У сярэдняй школе №1 горада Дзятлава прайшоў раённы этап конкурсу ”Настаўнік года”. На выхад у фінал прэтэндавалі 8 настаўніц раёна. Далейшую барацьбу прадоўжылі толькі пяць педагогаў — настаўніца рускай мовы і літаратуры СШ №3 г. Дзятлава Т. Калашнікава, настаўніца замежнай мовы гімназіі №1 г. Дзятлава І. Зубрыліна, настаўніца пачатковых класаў СШ №1 г. Дзятлава Н. Шырко, настаўніца пачатковых класаў Наваельнянскай сярэдняй школы А. Баковіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры Лявонавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы А. Радзівон.
Фіналістаў павіталі і пажадалі ім поспехаў начальнік аддзела адукацыі райвыканкама, старшыня журы І. Кухарэвіч, а таксама пераможца раённага этапу конкурсу “Настаўнік года-2008″ А. Стракоўская.
Любы конкурс — гэта творчая работа, а калі ў ім прымаюць удзел людзі такой творчай прафесіі, як настаўнік — конкурс атрымліваецца яшчэ больш насычаным і цікавым. І гэта датычыцца кожнага з яго этапаў.
Першым з іх стала візітная картка. Гэта — своеасаблівае знаёмства з удзельніцамі, у час якога яны расказвалі пра сябе, сваю працу. Шырыню кругагляду дазволілі выявіць брэйн-рынг, а таксама конкурс праблемных сітуацый. Сур’ёзным выпрабаваннем для ўдзельніц стала абарона свайго адукацыйнага праекта. Прывіць любоў да чытання, пашырыць культурны кругагляд ставіць мэтай праект “Гуманізм яднае людзей і часы”, па якім на уроках рускай літаратуры працуе Т. Калашнікава. Аб асаблівасцях модульнага выкладання рускай мовы расказала А. Радзівон. “У гасцях у прыказак і прымавак” — такую назву мае адукацыйны праект, распрацаваны настаўніцай пачатковых класаў А. Баковіч. Праект, па якім працуе яе калега, — Н. Шырко, скіраваны прывіць у пачаткоўцаў любоў да чытання. Аб міжнародных інтэрнэт-праектах, удзел у якіх прымаюць вучні гімназіі, у прыватнасці– удзельнікі клуба “Субяседнік” расказала настаўніца замежнай мовы І. Зубрыліна.
Апошні этап конкурсу “Свет маіх захапленняў” ставіў перад сабою пытанне: ці можна сумясціць такія паняцці, як настаўнік і хоббі. Як высветлілася — магчыма, паколькі гэтае выпрабаванне яшчэ раз пацвердзіла, наколькі педагогі таленавітыя людзі — і ў сваёй рабоце, і па-за ёй.
Самым хвалюючым момантам стала падвядзенне вынікаў. Гэта зрабіў старшыня журы І. Кухарэвіч. Разам з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама М. Мацюкевічам ён уручыў дыпломы пераможцам конкурсу — І. Зубрылінай, Н. Шырко, А. Баковіч, пажадаў ім і надалей трымаць такі ж высокі ўзровень прафесійнага майстэрства. А лепшаму педагогу раёна — І. Зубрылінай ён пажадаў годна прадставіць Дзятлаўшчыну на абласным этапе конкурсу “Настаўнік года-2011″.
Пераможцаў конкурсу, яго фіналістаў павіншаваў, уручыў ім памятныя сувеніры старшыня раённага прафкама работнікаў адукацыі і навукі С. Фабішэўскі.
Не спыняцца на дасягнутым, новых творчых поспехаў пажадала пераможца раённага этапу конкурсу “Настаўнік года — 2008″ А. Стракоўская.
А. ДУБРОЎСКАЯ.
Пакінуць адказ