6-га ліпеня на беразе верхняга возера ў Дзятлаве адбылося свята Купалле. Яго ладзілі работнікі раённага Дома культуры: запрасілі дзятлаўчан паслухаць купальскія песні, павесяліцца ля купальскага вогнішча, паўдзельнічаць у розыгрышах.
Летні лівень, які пасля абеду абрынуўся на горад, — не перашкода святу.
– Мы ўжо прызвычаіліся, што на Купалле – дождж, — зазначае дырэктар РДК Таццяна Губко. – Але да пачатку святочнай праграмы паспелі і сцэну прыбраць, і вянкоў наплесці. Свята адбудзецца, нягледзячы ні на якія “катаклізмы”.
А восьмай гадзіне купальскі гурт накіроўваецца да возера: нясе Купаліш купальскае кола, грае музыка на гармоніку, зазываюць гараджан на свята дзяўчаты.
Купалле – здаўна адно з шануемых беларусамі народных святаў. Ладзяць яго і ў гарадах, і ў вёсках. Пачуўшы музыку, збіраюцца на беразе азярыны і дзятлаўчане.
– З Купаллем вас вітаем, дабра, радасці жадаем, — звяртаюцца да дарослых і дзятвы Купалінка і Купаліш. Сёння іх ролі выконваюць Марына Варган і Максім Маліноўскі.
І вось ужо плыве над вадою купальская песня, а за ёю – і вянкі, сплеценыя з летніх красак. У карагодзе кружацца дзяўчаты. Ды толькі не па душы такое гулянне нячысцікам: з крыкам і енкамі ўрываюцца яны ў святочны карагод, пужаюць прыгажуняў.
Але, як у добрай тэатральнай дзеі, усё заканчваецца перамогай дабра і святла. Купаліш праганяе чароўным купальскім агнём цёмныя сілы. Праз хвіліны злосныя чарцяняты са старым чортам ператвараюцца ва ўсмешлівых істотаў. Гэта яны – удзельнікі студыі “Мелодыя душы” на чале з кіраўніком Іванам Каско палохалі купальскіх карагодніц.
Тым часам месца на купальскай сцэне займае народны ансамбль музыкі і песні “Ятранка”, кіраўніком якога з’яўляецца Ганна Панько. Народныя песні ў іх выкананні добра ўплятаюцца ў песенны вянок купальскага свята.
З творчасцю “ятраначак” штораз ахвотна знаёмяцца не толькі дзятлаўчане, гэты калектыў ведаюць далёка за межамі раёна: была “Ятранка”, нагадаю, у Літве, дзе цёпла яе сустракалі гараджане і вяскоўцы, удзельнічаў калектыў у раённых і абласных святах, конкурсах, фестывалях.
Як толькі ўдаецца Купалішу запаліць купальскае вогнішча (а дождж жа ўдзень быў – не жартачкі!), дзяўчаты запрашаюць у купальскі карагод дзятлаўчан, гасцей свята, прапануюць выпрабаваць удачу ў латарэі, дзе кожны восьмы білецік – выйгрышны.
Галоўны ж прыз – чайны сервіз на 12 персон дастаецца не дзятлаўчанцы-гаспадыні, а прадстаўніку моцнай паловы. У латарэі “Папараць кветка” шанцуе маладому чалавеку, у якога якраз 7-га ліпеня – Дзень нараджэння.
Віншаванні ў час купальскай дыскатэкі атрымліваюць не толькі Іваны да Іванавічы, а і студэнты, маладажоны, юбіляры. Весела праходзіць танцавальны марафон. І купальскае вогнішча тухне далёка за апоўнач.
І. МІХАЙЛОЎСКАЯ.
Пакінуць адказ