Казлоўшчынскі ліцэй гасцінна прымае юнакоў і дзяўчат, якія жадаюць сумленна вучыцца і атрымаць прафесію. Учарашнія школьнікі, сённяшнія студэнты, вучацца тут не толькі кіраваць трактарам, выконваць зварку або смачна гатаваць. Вылецеўшы з-пад матчынага крыла, бацькоўскай апекі, яны атрымліваюць урокі самастойнасці і адказнасці за сябе, за свой калектыў і за справу, якую для сябе абралі.
Аляксандр Латушка, выпускнік Хвінявіцкай СШ, ужо другі год спасцігае прафесію электрыка і трактарыста. Каб быць добрым спецыялістам, ён разам з сябрамі-аднагрупнікамі вывучае не толькі спецыялізацыю, але і агульнаадукацыйныя прадметы.
“Добраму электрыку без матэматыкі нікуды,” – кажа Саша, які любіць гэты прадмет і добра разбіраецца ў ім. Пацвярджэннем таму стала ўнутрыліцэйская алімпіяда, дзе ён паказаў другі рэзультат.
Аляксандр паспявае і вучыцца добра (не ніжэй за 6 балаў), і актыўна ўдзельнічаць у жыцці сваёй групы. Вольны час ён любіць бавіць на лядовай пляцоўцы за гульнёй у хакей. Ды і прастор для дзейнасці ёсць: непадалёк залілі лёд для зімніх відаў спорту і забаваў. Разважлівы, адказны, граматны, і ў той жа час сціплы, ён з’яўляецца добрым старастам групы і надзейным сябрам для кожнага з аднагрупнікаў.
Добрыя вучні – гонар для ліцэя і радасць для педагогаў. Таццяна Аляксандраўна Гародка, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, дае свайму вучню аб’ектыўную характарыстыку: “Аляксандр да вучобы ставіцца сур’ёзна, не мае ніводнага пропуску заняткаў. Не толькі сябе ўмее паказаць, але і пра іншых дбае: дапамагае разам з аднагрупнікамі прыгожай палове групы спасцігнуць тэхнічныя навукі. І веданне матэматыкі яму ў жыцці дарэчы. Будучы старастам, граматна і своечасова складае спіс групы для сталоўкі. Таму аднагрупнікі без праблем заўсёды маюць гарачыя абеды.”                                                  
Кажучы пра будучыню, Аляксандр не сумняваецца: будзе вучыцца далей, паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову па сваёй спецыяльнасці. І сапраўды верыцца, што ў яго ўсё ў жыцці атрымаецца.
Павел Каско паступіў у Казлоўшчынскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй пасля 11 класаў вучобы ў Дзятлаўскай школе № 1. Хоць вучыўся, маўляў, у горадзе, ды лічыць сябе сапраўдным вясковым хлопцам. У роднай вёсцы Апаліна-Басіна з малога ўмеў працаваць: дапамагаў бацькам, а пазней і сам падчас канікулаў зарабляў патроху ў родным калгасе.
“Нездарма ж выбраў прафесію электрагазазваршчыка, – тлумачыць Павел. – Калі дапамагаў старэйшым, карцела і самаму стаць сапраўдным майстрам у гэтай справе.”
Вучоба даецца яму даволі проста, а па спецыялізацыі ўвогуле мае стабільную “выдатна”. Павел ідэйны, старанны ва ўсіх сваіх справах і адказны. Адказ трымае ў першую чаргу перад сваімі сябрамі-аднакурснікамі. З добрай усмешкай згадвае хлопец, што і яму давялося пабыць старастам. Ды пацярпеў за ідэю, прычым памылковую: падтрымаў групу ў авантуры, якая разышлася з ліцэйскім разуменнем дысцыпліны.
Спорт – надзейны сябра і саюзнік чалавека – лічыць Павел, таму актыўна займаецца валейболам і баскетболам. У складзе каманды па валейболе стаў срэбраным прызёрам сваёй навучальнай установы, а ў баскетбольных баталіях абараняў гонар ліцэя на абласных спаборніцтвах.
Не загадваючы далёка на будучыню, Павел упэўнены, што з годнасцю будзе несці воінскую службу дзеля абароны дзяржавы і шчасця блізкіх.
Менавіта пра такіх вучняў, як Аляксандр і Павел, педагогі кажуць: працаваць з імі – адно задавальненне.
Н. АВЯРЧУК.