Камітэтам дзяржаўнай бяспекі сумесна з Гродзенскім упраўленнем ДУБОПіК МУС выяўлены факты перавышэння службовых паўнамоцтваў кіраўніцтвам адкрытага акцыянернага таварыства “Лідахлебапрадукт”, дзейнасць адказных асобаў якога не адпавядала патрабаванням нарматыўна-прававых дакументаў і Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14.06.2007 №3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”.
Вынікі праверак ААТ “Лідахлебапрадукт” КДК па Гродзенскай вобласці і КРУ Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, , ініцыіраваных Камітэтам дзяржаўнай бяспекі сведчаць аб упушчэннях у арганізацыі гаспадарчай дзейнасці ААТ, якія выяўлены ў нямэтавым выкарыстанні сродкаў рэспубліканскага бюджэту, неэфектыўным выкарыстанні ўласных сродкаў і крэдытаў камерцыйных банкаў. Па папярэдніх ацэнках спецыялістаў, у выніку супрацьпраўных дзеянняў пры закупцы збожжа ў перыяд са жніўня 2008 па красавік 2009 г.г. ААТ “Лідахлебапрадукт” нанесена страта ў памеры каля 800 млн. рублёў.
У ходзе расследавання высветлілася, што пасля выканання дзяржаўнага заказа на нарыхтоўцы збожжа кіраўніцтва акцыянернага таварыства адмаўлялася купляць лішкі ўраджаю ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах сваёй сыравіннай зоны, спасылаючыся на адсутнасць свабодных складскіх памяшканняў. Гаспадаркам нічога не заставалася, як, нягледзячы на забарону Мінсельгасхарчу, прадаваць збожжа камерцыйным структурам, якія, як пасля стала вядома, па папярэдняй дамоўленасці з кіраўніцтвам ААТ ім жа і рэалізоўвалі набытае збожжа, але ўжо па больш высокай цане. Такім чынам, аптовая надбаўка, якая па закону не павінна перавышаць 5 працэнтаў, завышалася імі да 50 працэнтаў. Таксама, згодна ўмовам заключаных дагавораў, перапрацоўшчыкі павінны былі кампенсаваць камерсантам расходы па транспартыроўцы – больш 318 мільёнаў рублёў. На самай жа справе пастаўкі ажыццяўляліся па ўмовах транзіту, без затратаў на транспартыроўку і захоўванне тавараў.
Упраўленнем КДБ па Гродзенскай вобласці ўзбуджана крымінальная справа па ч.3 арт.426 КК Рэспублікі Беларусь (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў) у адносінах кіраўнікоў ААТ “Лідахлебапрадукт”. Вядзецца следства, у ходзе якога не выключана верагоднасць прыцягнення да адказнасці і іншых асобаў, якія ўдзельнічалі ў рэалізацыі злачыннай схемы.
Прэс-служба Упраўлення КДБ Рэспублікі Беларусь па Гродзенскай вобласці.
Пакінуць адказ