17 студзеня ўвечары па вуліцы 50 гадоў ЛКСМБ горада Дзятлава адбыўся пажар у жылым доме. Своечасовае паведамленне ў службу “101″ дазволіла пазбегнуць трагедыі з чалавечымі ахвярамі. Пажар узнік на гарышчы, часткова пашкодзіў перакрыцці дома і маёмасць унутры пакояў. Прычына пажару ўстанаўліваецца.
У гэты ж дзень раніцай загарэлася лазня ў пасёлку Гезгалы. Да прыезду пажарных разлікаў полымя поўнасцю ахапіла будынак. У сувязі з тым, што лазня была пабудавана з драўляных канструкцый, агонь амаль знішчыў яе за лічаныя хвіліны.

МЕСЯЧНІК ПА ПАЖАРНАЙ БЯСПЕЦЫ
Неасцярожны зварот з агнём і грэбаванне патрабаваннямі пажарнай бяспекі часта прыводзяць да трагедыі, калі ў агні гінуць людзі. Толькі за бягучы перыяд 2010 года ў Гродзенскай вобласці адбыліся 65 пажараў, загінулі 14 чалавек. Не абышла бяда і наш раён – у першы ж дзень новага года загінула ў агні жыхарка гарпасёлка Наваельня. Усяго ў раёне ў гэтым годзе ўжо адбыліся 5 пажараў.
З 25 студзеня па 25 лютага 2010 года Міністэрства па надзвычайных сітуацыях праводзіць месячнік пажарнай бяспекі па папярэджанні пажараў з гібеллю людзей. Амаль да кожнага жыхара раёна завітаюць нашы супрацоўнікі, якія дапамогуць вам выявіць слабыя месцы па пажарнай бяспецы ў вашым жыллі.

НЕ ЗАБЫВАЙЦЕ!
Пажар – жудаснае бедства. А ў большасці выпадкаў узгарання вінаваты самі людзі. Няспраўная электраправодка, топка печаў з разбуранымі дымаходамі, выпаўшай цэглай, неасцярожнае абыходжанне з агнём, курэнне ў пасцелі ў нецвярозым стане – асноўныя прычыны пажараў. Асабліва бязлітасны агонь да аматараў спіртнога. Выпіўшы чалавек страчвае пачуццё меры, становіцца няўважлівым. Акрамя таго, алкаголь амаль заўсёды аказвае ўсыпляльнае ўздзеянне.
Ва ўмовах пажару наша жыллё імгненна ператвараецца ў газавую камеру, напоўненую “букетам” атрутных рэчываў. Даросламу чалавеку дастаткова 4-6 хвілін знаходжання ў атручаным прадуктамі гарэння асяроддзі, каб атрымать неабарачальны ацёк лёгкіх, дзіцяці і таго менш – 1-1,5 хвіліны.
Памятайце, пажар лягчэй папярэдзіць, чым патушыць.
А. ГРЫШУК,
інспектар групы прапаганды і навучання Дзятлаўскага РАНС.