Хросных бацькоў інакш называюць успрымальнікамі. Калі хрысцяць немаўлят, яны ж не разумеюць, што робіцца, таму ў гэты момант менавіта хросныя бацькі ўспрымаюць веру за дзіця. Яны абавязуюцца перад Богам зрабіць з хрэсніка набожнага хрысціяніна: ужо ў яго разумным узросце навучыць хрысціцца, маліцца, хадзіць у царкву. Хросныя маці і бацька – людзі, які на працягу ўсяго жыцця суправаджаюць хрэсніка, падтрымліваюць яго, вучаць, аберагаюць. Таксама вельмі важна і тое, каб хрэснік маліўся за сваіх хросных бацькоў. Малітва мае вялікую сілу перад Госпадам. Чалавек веруючы павінен разумець гэта.
Немалаважна, каб хросныя бацькі гутарылі са сваім хрэснікам не толькі пра Бога і веру, але і вялі задушэўныя, даверлівыя размовы. Хросныя павінны старацца прыходзіць на ўсе вялікія святы, напрыклад, Вялікдзень, Ражство, на Дзень анёла. Дарэчы, Дзень анёла лічыцца не менш важным, чым дзень нараджэння.
Дарослыя хросныя бацькі павінны адносіцца да свайго хрэсніка, як да роднага дзіця, бо яны за яго ў адказе перад Богам. І калі што-небудзь упусцяць – пазней жа за яго і будуць у адказе. Таму варта добра падумаць, каму вы можаце даверыць сваё дзіця, выбар павінен быць вельмі адказным.
Традыцыя запрашаць хросных бацькоў вельмі старажытная. Яна прыйшла да нас з часоў Візантыі. Хросныя даюцца ў дапамогу родным бацькам і павінны аказваць не столькі матэрыяльную падтрымку, колькі духоўную. Хроснымі могуць быць родныя, стрыечныя браты і сёстры, а таксама сябры, знаёмыя. Не могуць разам хрысціць дзіця родныя брат і сястра. Абавязкова патрэбна, каб хроснымі былі людзі, не маладзейшыя 14 гадоў, аднаго веравызнання з дзіцяці.
Неабходна выканаць і наступную ўмову: калі хрысціцца дзяўчынка праваслаўная, то і хросная маці павінна быць абавязкова гэта ж веравызнання, калі хрысціцца хлопчык, то праваслаўным абавязкова павінен быць хросны бацька.
Да нядаўняга часу працэдура хрышчэння дзіця мела спрошчаны варыянт. Андак з красавіка гэтага года (пасля Вялікадня) уведзены новыя патрабаванні да хросных бацькоў. Неабходна будзе родным бацькам і хросным дзіця на працягу 40 каляндарных дзён з моманту рэгістрацыі прайсці падрыхтоўку (абвяшчэнне) да Таінства хрышчэння. Абвяшчэнне ўключае ў сябе цыкл тэматычных гутарак са свяшчэннаслужыцелем і праверку ведаў па кожнай з пройдзеных тэм; самастойнае чытанне Евангелля і разбор незразумелых месцаў са святаром; хатнюю малітву, аб’ём якой вызначаецца разам са свяшчэннаслужыцелем; пасільны ўдзел у літургічным царкоўна-грамадскім жыцці прыходу; спавядальныя гутаркі напярэдадні хрышчэння. Умовай хрышчэння немаўля з’яўляецца абавязковы ўдзел бацькоў і хросных у таінствах споведзі і прычашчэння. Дзеці, чые бацькі і хросныя з’яўляюцца актыўнымі прыхаджанамі, хрысцяцца без папярэдняга абвяшчэння.
Калі чалавек цяжка хварэе або існуе пагроза яго смерці, то хрышчэнне ажыццяўляецца неадкладна. Ахрышчаны пасля выздараўлення павінен прайсці курс катэхізацыі. Пра кожны такі выпадак святар паведамляе свайму Правячаму Архіярэю. Хрышчэнне на даму праводзіцца святаром толькі ў выпадку цяжкай хваробы.
Напрыканцы свайго аповяду хачу пажадаць усім дапамогі Божай у выхаванні – і родным бацькам, і хросным, здароўя і дабрабыту, няхай Гасподзь заўсёды аберагае і ахоўвае вас.
Свяшчэннік Расціслаў САЛАЎЁЎ, блачынны цэркваў Лідскай акругі, місіянер Навагрудска-Лідскай епархіі.
Пакінуць адказ