Кандытарскі цэх – месца, дзе пачынаецца салодкая казка. Гэта запаветная мара не толькі дзяцей, але і дарослых-салодкаежак. Хто ж не любіць прыгожыя торты з крэмам, аздобленыя рознакаляровай “квеценню” або розныя па форме і смаку пірожныя? Але не кожны ведае, што нашы торцікі не сыходзяць з канвеера, а вырабляюцца ўмелымі рукамі і невычэрпнай фантазіяй майстрыц-кандытараў Дзятлаўскага райграмхарчу.
Сёння кандытарскі цэх працуе ў дзве змены па чатыры чалавекі ў кожнай. Калектыў цэха атрымлівае неблагія вынікі стараннай працы: выпускаюць ад 3 да 3,5 тоны кандытарскіх вырабаў у месяц (58 відаў) і 12,5 тоны – хлебабулачных (36 найменняў).
Як тыя казачныя папялушкі, нашы кандытары выкрадаюць па некалькі гадзінаў на сон і пачынаюць работу не засветла, а глыбокай ноччу. Каб у 7 гадзінаў раніцы пакупнікі убачылі гарачыя булкі, жыццё ў цэху кіпіць з 2 гадзінаў ночы. А раніцай свежая, яшчэ гарачая, здоба “едзе” ў магазіны нашага раёна, у школы і дзіцячыя садкі. Пунктамі рэалізацыі мясцовых кандытарскіх вырабаў з’яўляюцца магазін “Міраж” у райцэнтры, наваельнянскі кафетэрый, які нядаўна абнавіў свой знешні выгляд, а таксама кожны з харчовых магазінаў райспажыўтаварыства.
Нязменнымі заслужанымі кіраўнікамі калектыву, яго натхняльнікамі з’яўляюцца брыгадзіры цэха і ветэраны кандытарскай справы – Людміла Заяц і Ніна Патыш. Больш за 30 гадоў яны прысвяцілі любімай справе. Ды не стаміла іх шматгадовая работа па выпечцы: румяныя прыгажуні-кандытары дадуць фору нават маладзіцам. Многія гады на кандытарскай ніве працуе кандытар Надзея Грыб, якой дапамагаюць у справе энергічныя Таццяна Шайпук і Святлана Венская.    
– Пра дзяўчат хочацца казаць толькі добрыя словы, – характарызуе работніц цэха дырэктар Дзятлаўскага райграмхарчу Таццяна Грыцюк. – Працуюць, завіхаюцца, як пчолкі. Вядома ж, не толькі ад рэцэптуры і прадуктаў залежыць смак печыва, але ў многім – і ад настрою яе стваральнікаў.
Дзятлаўскі кандытарскі цэх працуе для жыхароў Дзятлава і раёна. На пытанне, ці збіраюцца “асвойваць” суседнія з намі гандлёвыя прасторы, Таццяна Аляксандраўна ўсміхаецца:
– Мы ўдзячныя, што наша прадукцыя падабаецца землякам-дзятлаўчанам, але і жыхары іншых раёнаў знаёмяцца з нашай прадукцыяй у час рэспубліканскіх святаў (Дзень пісьменнасці), рыцарскіх турніраў, музычных прадстаўленняў.
Па правераных часам зборніках і рэцэптурах, зацверджаных кулінарным саветам, выпякаюцца “Венеры”, “Вікінгі” “Лімончыкі”, “Майскія” і іншыя прысмакі з паэтычнымі назвамі, якія пасля “зборкі” і крэмавай аздобы чакаюць свайго часу ў абноўленым пасля рамонту “халодным” пакоі кандытарскага цэху – пакуль трапяць у магазін, а там – і на святочны стол, упрыгожаннем якога, безумоўна, стануць. Карыстаюцца попытам таксама святочныя двух’ярусныя і нават трох’ярусныя торты разнастайнай формы, заказы на якія заўжды прымае кандытарскі цэх.
Тэхнолаг райграмхарчу Наталля Шмыгін з гонарам падзялілася сакрэтам папулярнасці прадукцыі мясцовых кандытараў:
– Таму і любяць наша печыва людзі, што яно натуральнае: сметанковае, з натуральным жывёльным маслам, а не раслінным маргарынам, свежае і духмянае, якое выпякаецца ад душы і з зычаннем дабра.
Але ніякія словы не перададуць прыемны смак булкі або пірожнага. Лепшы спосаб павіншаваць кандытараў з надыходзячым святам – самім пакаштаваць салодкія плады іх працы.
Матэрыялы старонкі падрыхтавала Н. АВЯРЧУК.