Першы, адборачны, тур фестывалю калядных песнапенняў “Слава ў вышніх Богу” сёлета праходзіў у Дзятлаве. У раённы Дом культуры 13 студзеня сабраліся харавыя калектывы Дзятлаўскага і Слонімскага благачынняў. Іх было больш за дваццаць.
На пачатку мерапрыемства прысутных павітаў Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі, настаяцель прыходу храма Прэабражэння Гасподня г. Дзятлава айцец Мікалай. Малітвай ухвалілі святары Ражство Хрыстова, да якога быў прымеркаваны гэты фестываль.
Дзятлаўскае благачынне прадстаўлялі восем хораў – з Дзятлава, Наваельні, Казлоўшчыны, Нагародавічаў (дзіцячы і дарослы хоры), Вензаўца, Горкі, Дварца. Варта адразу зазначыць, што ўсе дзятлаўскія калектывы выступалі хораша – і калі спявалі дзеці, і калі на сцэну выходзілі пажалыя вясковыя жанчыны.
Паколькі ў зале сярод гледачоў была пераважная большасць прыхаджан храма Прэабражэння Гасподня, то прысутныя асабліва чакалі і хваляваліся за выступленне дзятлаўчан. Хор мясцовага храма выйшаў на сцэну восьмым. І, забягаючы наперад, зазначу, што нумар аказаўся шчаслівым: калектыў быў выбраны журы да ўдзелу ў фінальным туры.
Пад кіраўніцтвам рэгента – матушкі Святланы хор выканаў чатыры конкурсныя песнапенні, якія атрымалі добрую адзнаку журы і цёплыя апладысменты гледачоў.
Поспех спадарожнічаў і яшчэ аднаму калектыву Дзятлаўскага благачыння – дзіцячаму хору храма свяціцеля Мікалая Цудатворцы вёскі Нагародавічы. Ён таксама стаў фіналістам першага туру. Мяркую, што не толькі на мяне, а і на ўсіх прысутных зрабіла вялікае ўражанне каляднае народнае песнапенне “Неба і зямля”, якое спявалі на беларускай мове. Як цудоўна гучыць песнапенне на роднай мове! А славілі Нараджэнне Хрыста хлопчыкі і дзяўчынкі, якія наведваюць нядзельную школу пры Нагародавіцкім храме і спяваюць у хоры. Варта кожнага з іх назваць: гэта – Кірыл Ботрык, Іра Дракель, Руслан Крэйдзіч, Насця Савончык, Насця Машкіна, Насця Аніскевіч, Дзіана Волкава, Алеся Кастусік, Лера Міхалойць, Ілона Сурма. Займаюцца дзеці пад кіраўніцтвам матушкі Наталлі (Наталлі Васільеўны Яровіч) і Наталлі Іванаўна Жданук.
Гэтыя два калектывы – дзятлаўскі і нагародавіцкі хоры 15 студзеня ездзілі ў Ліду на заключны тур фестывалю калядных песнапенняў. Абодва занялі другія месцы: дзятлаўскі хор – у катэгорыі хораў гарадскіх храмаў, нагародавіцкі (дзіцячы!) – сярод хораў храмаў пасёлкаў і вёсак.
Як расказала матушка Наталля, дзеці былі вельмі рады такому поспеху. Калектыў адзначаны дыпломам другой ступені, каштоўнымі падарункамі — кіраўнікі, і вялікім тортам – дзеці. Спевакі атрымалі падзяку і ад архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага Гурыя. Гэта натхніла іх на далейшую творчую працу і заняткі спевамі.
– Паколькі фестываль калядных песнапенняў традыцыйны, то маем намер удзельнічаць у ім і надалей, — падзялілася планамі матушка Наталля. – У Дзятлаве на адборачным туры мы саступілі жыровіцкім юным спевакам не нашмат. У іх была прыгожая канцэртная форма, што таксама ўлічыла журы. Пастараемся і мы падрыхтаваць адметнае канцэртнае адзенне. Падбяром і адпаведны харавы рэпертуар, будзем больш спяваць на роднай мове.
Справядліва будзе зазначыць, што і нагародавіцкі хор дарослых глядзеўся на раённай сцэне добра. Яшчэ крышку намаганняў – і быць хору таксама сярод пераможцаў. Спяваюць у хоры жанчыны з цудоўнымі галасамі і слухаць іх — вялікае задавальненне.
І. МІХАЙЛОЎСКАЯ.
Пакінуць адказ