ПАМЯТНЫМ МЕДАЛЁМ АДЗНАЧАНЫ СВЯТАР
З нагоды 100-годдзя заснавання Таварыства Славянскай Узаемнасці памятным медалём Міжнароднага славянскага камітэта адзначаны сябар рэдакцыі газеты “Перамога”, наш пастаянны карэспандэнт – святар Расціслаў Салаўёў, місіянер Навагрудска-Лідскай епархіі.
Адметна, што такіх медалёў выраблена толькі адна тысяча і ўсе яны нумарныя. Гэтай узнагароды ўдастойваліся Прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка, Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый, дзеячы культуры і мастацтва.
РЭАЛІЗАВАНЫ 2686 ПУЦЁВАК
Прадстаўніцтва “Гродзенскае абласное ўпраўленне Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва” падвяло вынікі работы за 2009 год. Дзятлаўскі раён заняў другое месца. Ганаровай граматай прадстаўніцтва адзначана М. Кашко, якая непасрэдна займаецца забеспячэннем пуцёўкамі дарослых і дзяцей Дзятлаўшчыны. Дарэчы, на працягу 2009 года ўсім катэгорыям насельніцтва нашага раёна рэалізаваны 2686 пуцёвак у санаторыі і лагеры. Гэта — адзін з лепшых паказчыкаў па вобласці.
НАВАЕЛЬНЯНЦЫ АДСВЯТКУЮЦЬ МАСЛЕНІЦУ
На 14 лютага ў Наваельні прызначана пасялковае свята Масленіца. Як паведаміла дырэктар Наваельнянскага дома культуры Я. Шмыгіна, работнікі культуры мяркуюць правесці традыцыйнае тэатралізаванае прадстаўленне, удзел у якім прымуць калектывы прадпрыемстваў, арганізацый, установаў гарпасёлка. Будуць наладжаны забавы, конкурсы, розыгрышы, частаванне блінамі і чаем. Канцэртна-забаўляльная праграма разлічана на дзяцей і дарослых. Яна пачнецца ў 11 гадзін ля Дома культуры. Арганізатары мяркуюць, што наваельнянцы будуць актыўныя, правядуць свой выхадны дзень цікава і весела.
МАЛАДЫЯ ТАЛЕНТЫ ПАЕДУЦЬ У СЛОНІМ
26 лютага ў Слоніме пройдзе занальны адборачны тур абласнога конкурсу “Маладыя таленты Гродзеншчыны”. Да ўдзелу ў ім журы выбрала 13 нумароў школьнай мастацкай самадзейнасці. У Слонім паедуць пазмагацца за выхад у фінал прадстаўнікі СШ №1, Дзятлаўскай і Гезгалаўскай гімназій, СШ №3, Мяляхавіцкай школы. Будзем спадзявацца, што лічба 13 для дзятлаўчан будзе шчаслівай.
У КАТАЛОЗЕ З’ЯВІЛІСЯ НОВЫЯ ЧАСОПІСЫ
Новыя выданні на розны густ прапануе падпісны каталог-2010. Калі хтосьці не звярнуў увагі ў першым квартале на новыя часопісы “Беларускі пчаляр”, “Вікінг”, “Добрага здароўя. Лепшыя парады для ўсёй сям’і”, “Паляванне і рыбалка”, “Кім быць”, “Вольная часіна паляўнічага і рыбалова”, “Гадаванец”, то іх можна выпісаць на другі квартал і надалей. Дарэчы, падпіска на другі квартал будзе доўжыцца да 10 сакавіка на расійскія выданні і да 24 сакавіка – на нацыянальныя газеты і часопісы. Калі хтосьці забыўся выпісаць раённую газету “Перамога” на сакавік, гэта можна яшчэ выправіць. Да 24 лютага звяртайцеся ў аддзел падпіскі раённага вузла паштовай сувязі, паштовыя аддзяленні раёна, да паштальёнаў. Тэлефон для даведак 21-8-84.
І. МІХАЙЛОЎСКАЯ.
Пакінуць адказ