Улюбёныя ва Хрысте браты і сёстры!
Сардэчна вітаю кожнага з вас такімі доўгачаканымі і жыццесвярджальнымі словамі: Хрыстос Уваскрэс!
Светлай вясёлкай над патокам нянавісці і пакутаў ззяе чалавецтву Уваскрэсенне Хрыстова. На зямлі не было і не будзе падзеі больш велічнай і цудоўнай. Велікодная радасць абдымае ўвесь Сусвет, усе часы, усе пакаленні людзей. Вера вернікаў, надзея тых, хто спадзяецца, праўда праведных, любоў тых, хто любіць – усё гэта сумясцілася у адным радасным воклічы: “Хрыстос Уваскрэс!”. Гэтымі кароткімі словамі дадзены адказ на ўсе пытанні мудрых пра сэнс жыцця. Уваскрэс Выратавальнік – і людзям адкрыўся шлях да шчаслівага бессмяроцця, да ўвасрэсення ў любові Божай. Паколькі Гасподзь, па словах свяціцеля Афанасія Вялікага, дасягнуў перамогі над смерцю, а нас уваскрэсіў разам з Сабой, разбурыўшы ланцугі смерці і даўшы замест клятвы — благаславенне, замест смутку – радасць, замест жалобы – велікодную ўрачыстасць. Каб ажыццявіць выратаванне, Бог, па сваёй любові, прынёс у ахвяру Самога Сябе. Ён выцерпеў вялікія пакуты, смерць на крыжы і ўваскрэс на трэці дзень з труны. Таму для хрысціян няма больш радаснай і святой ісціны, чым ісціна Уваскрэсення Хрыстова. Уваскрэснуўшы з мёртвых, Ён “ужо не памірае: смерць ужо не мае над ім улады” (Рім. 6,9), і жыццё жыве. Сваім слаўным уваскрэсеннем Гасподзь даў нам упэўненасць у тым, што Ён “уваскрэсіць і нас сілаю Сваёю” (1 Кор. 6,14). Увасрэсенне Выратавальніка з’яўляецца для нас пачаткам новага, вечнага жыцця. Цяпер смерць для нас стала іншай, стала ўспеннем. Усялякі паміраючы ва Хрысце, нібы засынае да таго моманту, калі труба анёла разбудзіць яго ў дзень уваскрэсення мёртвых. Таму смерць не страшная хрысціяніну. Свяціцель Іаан Златавуст у сваім абвяшчальным слове на Вялікдзень гаворыць так: “Никтоже да убоится смерти, свободи бо нас Спасова смерть”. Вера ў Уваскрэсенне Хрыстова дае нам адказ на вечнае пытанне чалавецтва: што чакае яго пасля смерці, ці не закончыцца ўсё са смерцю?
Уваскрэсенне Хрыстова гаворыць нам, што ёсць будучае вечнае жыццё, і што кожнаму з нас належыць стаць спадчыннікам гэтага жыцця. Свяціцель Феафан Затворнік указвае, што ў Уваскрэсенні Хрыстовым мы бачым “пресечение тления, засеменение пресветлой жизни и зарю будущей вечной славы».                   
Сёння мы, радуючыся і святкуючы, напэўна, не спяшаемся задумацца аб тым, што Вялікдзень павінен пакінуць у нашых душах, якую карысць мы павінны ўзяць з яго. Уваскрэсенне Хрыстова заклікае нас верыць ва ўласнае ўваскрэсенне. Яно ўзвышае нашу чалавечую годнасць, пабуджае да выканання запаведзяў Гасподніх, умацоўвае нашы духоўныя і цялесныя сілы ў нясенні жыццёвага крыжа. Яно напаўняе наша жыццё сэнсам, усяляе веру ў будучыню.
Уваскрэсенне Хрыстова з’явілася працягам любові Стваральніка да Свайго тварэння. Таму і мы павінны адчуць любоў да сваго Стваральніка, адзін да аднаго. Вынікам гэта любові будзе ўваскрэсенне нашых душаў, знікненне нянавісці і зла, разбурэнне перашкодаў. Толькі ў гэтым выпадку мы зможам стаць сапраўднымі дзецьмі Божымі.
На Тайнай вячэры, звяртаючыся да Сваіх вучняў, Ісус Хрыстос сказаў: “Па тым даведаюцца ўсе, што вы мае вучні, калі будзеце мець любоў між сабою” (Ін. 13, 35). На жаль, у наш час нам так не хапае любові. Няхай у гэтую велікодную ноч кожны задасць сабе пытанне і пастараецца шчыра адказаць: ці ёсць у мяне любоў, ці вучань я Хрыста? Ад правільнага адказу многае можа змяніцца ў нашым жыцці да лепшага.
Светлая радасць Уваскрэсення Хрыстова злучацца з цвёрдай надзеяй на перамогу праўды і святла ў нашым жыцці. Перамога гэтай праўды неабходна нам заўжды і асабліва ў цяперашні няпросты час. Таму мы молімся Уваскрэсламу Выратавальніку, каб Ён даў нам мудрасць і сілы справіцца з тымі надзённымі праблемамі, якія стаяць перад намі.
Віншую вас, браты і сёстры, са светлым святам Уваскрэсення Гасподня. І няхай Уваскрэслы Хрыстос асвячае наш розум святлом Святога Евангелля, душу – любоўю Крыжа Свайго, сэрца – чысцінёй словаў Сваіх, каб здзяйсняць нам свой жыццёвы шлях, пастаянна навучаючыся ў ісцінах Яго выратавальнай веры, захоўваючы між сабою мір, адзіства, братэрства і любоў.
Хрыстос Уваскрэс! Сапраўды Уваскрэс!
Мне застаецца нагадаць, што 7 красавіка ў раённым Доме культуры адбудзецца велікоднае прадстаўленне нядзельнай школы, якая працуе пры храме Прэабражэння Гасподня г. Дзятлава. Пачнецца яно ў 18 гадзін. Прыходзьце, калі ласка!
Пратаіярэй Мікалай ПІНЧУК,
Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, настаяцель прыходу храма Прэабражэння Гасподня г.Дзятлава.