Дзмітрый Мікалаевіч Саўко — адзін з лепшых старастаў Войневіцкага сельсавета. На яго плячах — клопат пра вёску Пруд. Сюды многа гадоў таму ён пераехаў пасля жаніцьбы на мясцовай дзяўчыне Зінаідзе, цяпер — Зінаідзе Іосіфаўне. Яны пазнаёміліся ў сельскім клубе на танцах, калі Дзмітрый прыйшоў з арміі. З тае пары мінула шмат часу. Выраслі, сталі дарослымі іх дзеці, стварылі свае сем’і, падарылі унукаў. Іх у Дзмітрыя Мікалаевіча і Зінаіды Іосіфаўны — пяцёра.
За гады жыцця вёска Пруд для Дзмітрыя Мікалаевіча стала па-сапраўднаму роднай. Пасля жаніцьбы ён пабудаваў тут дом, пасадзіў сад, тут гадаваліся дзеці. Жыццё сям’і ішло ў згодзе, узаемапавазе, паўсядзённых справах і клопатах. Зінаіда Іосіфаўна працавала ў калгасе паляводам, Дзмітрый Мікалаевіч — вадзіцелем, затым на працягу многіх гадоў быў начальнікам вытворчага ўчастка №1 СВК “Войневічы”, дзе працуе і цяпер. І гэта нягледзячы на тое, што ўжо чатыры гады на пенсіі.
Дзмітрый Мікалаевіч — актыўны, ініцыятыўны чалавек, дэпутат мясцовага Савета. На працягу многіх гадоў — стараста вёскі Пруд.
У вёсцы, дзе цяпер жывуць 84 чалавекі, падтрымліваецца парадак, увага надаецца кантролю за супрацьпажарнай бяспекай, упарадкаванню прысядзібных участкаў.
Клопатам Дзмітрыя Мікалаевіча з’яўляецца і добраўпарадкаванне мясцовых могілак. Месца памяці, апошняга прытулку жыхароў вёскі, як і належыць, павінна быць дагледжаным. Па ініцыятыве Дзмітрыя Мікалаевіча на могілках высечаны кусты. Цяпер — справа за абгароджваннем могілак. Для гэтага ўжо нарыхтаваны ўвесь неабходны матэрыял.
А.ДУБРОЎСКАЯ.
Пакінуць адказ