У раёне зарэгістраваны 3 злачынствы, 107 грамадзян прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку: 1 – за збыт самагону, 7 – за дробнае хуліганства, 14 – за з’яўленне ў нецвярозым стане або распіццё алкагольных напіткаў у грамадскіх месцах, 1 – за прычыненне цялесных пашкоджанняў, 3 – за знявагу, 1 – за падманны выклік міліцыі, 3 – за дробны крадзеж, 7 вадзіцеляў – за парушэнне хуткаснага рэжыму руху, 16 пешаходаў. Затрыманы 1 вадзіцель за кіраванне аўтатранспартам у стане алкагольнага ап’янення.
п. Гезгалы
Неўстаноўлены злачынца скраў з кватэры мясцовага жыхара мабільны тэлефон коштам каля 300 тысяч рублёў. Вядзецца пошук чалавека, які здейсніў злачынства. Па артыкуле “Крадзеж” яму пагражае да 4 гадоў пазбаўлення волі.
г. Дзятлава
Па артыкуле “Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе папраўчых работ” узбуджана крымінальная справа ў адносінах да жыхаркі г. Дзятлава, якая была асуджана за няўплату сродкаў на ўтрыманне дзяржавай яе непаўналетняй дачкі. Жанчына ўжо была папярэджана аб выніках ухілення ад пакарання, аднак адпаведных вывадаў не зрабіла. Сёння – яна злачынца. Ёй пагражае да 2 гадоў абмежавання волі.
в. Дубраўка
Былы асуджаны жыхар вёскі Навікі вырашыў абагаціцца за чужы кошт. Ён скраў з дома жыхара суседняй вёскі Дубраўкі, пенсіянера, бензапілу і грошы, з хлява – дарожны веласіпед і мапед. Агульны ўрон гаспадару склаў каля 6 млн. рублёў. Па артыкуле “Крадзеж” злодзея чакае да 3 гадоў пазбаўлення волі.
А. ЦІТОЎ,
старшы інспектар Дзятлаўскага РАУС.