Аб газеце
З ГІСТОРЫІ ГАЗЕТЫ “ПЕРАМОГА” ДЗЯТЛАЎСКАГА РАЁНА
Дзятлаўская раённая газета “За новую вёску” пачала выдавацца ў 1939 годзе па рашэнню ЦК КПБ і выходзіла да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Набіралася ўручную, а друкавалася на плоскадрукаванай машыне.
21 верасня 1944 года — год выхаду першага нумару газеты. Ішла Вялікая Айчынная вайна, народная гаспадарка разбурана нямецка-фашыцкімі захопнікамі. І “раёнка”, як калектыўны прапагандыст і арганізатар, мабілізоўвала сваімі палымянымі словамі людзей на дапамогу Чырвонай Арміі ў разгроме германскага фашызму, заклікала дзятлаўчан на ўдарную працу па аднаўленню разбуранай гаспадаркі, павелічэнню вытворчасці сельгаспрадукцыі, продажу яе дзяржаве.
На старонках газеты таго часу мы знаходзім такія заклікі: “Усё — для фронту”, “Усё — для перамогі над ворагам”, “Чырвонай Арміі — больш хлеба, мяса і малака!”, “Што ты зрабіў для перамогі над германскім фашызмам?”. У той час газета друкавалася ў Навагрудку, спачатку на двух палосах, перыядычнасцю два, а потым тры разы ў тыдзень, тыражом крыху больш за тысячу экземпляраў. Рэдактарам яе быў Міхаіл Пятровіч Жураўлёў.
Пасля вайны, у 1945 годзе газету перайменавалі і стала яна называцца “Сцяг камунізму”. Рэдактарам працаваў Фелікс Станіслававіч Станішэўскі.
3 красавіка 1952 года газета выходзіць на чатырох палосах фарматам у палову “Праўды”, тры разы ў дзень. Да 1952 года газета была органам Дзятлаўскага раённага камітэта КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Баранавіцкай вобласці. 8 студзеня 1954 года на падставе Пастановы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Дзятлаўскі раён увайшоў у склад Гродзенскай вобласці.
Згодна загада міністра культуры БССР ад 25 красавіка 1962 года і загада па Гродзенскаму абласному ўпраўленню культуры ад 8 мая 1962 года № 21 Дзятлаўская раённая рэдакцыя і друкарня былі ліквідаваны. Газета перастала выдавацца.
25 снежня 1962 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР быў ліквідаваны Дзятлаўскі раён. Яго тэрыторыя ўвайшла ў склад Лідскага, Навагрудскага і Слонімскага раёнаў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 6 студзеня 1965 года быў зноў утвораны Дзятлаўскі раён. Рэдакцыя Дзятлаўскай раённай газеты пачала працаваць з 29 сакавіка 1965 года на падставе загада № 9 Гродзенскага абласнога ўпраўлення па друку. Пастановай Гродзенскага абласнога камітэта КПБ раённая газета стала называцца “Перамога” — орган раённага камітэта КПБ і выканаўчага камітэта раённага Савета дэпутатаў працоўных. Газета набіралася лінатыпам і друкавалася на плоскадрукаванай машыне. 1 красавіка 1965 года выйшаў яе першы нумар. На першым нумары газеты “Перамога” стаіць нумар 1773. Рэдактарам яе быў Рыгор Пятровіч Кавальчук, які аддаў газеце 14 гадоў жыцця. У 1979 годзе ён памёр.
У гэтым жа годзе рэдактарам газеты “Перамога” быў прызначаны Станіслаў Дзмітрыевіч Барысаў, адпрацаваў на гэтай пасадзе 9 гадоў. Памёр Станіслаў Дзмітрыевіч 21 снежня 1997 года.
У лютым 1987 года рэдактарам “раёнкі” зацверджаны Іван Антонавіч Кіслы, з ліпеня 2005 года галоўны рэдактар раённай газеты “Перамога” Алег Мікалаевіч Кудзінаў.
У жыцці журналістаў рэдакцыі, як і многіх працоўных калектываў, пэўны час былі эканамічныя цяжкасці. Сёння гэта ўжо пройдзены этап. Становішча спраў стабілізавалася.
У рэдакцыі склаўся творчы калектыў. Шмат сіл і творчай энергіі аддавалі ў свой час газеце Уладзімір Васько, Валянціна Смірнова, Васіль Пранкевіч, Мікалай Сакольчык, Мікалай Янушкевіч, Міхаіл Бабок, Леанарда Юргілевіч, Мікалай Жыхар, Мечыслаў Трахімовіч і іншыя.
Сёння многія з іх на пенсіі, некаторыя пакінулі рэдакцыю па сямейных абставінах, жывуць і працуюць у іншых мясцінах.
З удзячнасцю называем прозвішчы і імёны актыўных сельскіх і рабочых карэспандэнтаў “Перамогі”, які дапамагалі і дапамагаюць цяпер рабіць “раёнку” аператыўнай, змястоўнай, забяспечваюць яе цікавай інфармацыяй з месцаў падзей. Гэта Міхаіл Захарэнка, Тамара Палховіч, Аляксандр Васюкевіч, Галіна Чура, Ірына Тарасевіч, Георгій Белуш, Аляксандр Нячай, Фёдар Красюк, Алег Мяцеліца і іншыя.
Цяпер газета выходзіць 2 разы на тыдзень — па серадах і суботах. З 1 жніўня 2004 года рашэннем раённага выканаўчага камітэта рэдакцыя пераведзена на пашыраны фармат друку па суботах на 8 старонках, што дазволіла пашырыць інфармацыйнае поле газеты. Над гэтым старанна працуюць у рэдакцыі Барыс Яўсейчык, Іна Яўсейчык, Алена Дзікалава, Надзея Мацюкевіч, Алена Кароль, Марыя Стракоўская, Ірына Стырнік, Марына Ляошка, Ганна Лях, Дзмітрый Ягораў.
Газета “Перамога” друкуецца цяпер у Лідскай друкарні, дастаўляецца аўтатранспартам Лідскага вузла паштовай сувязі. Тыраж раёнкі пастанны — больш за тры тысячы экземпляраў. Журналістамі розных пакаленняў рэдакцыі выпушчаны на сёння больш 7700 нумароў “Перамогі”. У перспектывах і планах рэдакцыі пераход на пашыраны фармат друку, выпуск газеты ў каляровым афармленні.
А. КУДЗІНАЎ,
галоўны рэдактар газеты “Перамога”.