Калектыў дзятлаўскай раённай газеты “Перамога” ў чарговы раз апраўдаў сваю гучную назву: мы сталі пераможцамі конкурсу “Лепшае асвятленне і прапаганда ў сродках масавай інфармацыі прадпрымальніцкай дзейнасці”. Па яго выніках 15 студзеня адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання, якая праходзіла ў Міністэрстве эканомікі.
Конкурс праводзіцца ў чацвёрты раз у рамках Дзяржаўнай праграмы падтрымкі малога прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь. Заяўкі на ўдзел могуць падаваць рэспубліканскія, абласныя і міжрэгіянальныя, а таксама раённыя сродкі масавай інфармацыі.
15 студзеня за круглым сталом залы пасяджэнняў Міністэрства эканомікі сабраліся тыя, хто ў 2009 годзе найбольш дакладна, творча і па-майстэрску паказаў прадпрымальніцкую дзейнасць свайго рэгіёна ці рэспублікі ў цэлым.
З прывітальным словам да прысутных і віноўнікаў урачыстай цырымоніі звярнуўся старшыня журы конкурсу, намеснік міністра эканомікі А. М. Тур. У сваёй прамове Андрэй Мікалаевіч згадаў, што лібералізацыя эканамічнай сістэмы ў краіне і з’яўленнне на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя прадпрымальніцкай дзейнасці далі шырокае поле дзейнасці для сродкаў масавай інфармацыі. Нягледзячы на тое, што 2009 год быў цяжкім, крызісным для сусветнай эканомікі, конкурс удаўся. Спаборніцтва парадавала свежымі ідэямі, неардынарным творчым падыходам і нязменным прафесіяналізмам. 2010 год аб’яўлены ў Беларусі годам якасці. Сімвалічна, што менавіта гэты год азнамянуецца пятым, калі не юбілейным, то рубяжовым этапам конкурсу.
Ад словаў Андрэй Мікалаевіч перайшоў непасрэдна да ўрачыстай місіі. Дыпломы пераможцаў з рук намесніка міністра эканомікі, а таксама кветкі і пашпарты да тэлевізараў “Гарызонт” атрымалі 10 лепшых СМІ Беларусі. У намінацыі “Дзяржаўная палітыка ў сферы малога прадпрымальніцтва лепшымі сталі газета “Советская Белоруссия” (г. Мінск), “Новая газета” (г. Віцебск) і Першы нацыянальны канал беларускага радыё (г. Мінск); у намінацыі “Прадпрымальніцтва ў малых гарадах і сельскіх населеных пунктах” – “Народная газета” (г. Мінск), “Гомельская праўда” (г. Гомель) і “Нясвіжскія навіны” (Мінская вобл.); у намінацыі “Чалавек справы” – журнал “Дырэктар” (г. Мінск), газета “Гродзенская праўда” (г. Гродна), “Тэлерадыёкампанія “Гомель” (г. Гомель) і вашы сціплыя сябры, калектыў газеты “Перамога” (Дзятлаўскі р-н).
Быць лепшымі заўжды прыемна, перамогі рахункуюць плён уласнай працы і натхняюць на новыя дасягненні. Але лепшая ўзнагарода для газеты “Перамога” – гэта ваша ўвага, шаноўныя чытачы, і станоўчая ацэнка нашай працы.
Н. АВЯРЧУК.
Пакінуць адказ