“О, часы, о, норавы” — у гэтым антычным афарызме адлюстравана адна з галоўнейшых заканамернасцяў жыцця: няма нічога пастаяннага, усё змяняецца. Змяняемся і мы, людзі. А як адбываецца гэты рух (па спіралі або ў якойсьці іншай геаметрычнай прагрэсіі) — гэта ўжо іншае пытанне. А цяпер давайце паразважаем пра норавы сённяшніх дзяцей і падлеткаў, успомнім сваё юнацтва і дзяцінства.
ГУЛЬНІ, У ЯКІЯ ГУЛЯЮЦЬ ЛЮДЗІ
Дзяцінства пачынаецца з гульні. У часы майго дзяцінства, ды і ў падлеткавым узросце таксама( а гэта 80-90-я гады) папулярнымі былі дваровыя гульні. Магчыма, іх назвы і невядомы сённяшняму пакаленню маладых. Лета — гэта абавязкова “казакі-разбойнікі”,”чыжык”, “Алі-Баба”, “хованкі”, “лапта”. І яшчэ шэраг іншых даволі цікавых гульняў. Дарэчы, не саромеліся ўдзельнічаць у іх і 14-15-гадовыя юнакі і дзяўчаты. Усё гэта было ў норме. Гульні выклікалі ў нас захапленне, а вось матуляў, ды і бабуляў (да якіх часта прыязджалі ўнукі з горада) прымушалі хвалявацца, паколькі дзяцей дахаты было не дачакацца. У зімовую пару ўсёй вялікай кампаніяй мы ішлі коўзацца на лёд, катацца на санках або на кляёнках з горкі. Ляціш, і толькі дух захоплівае.
Сучасныя падлеткі шмат часу праводзяць у віртуальным свеце. І перавагу аддаюць віртуальным гульням. Камп’ютар, зразумела,– патрэбная і неабходная сёння рэч. Але ж усё павінна быць у меру. А калі камп’ютар замяняе і сяброў, і прагулкі на свежым паветры, падарожжы — гэта ўжо перабор. На дадзеную акалічнасць бацькі часам не звяртаюць увагі, бачаць у гэтым пэўны плюс. Дзіця сядзіць дома, ну, што з ім можа здарыцца? А трывогу біць трэба. Паколькі паступова адбываецца “замбіраванне” яшчэ не самастойнай дзіцячай і падлеткавай псіхікі (ды што тут гаварыць, калі і дарослыя часамі могуць “завісаць” у камп’ютары).
Камп’ютар — гэта яшчэ і інтэрнэт. Сусветная павуціна (якое трапнае слова!) з кожным годам набірае новыя і новыя абароты, новыя ахвяры. І ў ліку іх — дзеці і падлеткі. Нормай для многіх з іх стала наведванне сайтаў з разнастайнымі відэапрыколамі, якія даволі часта здзіўляюць сваёй жорсткасцю. Аднакласнікі збіваюць сябра і ўсё гэта пад дружны рогат, падпальваюць яму джынсы, пры гэтым выліўшы на іх запаленчую сумесь, назіраюць, як іх знаёмы б’ецца галавой аб сцяну — усё гэта падлеткамі ўсведамляецца як прыкол, своеасаблівая гульня. Гэта ж так весела, крута. Магчыма. Толькі калі б не было так сумна.
ДАЛОЎ РАМАНТЫКУ?
Яшчэ адзін з улюбёных спосабаў бавіць вольны час — пайсці з сябрамі “патусавацца”. Нярэдка — з бутэлькай (або некалькімі) піва, якім не грэбуюць ні хлопцы, ні дзяўчаты. Піва падлеткі ўспрымаюць як звычайны, а зусім не як алкагольны напой. Суправаджае такія кампаніі музыка, якая ліецца з “дынамікаў” мабільнага тэлефона. Яго мелодыі, уключаныя на “поўную катушку” аглушаюць, часам раздражняюць сваёй грубасцю, аднатыпнасцю. А яшчэ — нецэнзуршчынай і пахабшчынай. І як тут з настальгіяй не прыгадаць меладычныя найгрышы гітары, без якой калісьці немагчыма было ўявіць ніводную маладзёжную кампанію. Гучалі песні пра Асоль, якая чакае свайго Грэя. Цяпер гэтыя героі неактуальныя для сучаснага пакалення маладых. Часам здаецца, што яно жыве пад дэвізам “Далоў рамантыку”.
На мой погляд, для сучасных падлеткаў характэрна нейкая празмерная даросласць. Яна, у першую чаргу, праяўляецца ва ўзаемаадносінах двух палоў. Дзяўчаты і юнакі так хутка спяшаюцца стаць дарослымі, пазнаць граматыку кахання, забываючы пра тое, што сапраўднае каханне — духоўная субстанцыя, а не надварот. Неяк я спытала ў аднаго знаёмага падлетка, што ў яго разуменні каханне, ці было ў яго першае пачуццё? Адказ быў адмоўны. Юнак шчыра прызнаўся, што па-сапраднаму ён нікога яшчэ не кахаў. І з гонарам дадаў, што фізічны аспект кахання ў свае шаснаццаць гадоў ён ўжо ведае добра.