1 ліпеня стогадовы юбілей адзначыла жыхарка вёскі Хвінявічы Алена Якаўлеўна Пуйта. Са святам яе павіншавалі начальнік аддзела па грамадзянству і міграцыі аддзела ўнутраных справаў Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Іванаўна Ламака, старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Ядэйка, выконваючы абавязкі старшыні СВК “Хвінявічы” Станіслаў Уладзіслававіч Кончык. Ва ўрачыстай абстаноўцы доўгажыхарцы ўручылі новы пашпарт і каштоўны падарунак.
Алена Якаўлеўна многае перажыла ў жыцці. З ранніх гадоў яна, ураджэнка вёскі Гудзінішкі Радуньскага раёна, была прывучана да працы. Умела шыць і вышываць, вязаць, ткаць, выпякаць хлеб.
У гады Вялікай Айчыннай вайны разам з мужам Міхаілам Якаўлевічам дапамагала партызанам: мыла бялізну, даглядала параненых. Міхаіл Якаўлевіч быў партызанскім сувязным, ўзнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.
Алена Якаўлеўна выгадавала трох дзяцей: сына і двух дачок, мае 6 ўнукаў і 9 праўнукаў. Сын трыццаць гадоў праслужыў у Савецкай арміі, цяпер на пенсіі, жыве ў Санкт-Пецярбургу. Дзве дачкі Алены Якаўлеўны сталі педагогамі.
Дзеці, унукі і праўнукі вельмі ўдзячныя сваёй матулі, бабулі і прабабулі за яе клопат, дабрыню і спагаду, за тое душэўнае цяпло, якое сагравае іх заўсёды.
А.ДУБРОЎСКАЯ.