“Праменьчык” — такую цёплую назву мае аддзяленне дзённага знаходжання для маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У снежні мінулага года яно было створана пра Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Афіцыйнае адкрыццё аддзялення адбылося на мінулым тыдні. Сімвалічна, што праходзіла мерапрыемства падчас калядных святаў. Таму і завіталі на сустрэчу калядоўшчыкі — з каляднай зоркай, казой, мядзведзем, цыганкай. Такую інсцэніроўку прапанавалі выхаванцы Дзятлаўскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці яслі-сада № 2 г. Дзятлава. Дарэчы,былая супрацоўніца гэтай установы Т. С. Нікіпорчык з’яўляецца загадчыцай “Праменьчыка”.
Калядоўшчыкі павіталі прысутных, пажадалі дабрабыту і багацця, здароўя. А цыганка нават паваражыла, прадказаўшы кожнаму толькі добрую будучыню.
На адкрыцці новага аддзялення прысутнічалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама М. В. Мацюкевіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Л. Ф. Васюкевіч, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна А. А. Луня, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў В. Ю. Берднікава. Кожны з іх зычыў работнікам аддзялення, яго наведвальнікам дабрабыту, шчасця, усяго самага найлепшага. М. Э. Гуговіч, дырэктар Дзятлаўскага дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, былыя выхаванцы якога цяпер наведваюць аддзяленне “Праменьчык”, разам з пажаданнямі шчасця, здароўя выказала спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва, узаемападтрымку на ніве міласэрнасці,дапамогі людзям, якім яна вельмі патрэбная.
У сваю чаргу загадчыца аддзялення “Праменьчык” Т. С. Нікіпорчык падзякавала кіраўніцтву райвыканкама, тым людзям, якія дапамагалі арганізаваць работу аддзялення. За дапамогу ў добраўпарадкаванні “Праменьчыка” яна выказала ўдзячнасць Т. М. Курто, загадчыцы цэнтра дашкольнага развіцця дзіцяці яслі-сада № 2. Спонсарская дапамога аддзяленню была аказана і індывідуальным прадпрымальнікам Я. І. Лабарэвічам (ён падарыў мяккі куток). Абласны фонд сацыяльнай абароны насельніцтва падарыў “Праменьчыку” пяць камп’ютараў.
Аддзяленне “Праменьчык” створана з мэтай сацыяльна-бытавой рэабілітацыі інвалідаў. Людзі з абмежаванымі магчымасцямі ва ўзросце 18-31 гадоў атрымаюць тут неабходную кансультацыю па розных цікавячых іх пытаннях, працоўныя навыкі, дапамогу псіхолага. Ды і проста сустрэнуцца разам, пагутараць, адпачнуць. Галоўнае — яны не будуць адчуваць сябе адзінокімі.
У аддзяленні арганізавана гуртковая работа, якая дасць магчымасць маладым людзям з абмежаванымі магчымасцямі развіць свае творчыя здольнасці. Працуюць гурткі “Сувенір”, бісерапляцення, вышыўкі, цестапластыкі, камп’ютарны гурток. Вядзе гурткі А. М. Будзько. У планах работы аддзялення і культурныя мерапрыемствы да 23-га лютага, 8-га Сакавіка, іншых святаў.
Аддзяленне “Праменьчык” яшчэ толькі робіць свае першыя крокі. Новае — гэта заўсёды яшчэ ў многім незразумелае, выклікае шмат складанасцей. Але тым не менш, хочацца спадзявацца, што гэтае аддзяленне стане тым праменьчыкам дабрыні, міласэрнасці, які будзе саграваць душу людзей з абмежаванымі магчымасцямі,дапамагаць ім.
А.ДУБРОЎСКАЯ.
Пакінуць адказ