі вопыт даследчай, а таксама выхаваўчай работы, якую неабходна праводзіць сярод школьнікаў, я атрымала ўдзельнічаючы ў міжнародных семінарах “Халакост і талерантнасць”. Падчас іх яшчэ пазнаёмілася з вялікай колькасцю цікавых людзей, якія займаюцца праблемай Халакоста не толькі ў Беларусі, але і за мяжой – у Расіі, на Украіне.
— Ці існуюць складаныя пытанні даследчай дзейнасці, на якія сёння няма адказу?
— Пакуль амаль невядома гісторыя гета ў Казлоўшчыне: дзе яно знаходзілася, калі ўтворана, як людзі ратаваліся, дзе пахаваны – версій шмат. На гэтыя пытанні хацелася б знайсці адназначныя адказы. Дакумент, які я прапаную для публікацыі на гэтай старонцы, можа зацікавіць чытачоў, якія, спадзяюся, адгукнуцца на артыкул і паведамяць нам сваю інфармацыю не толькі пра Ёскеля Атласа, але і іншыя факты трагедыі яўрэйскага народа на Дзятлаўшчыне. Наш кантактны тэлефон: 22-6-39 (запрасіць кіраўніка музея Жанну Славаміраўну Нагавонскую).
— Якія мерапрыемствы, прысвечаныя Халакосту, прайшлі сёлета ў гімназіі напярэдадні Дня памяці?
— У кожным класе праведзены тэматычныя гутаркі з вучнямі. Класныя выхавальнікі або настаўнікі гісторыі яшчэ раз нагадалі ім прычыны трагедыі, расказалі пра жудасныя факты гісторыі.
26 студзеня ў гімназіі ладзіўся мітынг-рэквіем, на якім вучні пачулі пранікнёныя словы пра Халакост. Таццяна Панасевіч і Настасся Буйко, вучаніцы 11 “Б” класа выступілі з урыўкамі са сваіх работ, у якіх выказалі адносіны да трагедыі, заклікалі людзей быць неабыякавымі да гора ўсіх народаў свету.
Дарэчы, напярэдадні Дня памяці маскоўскі фонд Халакосту даслаў граматы ўдзельнікам IY Міжнароднага конкурсу творчых работ “Урокі Халакосту – шлях да талерантнасці”. Менавіта іх і атрымалі Насця — за работу “Попел Халакосту стукае ў маё сэрца” і Таня за работу “Бабін Яр: людская памяць не можа маўчаць (па кнізе А. Кузняцова “Бабін Яр”) пра трагедыю кіеўскіх яўрэяў. Узнагароды атрымалі і кіраўнікі дзяўчынак – настаўніца рускай мовы і літаратуры Раіса Уладзіміраўна Лакіза і я, настаўніца гісторыі.
– Як вы лічыце, ці кранаюць сучасную моладзь падзеі тых далёкіх часоў?
– Спадзяюся, што кранаюць, бо як ацаніць тады той факт, што адразу пасля мітынга да мяне падбеглі некалькі дзяўчынак з восьмага класа, папрасілі даць пачытаць кнігу “Бабін Яр” А. Кузняцова. Наша моладзь талерантная да людзей розных нацый.
Хочацца верыць, што наша работа і надалей будзе спрыяць патрыятычнаму выхаванню беларускай моладзі. Мы з гонарам можам сказаць, што беларусам не трэба прасіць прабачэння ні перад яўрэямі, ні перад іншымі народамі свету за свае ўчынкі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Далейшы пошук дапаможа нам даказаць, што нашы землякі за выратаванне яўрэяў у гады вайны таксама дастойны насіць ганаровае званне “Праведнік міру”.