Сёлетнія навагоднія і калядныя святы для маіх дзяцей былі асабліва адметныя. Дзякуючы падтрымцы раённага жансавета, асабліва яго старшыні Г. М. Чура, спонсарскай дапамозе калектыву ДРБУ-119 на чале з В. М. Башко мы наведалі памесце беларускага Дзеда Мароза.
9 студзеня накіраваліся ў вандроўку (не спыніла нас і халоднае надвор’е). Я – за рулём мінівэна, у салоне – Юля, Тома, Дзяніс, Маісей, Алёна і Аліна. Не было толькі Дзіаны і Аксаны, бо яны знаходзіліся якраз на аздараўленні ў Італіі.
Да Дзеда Мароза ехалі ўпершыню, таму было, зразумела і дзіцячае нецярпенне, і чаканне незвычайнага. Іх спадзяванні апраўдаліся: дзеці трапілі ў сапраўдную казку. У Дзеда Мароза паверылі ўсе: і 16-гадовая Юля, і 7-гадовая Алёнка. Мы агледзелі памесце, шмат фатаграфаваліся, атрымалі падарункі.                                      
Вялікае ўражанне зрабіла наведванне музея прыроды і вальераў з дзікімі жывёламі. Пабачылі нават два статкі зубраў, якія падышлі да памесця. Дзеці вельмі прасілі мяне прыехаць сюды яшчэ раз, летам, каб можна было даўжэй пабыць у памесці, палюбавацца не толькі зімовай Белавежскай пушчай. Тут прыгожа ў любую пару года. А мы ўсе вельмі любім прыроду.
Па магчымасці ездзім і на экскурсіі. Былі дзеці ў Мінску, Жыровічах, Бярозаўцы. А вось у гэтыя зімовыя канікулы споўнілася жаданне дзяцей пазнаёміцца з Дзедам Марозам. Наогул, канікулы атрымаліся насычаныя цікавымі паездкамі. Пабылі мы і на раённай ёлцы для дзяцей з апякунскіх і прыёмных сем’яў. Я, як маці-выхавальніца Дома сямейнага тыпу, хачу выказаць падзяку райвыканкаму, раённаму жансавету, дзіцячаму фонду, спонсарам – ДРБУ-119, сырзаводу, СВК “Слава працы”, “Жукоўшчына”, райспажыўтаварыству за арганізацыю навагодняга ранішніка для нашых дзяцей. Думаю, да гэтай дабрачыннай справы – дапамогі нашым дзецям – будуць далучацца і іншыя людзі, працоўныя калектывы. Дабрачыннасць, спагада, суперажыванне будуць падтрымкай і нам усім, хто ўзяў на сябе нялёгкую ношу і клопат – гадаваць, ставіць на ногі чужых ( а цяпер сваіх!) дзяцей.
Карыстаючыся магчымасцю, дзякую і рэдакцыі газеты за падпіску на “Перамогу”: атрымліваем, чытаем, вось і самі паведамляем пра адметнае. Адным словам, пасябруем!
Н. МЛЫНАРЧЫК,
маці-выхавальніца Дома сямейнага тыпу.
в. Раклевічы.