Больш за дваццаць гадоў мінула з той пары, калі закончылася для нашых людзей вайна ў Афганістане. Юнакі-салдаты пасталелі, мірнае жыццё і любоў блізкіх загаілі былыя раны. Ды сняцца час ад часу салдацкія сны, у якіх выбухі, пакуты і боль. Прачынаюцца былыя воіны з узмакрэлым ад халоднага поту лбом і не разумеюць адразу, ці то проста начны кашмар, ці зноў – вайна.
Сяргей Радомскі, майстар-будаўнік ААТ “Дзятлаварамбуд” , нарадзіўся і вырас на Дзятлаўшчыне, у вёсцы Лявонавічы. У армію ў 1986 годзе прызываўся з Бабруйска, дзе ў той час вучыўся. З сябрамі аднагодкамі даехаў да Магілёва, дзе праходзіла размеркаванне.
“Было невядома, – згадвае Сяргей, – куды ідзем служыць. Усе нашы пытанні заставаліся без адказу. І толькі адзін з камандзіраў без слоў тыкнуў пальцам у карту – і ўсё стала зразумела: Афганістан.”
Пасля непрацяглых вадзіцельскіх курсаў яго накіравалі непасрэдна да месца службы: вадзіцелем легкавой афіцэрскай машыны. Як аказалася пазней, служыць Сяргею Радомскаму давялося на савецкай зямлі, але на памежжы з Афганістанам, непадалёк ад горада Талукана. Мяжа ахоўвалася на сто кіламетраў у абодва бакі. Застава размяшчалася на скалістым плато. Дзяржаўная мяжа вызначалася толькі ракой Піаянж, праз якую былі ўсталяваны некалькі пантонных пераправаў і адзін мост.
З заставы адкрываўся вялікі кругагляд – афганская зямля, аж да гарызонту, як на далоні. Шмат давялося перажыць і пабачыць на той заставе і за яе тэрыторыяй. Бачыў, як афганцы здабываюць золата на рудніках і мыюць у рэчцы залатыя крупінкі, як увесну цвітуць сярод сопак макі – усе схілы ярка-чырвоныя ад квецені. Але давялося пабачыць і верталёты, якія гарэлі ў небе, калоны, якія ішлі да месца назначэння і не дасягнулі яго. Адзін выбух снарада мог абарваць жыццё многіх людзей: удар па калоне – і на месцы БТРа адна вялізная варонка.
Пакідаць заставу нікому, акрамя афіцэраў, не дазвалялася, звальненняў і выхадных дзён не было. Адзіны дзень, калі салдат адпачываў ад нясення службы – уласны Дзень нараджэння. Але нават у моманты адпачынку не было душэўнага спакою: зусім побач ішлі баявыя дзеянні. Мяжа была тэрыторыяй павышанай зацікаўленасці для пераправы наркотыкаў, зброі і кантрабанды. Застава, дзе служыў Сярей Радомскі, была другім бар’ерам на шляху з Афганістана у савецкую зямлю: калі першы заслон не вытрымае націску, абарону будуць трымаць яны.
“За час службы да многіх нязручнасцяў змаглі прызвычаіцца, – кажа воін-афганец. – Высокія тэмпературы, паходныя ўмовы жыцця. Але так і не змаглі прывыкнуць да выбухаў, якія нават ноччу, праз сон, даносіліся да слыху і трывожылі сэрца.”
Служба ў Афганістане зацягнулася больш чым на два гады. Сяргей павінен быў вярнуцца дахаты восенню, як і прызываўся, але атрымаў звальненне з арміі 23 лютага 1989 года, быццам падарунак да мужчынскага свята. Дарога дадому была доўгай, і салдат уважліва аглядаўся вакол: што змянілася, пакуль яго не было дома? Здавалася б, нічога. Людзі працягвалі жыць, хадзіць на работу, радавацца жыццю, не ведаючы, што колішнія юнакі, якія перажылі два гады ў пекле, вяртаюцца на Радзіму з вайны.
“Пакуль ехаў дадому, – расказвае Сяргей, – не раз сустракаў армейскі патруль, які правяраў дакументы. Як цяпер помню, старшы сержант паруля разгарнуў мой ваенны білет – убачыў пазнаку “прымаў удзел у баявых дзеяннях” – і без лішніх словаў вярнуў мне дакумент.”
У бацькоўскім доме яго, як кожнага воіна-афганца, чакала маці, якая праглядзела ўсе вочы, дзе ж яе сынок. За два гады службы Афганістан узваліў на маладыя плечы байцоў такі цяжар вопыту, што хоць ты каму пазычай яго.
“Вайна зрабіла нас сентыментальнымі, – кажа воін-інтэрнацыяналіст. – Цяпер фільм пра тыя гады або песня пра вайну кранаюць да самых глыбіняў душы. Ды ўсё ж гэта – падзеі мінулыя. А сённяшні дзень – сям’я, дзеці і сяброўства, якім звязала нас назаўжды афганская зямля.”
Н. АВЯРЧУК.
Пакінуць адказ