Летась у Дзятлаўскім раёне зарэгістраваны 76 крадзяжоў з кватэраў і хат. У асноўным пацярпелі ад злачынства адзінокія састарэлыя жыхары вёсак. Каб не страціць сваю маёмасць і папярэдзіць крадзеж, важна ведаць, як сябе весці ў той ці іншай небяспечнай сітуацыі.
ПРЫ СПРОБЕ ЧУЖЫХ ТРАПІЦЬ У ВАШ ДОМ
* Званок у дзверы. Вы пытаецеся: “Хто там?” Вам адказваюць: “Паштальён”, “Слесар з ЖКГ”, “Сацыяльны работнік” і г.д., або “З сэрцам дрэнна, дайце вады”. Вы гледзіце ў дзвярное вочка або праз акно, бачыце чалавека і адчыняеце дзверы. А за дзвярыма – не адзін чалавек, а некалькі, якія ўрываюцца ў ваш дом, зачыняюць вас у адным з пакояў, перакопваюць усё жыллё ў пошуках нажывы. Што рабіць у такой сітуацыі? А калі гэта на самой справе слесар або сацыяльны работнік? Праверыць па тэлефоне вы не можаце – у ЖКГ занята або не бяруць трубку. Аптымальным рашэннем стане тэлефонны званок суседзям, з чыёй кватэры або дома бачна ваша пляцоўка. Яшчэ лепш, калі суседзі адчыняць дзверы разам з вамі – з упэўненасцю можна сказаць, што вас не абкрадуць.     
* Другім з найбольш распаўсюджаных выпадкаў кватэрных крадзяжоў з’яўляецца крадзеж “па-цыганску”. На цыганскія хітрасці, як правіла, паддаюцца людзі пажылога ўзросту. Праходзіць такі крадзеж па адным і тым сцэнарыі: званок у дзверы, жанчына просіць папіць вады або прапануе рэчы па нізкай цане і г.д. Вы прапускаеце яе ў кватэру, а самі ідзеце па кубак з вадой. У гэты час яна віхорам праносіцца па ўсіх вашых шафах і тумбачках. Затым спакойна п’е ваду і развітваецца з вамі. А праз некаторы час вы выяўляеце прапажу. Папярэдзіць такую бяду можна так: перш чым спытаць “Хто там?”, паглядзіце ў вочка ў дзвярах, калі ўбачыце мужчыну або жанчыну цыганскай знешнасці, адразу званіце ў міліцыю, але не папяпрэджвайце няпрошаных гасцей аб гэтым.

УЗЛАМАНЫЯ АБО АДЧЫНЕНЫЯ ЎВАХОДНЫЯ ДЗВЕРЫ
* Не ўваходзьце ў кватэру. Зайдзіце да суседзяў, раскажыце ім пра здарэнне і патэлефануйце ў міліцыю.
* Разам з суседзямі забяспечце ахову месца здарэння да прыезду міліцыі, а таксама назірайце за вокнамі і балконамі кватэры знадворку.
* Калі зламыснік паспрабуе збегчы з кватэры, блакіруйце выхады, па магчымасці, разам з суседзямі затрымайце яго. Калі затрымаць не ўдалося, запомніце яго прыкметы, накірунак следавання, нумар аўтамашыны і г.д. Паведаміце аб гэтым міліцыянерам.

У ВАШАЙ КВАТЭРЫ – ЗЛАМЫСНІК
* Падыміце шум, трывогу. Заваліце мэбляй і рэчамі праход. Выйдзіце на балкон, разбіце аконнае шкло. Прыцягніце ўвагу суседзяў і прахожых крыкамі. У крайнім выпадку, можна закрыцца ў ванным пакоі і пусціць ваду на падлогу (ваша бяспека каштуе больш, чым непрыемнасці з суседзямі).
* Абараняйцеся любым спосабам, выкарыстоўвайце права неабходнай абароны. Для абароны прымяняйце прадметы, якія знаходзяцца пад рукой (нож, стул, посуд і г.д.).
* Памятайце, што ніхто не мае права без вашага дазволу або санкцыі пракурора парушыць недатыкальнасць вашага жылля і ўвайсці ў яго.
* Аказаўшыся ў небяспецы, неадкладна паведаміце ў міліцыю, папярэдзьце суседзяў.
Т. ПРАТАКОВІЧ,
начальнік следчага аддзялення Дзятлаўскага РАУС.