Больш за паўстагоддзя мы жывём пад мірным небам, за якое змагаліся нашы дзеды, колішнія юнакі і дзяўчаты, якія сёння завуцца проста і ганарова – ветэраны. Івану Іосіфавічу Зелянеўскаму з гарпасёлка Казлоўшчына, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, сёння ёсць што згадаць пра мінулае і пра людзей.
ДОЎГАЯ ДАРОГА ДАДОМУ
Калі пачалася вайна, Івану Іосіфавічу было толькі чатырнаццаць гадоў. А як дасягнуў семнаццаці – пайшоў ваяваць. Помніцца, як пешшу прайшлі ўсю Украіну, кіруючыся на Першы Украінскі фронт. У Лейпцыгу дачакаліся хвалюючай навіны: “Перамога!” – і скіраваліся па тых самых украінскіх дарогах у зваротны шлях. “Шмат дзён ішлі, – згадвае ветэран, з кожным днём праходзілі ўсё большую адлегласць. Атрымалі загад ачысціць украінскую зямлю ад нацыстаў-бандэраўцаў. Помню, як я, малады хлопец, крочыў, нагружаны ручным кулямётам, які важыў з добрыя паўмяне. Ды ўсё адно хацелася ісці наперад: чакаў дом, сям’я.” Але дадому салдаты так і не дайшлі: з Любліна скіраваліся ў Прыморскі край, не ведаючы яшчэ тады, што мусяць ваяваць з Японіяй. Ізноў жыццё юнака Івана ў без малога васемнаццаць гадоў магло абарвацца. Канец вайне паклала бамбардзіроўка Херасімы і Нагасакі, якую правялі амерыканцы. Паступова армія была расфарміравана. Нарэшце вярталіся дахаты, везлі гасцінец: бохан хлеба, які падзялілі з саслужыўцам на дваіх. “Ты ж не разгубі і не з’еш гэты хлеб, – наказваў сябра. – Няхай пабачыць бацькоўскі дом.” Вярнуўся дахаты салдат Іван з хлебам, а значыць, з добрым знакам: не будзе сям’я галадаць у цяжкія пасляваенныя гады. Назаўжды захаваў ветэран жыццёвы аптымізм: калі з вайны выйшлі жывымі, дык сам Бог наканаваў доўга жыць.                      
МІРНЫЯ СПРАВЫ
Пасля вайны жыццё пацякло па мірным русле: праца, дом, сям’я і паўсядзённыя клопаты. Спачатку працаваў фінансавым інспектарам у родных мясцінах, у Ляхавічах, пасля – старшым інспектарам у Міры. Нарэшце, быў накіраваны ў гарпасёлак Казлоўшчына нашага раёна. “Як цяпер памятаю сцяжынку да Казлоўшчыны, – кажа Іван Іосіфавіч. – Гразкая і непраходная. Куды, думаю, яна мяне прывядзе? Ажно прыжыўся тут, прыкіпеў душой да пасёлка, да шчырых і сардэчных людзей. І любую жонку Зінаіду Аляксееўну сюды прывёз. Жыву і радуюся, як з кожным годам прыгажэе і квітнее мая родная Казлоўшчына.” Сорак гадоў у працы праляцелі, бы адзін міг. Але тым, хто здабываў перамогу, невядома слова “старасць”. І па выхадзе на заслужаны адпачынак Іван Іосіфавіч працаваў у пазаведамаснай ахове: ішоў на два месяцы, а застаўся на пяць гадоў і два месяцы. Спяваў у хоры ветэранаў, да гэтай пары прымае ўдзел у рабоце савета ветэранаў вайны і з’яўляецца старшынёй пасялковага савета інвалідаў вайны.
ХАДЖЭННЕ ПА ШПІТАЛЯХ
Іван Іосіфавіч – інвалід вайны. На старасці год ногі не слухаюцца з-за тромбафлебіту і вочы глаўкома з’ела: толькі постаці людзей яшчэ ледзь адрозніваюцца.
“Якое маё падарожжа, – кажа Іван Іосіфавіч. – Ад парога да веснікаў і назад. Далей дактары не дазваляюць. Выбраўся аднаго году сваіх праведаць на могілкі, ды няблізкі пешы шлях адабраў апошнія сілы, зусім закрыў ад старых вачэй сонца.” Цяпер галоўныя вандроўкі – па лячэбных установах. Але і пра гэтыя падарожжы ветэран расказвае з захапленнем і радасцю. Можна не толькі здароўе падмацаваць, але і з людзьмі пагутарыць. Прыгадалася Івану Іосіфавічу, як дэлегавалі яго разведчыкам у ваенны шпіталь у Мінску, які працуе яшчэ з царскіх часоў. Маўляў, агледзішся там і будзе вядома, ці адпраўляць туды нашых ветэранаў на лячэнне. “Ляжалі мы ў адной палаце некалькі чалавек, – кажа ветэран, – афіцэры і радавыя. Усе пажылога ўзросту, у кожнага свае балячкі, ды яшчэ і вочы не бачаць. А сталовая далекавата ад палаты: як жа яе знайсці? Што-што, кажу, а сталоўку я знайду. Так і павёў я аднаго палкоўніка, сляпы сляпога, і пошукі нашы завяршыліся поспехам.” Не парадавалі Івана Іосіфавіча і там: невылечныя, кажуць твае хваробы, а дактары і ў вас на Гродзеншчыне добрыя. Так і парашыў: няма лепш старому чалавеку, як на сваёй зямлі лячыцца. Тут Іван Іосіфавіч два разы на год праходзіць курс лячэння ў Дзятлаўскай раённай бальніцы. Не пакідаюць яго клопатам і ўвагай нашы дактары – хірургі У. І. Максімовіч і Д. Л. Латушка, акуліст і спагадлівая жанчына Т. К. Уласенка.
“Да слёз кранае радасць, – дадаў ветэран. – Што ў нас помняць тых, хто змагаўся за мірную зямлю. Адчуваю і павагу, і пашану да ветэранаў, увагу пасялкоўцаў і пастаянную падтрымку мясцовых уладаў. Хачу шчыра падзякаваць тым, хто чулы да нашых просьбаў: гэта супрацоўнікі камунальнай гаспадаркі, кіраўніцтва пасялковага Савета, вінна-гарэлачнага завода, СВК “Слава працы”, былая ПМК-55 і іншыя арганізацыі раёна”. Дапамогу па гаспадарцы ветэрану аказваюць вучні Казлоўшчынскай сярэдняй школы і сацыяльныя работнікі, якія наведваюць яго штодзень.
“Што ж яшчэ дадаць, – разважаў на развітанні Іван Іосіфавіч. – Жывём паціху. Далі загад яшчэ пажыць: дачакаемся Дня Перамогі і падымем франтавыя сто грамаў за вызваленне, за Радзіму і за добрых людзей, што побач з намі”.
Н. АВЯРЧУК.