Зараз можна сустрэць шмат публікацый і аповядаў аб дзецях, іх бацьках і сем’ях. Сёння я таксама хачу расказаць аб адным адораным чалавеку, імя якога Сяргей Карнэлік.
Калі я толькі даведаўся, што трэба расказаць аб юным таленце сваёй мясцовасці, пытанняў ніякіх не ўзнікла. Чамусьці адразу мой выбар трапіў на Сяргея. І не толькі таму, што яго я ведаю лепш за астатніх. Хаця і ў гэтым праўда: пра такіх людзей расказваць лягчэй. Але гэта не галоўная прычына. У нас хапае дзяцей, пра якіх можна расказваць вельмі шмат. Многія не разумелі мой выбар: якое ж гэта дзіця, калі чалавеку ўжо 17 гадоў. Але гэта той перыяд, калі чалавек пачынае сталець і рыхтаваць сябе да дарослага жыцця. А ў Сяргея гэты пераход ужо адбыўся. Яго сур’ёзнасць, мэтанакіраванасць і рашучасць заслугоўваюць павагі.
Сяргей Карнэлік нарадзіўся ў звычайнай вясковай сям’і. Яго бацька ўвесь час працуе ў мясцовым СВК, а маці- загадчыца Дома бытавых паслугаў вёскі Сачыўляны. Сяргей не адзінае дзіця ў сям’і, яго малодшы брат Дзіма ў наступным годзе заканчвае школу і таксама рыхтуецца да паходу ў вялікае жыццё. З самага дзяцінства хлопец праяўляў сябе вельмі адказным і сур’ёзным чалавекам. І ўжо ў школе ён вырашыў звязаць сваё жыццё са спортам. Гэта было прадказальна: спорт патрабуе дысцыпліны і самааддачы. А гэтыя якасці ў Сяргея ёсць, што і прывяло да добрых вынікаў. Ужо з малодшых класаў хлопец пачаў займацца лёгкай атлетыкай. Часта прымаў удзел у спаборніцтвах, нярэдка перамагаў. Але тады разам з ім займаліся шмат яго аднагодкаў, якія ў нечым яго нават пераўзыходзілі. Прайшоў час, камусьці трэніравацца надакучыла, хтосьці палічыў гэта несур’ёзным, а ў некаторых проста не хапіла цярпення. А Сяргей здолеў выстаяць і перамагчы. За сваю ўпартасць і рашучасць ён і ўзнагароджаны добрымі вынікамі. Тут бачны яркі прыклад, калі чалавек сапраўды стварыў сябе сам. За свае 17 гадоў ён прымаў удзел у дзесятках спаборніцтваў раённага і абласнога ўзроўню. У некаторых відах у нашым Дзятлаўскім раёне канкурэнтаў Сяргею проста няма. На абласных спаборніцтвах ён часта паказваў добрыя вынікі. Гучных перамог не дабіўся, але гэтаму ёсць аб’ектыўныя прычыны: нават па узроўню трэніровак і матэрыяльнай базе не можа звычайны хлопец з сельскай школы на роўных змагацца з прадстаўнікамі дзіцячых спартыўных школ горада Гродна. Але за кошт свайго жадання і старання таксама можна дасягнуць многага. У гэтым годзе Сяргей трапіў у зборную каманду вобласці па шматбор’ю. Але, на жаль, прыняць удзел у чэмпіянаце рэспублікі хлопец не змог. Ён рыхтуецца да паступлення ў ВНУ і яго можна зразумець. Сёння без вышэйшай адукацыі цяжка нават у спорце.
Нядаўна Сяргей закончыў 11 клас Яварскай сярэдняй школы і зараз рыхтуецца да паступлення ў Гродзенскі дзяржуніверсітэт. Зразумела, на спецыяльнасць “Фізічная культура”. Яго стараннасць і вера ў поспех павінны і тут прынесці вынік.
Л. М. Герасімовіч, дырэктар Яварскай сярэдняй школы:
- За сваю доўгую працу ў школе я рэдка бачыла такіх старанных і мэтанакіраваных вучняў, як Сяргей. Такой працавітасці і ўпартасці можна толькі пазайздросціць. Дзякуючы старанню, вельмі часта ён пераўзыходзіў тых, хто вучыўся лепш, але працаваць не хацеў. Ён заслугоўвае таго, каб вучыцца ў ВНУ. Я веру ў яго здольнасці і жадаю, каб уступная кампанія-2007 стала для яго шчаслівая.
Вось, здаецца, і ўсё, што хацеў расказаць пра Сяргея Карнэліка. Можна дадаць, што ён яшчэ і сапраўдны сябар. Я ведаю яго ўжо каля дзесятка гадоў і магу сцвярджаць, што за ўвесь гэты час ён не здрадзіў ні сабе, ні сваім блізкім. Заўсёды спакойны, чулы, справядлівы. За гэта ён і падабаецца людзям. Хочацца верыць, што лёс ад яго не адвернецца, а самыя запаветныя мары абавязкова збудуцца. Удачы табе, Сяргей! Тваё дзяцінства ўжо заканчваецца.
Наперадзе — доўгая, цяжкая, але шчаслівая дарога. У добры шлях!
Сяргей ГЕРАСІМОВІЧ,
студэнт 2 курса Гродзенскага дзяржуніверсітэта.