За паўтара месяца бягучага года ў нашай краіне ў агні загінулі 26 чалавек. Зарэгістравана 158 пажараў. Лічба матэрыяльнага ўрону перасягнула мільёны рублёў. Восемдзесят працэнтаў пажараў адбыліся ў жылым сектары. Менавіта таму прафілактычная работа выратавальнікаў-пажарных у перыяд ацяпляльнага сезону накіравана на працу з гаспадарамі дамоў, папярэджанне пажараў па прычыне эксплуатацыі няспраўных печак і электраправодкі.
Разам з тым, узнікла яшчэ і праблема няспраўнага газавага абсталявання. Асабліва небяспечна, калі гэтую “праблему” людзі арганізоўваюць свядома самі. Так, у пасёлку Гезгалы пры правядзенні пажарна-тэхнічнага абследавання ў адной з кватэраў шматпавярховага дома супрацоўнік МНС выявіў самавольнае падключэнне да лініі падачы прыроднага газу. Гаспадары кватэры выкруцілі заглушку, якую газавая служба ўстанавіла па прычыне няўплаты за карыстанне газам, пасля чаго прымацавалі гумавы шланг, падключаны да газавай пліты. Дзякуючы своечасоваму выяўленню дадзенага парушэння, удалося пазбегнуць трагедыі.
А. ГРЫШУК,
інспектар групы прапаганды і навучання Дзятлаўскага РАНС.