У Дзятлаўскім доме дзіцячай творчасці прайшоў Дзень сельскага школьніка. Гэтым мерапрыемствам завяршыўся Тыдзень пазашкольных установаў. Запоўненая амаль поўнасцю зала стала падцвярджэннем інтарэсу да гэтай падзеі з боку вучняў і настаўнікаў.
Тыдзень пазашкольных устаноў праводзіцца ў раёне не першы раз. Асноўная яго мэта — пазнаёміць школьнікаў з дзейнасцю Дзятлаўскага дома дзіцячай творчасці, цэнтра турызму і краязнаўства, Казлоўшчынскага эколага-біялагічнага цэнтра. На базе гэтых установаў дзейнічае вялікая колькасць самых разнастайных гурткоў, якія могуць зацікавіць кожнага. Мерапрыемства стала своеасаблівай рэкламай пазашкольнай дзейнасці ў раёне, а завяршылася ўсё сустрэчай з сельскімі школьнікамі.
Мерапрыемства не працягвалася доўга, але нават за гадзіну кожны мог пазнаёміцца з накірункамі гурткоў, выбраць сабе тое, што па душы. Спачатку выступілі прадстаўнікі Дзятлаўскага дома дзіцячай творчасці, якія прадставілі на суд гледачоў не толькі вершаваную прэзентацыю сваёй дзейнасці, але і шматлікія выставы. Асаблівую цікавасць у прысутных выклікаў гурток стэндавагамадэлявання, работы выхаванцаў якога пастаянна займаюць прызавыя месцы на абласных конкурсах. Тым больш такім накірункам у нашай вобласці займаюцца некалькі энтузіястаў. Дзятлаўскі цэнтр турызму і краязнаўства паказаў камп’ютарную прэзентацыю, з якой прысутныя маглі даведацца аб накірунках работы гурткоў, убачыць фотаздымкі з летняй аздараўленчай кампаніі.