З 25 студзеня пачаўся месячнік па пажарнай бяспецы і, на жаль, ужо ў першы яго дзень у Зэльвенскім раёне ў агні загінула пенсіянерка. Папярэдняй прычынай пажару стала парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення.
Не абышлося без пажараў 25 студзеня і ў нашым раёне. У вёсцы Галаўлі загарэўся жылы дом. У момант прыбыцця падраздзяленняў пажарных дом знутры быў поўнасцю ахоплены агнём. Сам гаспадар дома не пацярпеў, аднак агонь пакінуў яго без даху над галавой. Па словах мужчыны, ён паліў печ, што, магчыма, і стала прычынай пажару.
Жыццё даецца адзін раз, і адносіцца да яго трэба разумна. Будзьце ўважлівыя і асцярожныя з агнём!
НАРОДЖАНЫ Ў КАШУЛІ
26 студзеня магло стаць апошняй датай у жыцці жыхара вёскі Раклевічы. Днём намеснік начальніка аддзела Дзятлаўскага РАНС маёр унутранай службы С. Саламевіч і старшы пажарны ПАВЧ-1 прапаршчык унутранай службы А. Багдзель праводзілі пажарна-тэхнічнае абследаванне жылога сектара дадзенай вёскі. Да іх звярнуўся мясцовы жыхар, які паведаміў, што ў суседа ў кватэры пажар. Пажарныя кінуліся на дапамогу, праніклі ў кватэру праз аконны праём у падвале. Ім удалося своечасова выратаваць з задымленага памяшкання грамадзяніна Ф., 1977 года нараджэння, які з апёкамі 1-3 ступені быў шпіталізаваны.
Па факту ўзнікнення пажару вядзецца расследаванне.
А. ГРЫШУК,
інспектар групы прапаганды і навучання Дзятлаўскага РАНС.
Пакінуць адказ