Нядаўна ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна адбыўся агеньчык для членаў Дзятлаўскай раённай арганізацыі інвалідаў па зроку. На мерапрыемства прыехалі прадстаўнікі абласнога ўпраўлення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, якому, дарэчы, у мінулым годзе споўнілася 85 гадоў. Карэспандэнтка газеты “Перамога” сустрэлася са старшынёй Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Зояй Уладзіміраўнай Крупнік і папрасіла адказаць на некаторыя пытанні.
– У Гродзенскай вобласці — 2260 інвалідаў па зроку, большасць з іх — ва ўзросце старэй 60 гадоў. Абласную арганізацыю інвалідаў па зроку складаюць 20 пярвічных арганізацый, у тым ліку Гродзенская гарадская, дзве арганізацыі створаны на прадпрыемствах.
Аб’яднаць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, прывабіць іх да актыўнага жыцця, дапамагчы ім у сацыяльна-бытавой адаптацыі,набыць прафесію — галоўныя задачы, якія стаяць перад намі.
– Як яны вырашаюцца?
– Цяпер 70 чалавек, якія маюць праблемы са зрокам, атрымліваюць адукацыю ў вышэйшых і сярэднеспецыяльных навучальных установах. 50 чалавек вучацца ў Гродзенскім медыцынскім каледжы на аддзяленні лячэбнага масажу. Гэта — закрытае аддзяленне, толькі для інвалідаў па зроку. Каля ста чалавек з іх працуюць масажыстамі ў медыцынскіх установах Гродзенскай вобласці і горада Гродна.
Сярод інвалідаў па зроку ёсць юрысты, настаўнікі, музыканты, псіхатэрапеўты, псіхолагі.               
Удзел у мастацкай самадзейнасці, заняткі спортам — гэта таксама від рэабілітацыі. Шматлікія конкурсы, фестывалі, сустрэчы даюць магчымасць людзям з абмежаванымі магчымасцямі не толькі раскрыць свае таленты, здольнасці, але і пазнаёміцца, пагутарыць, пасябраваць. Так, у снежні мінулага года 37 чалавек з Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку наведалі Польшчу, сустрэліся з інвалідамі па зроку Беласточчыны. Паездка стала магчымай, дзякуючы спонсарскай дапамозе індывідуальнага прадпрымальніка. Акрамя гэтага, консульства адкрыла нам бясплатныя шэнгенскія візы на паўгода. Такім чынам, гэта была наша не апошняя паездка ў блізкую нам краіну.
У мінулым годзе мы таксама ездзілі на фестываль інвалідаў у Віцебск, які праходзіў ў рамках “Славянскага базару–2009″. Штогод наша арганізацыя праводзіць і свой абласны фестываль творчасці інвалідаў па зроку.
Сярод гэтых людзей шмат творчых, таленавітых асобаў. Тры мастацкія калектывы абласной арганізацыі інвалідаў па зроку маюць званне народных. Гэта — хор ветэранаў “Ручаінка”, калектыў “Іаланта”, тэатр мініяцюр.
Гродзенская вобласць мае пяць чэмпіёнаў і прызёраў параалімпійскіх гульняў. У ліку іх — шматразовая чэмпіёнка параалімпійскіх гульняў, уладальніца Кубка свету па лыжным спортц Ядзвіга Скарабагатава, параалімпійскі чэмпіён па лёгкай атлетыцы Аляксандр Трыпуць, прызёр параалімпійскіх гульняў па лёгкай атлетыцы Ганна Канюк.
– З якімі праблемамі цяпер сутыкаюцца члены Беларускага таварыства інвалідаў па зроку?
– Праблемы ёсць. Адна з іх датычыцца льготаў на праезд, якія для нас адмянілі. Цяпер яны засталіся толькі на гарадскі транспарт для інвалідаў па зроку першай і другой групы. А ў раёнах такіх ільготаў няма. За праезд інвалід па зроку павінен заплаціць за сябе і за суправаджаючага.
Існуе шмат праблемаў з забеспячэннем тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў па зроку. Многія з тэхнічных сродкаў каштуюць вельмі многа, пяцьдзесят працэнтаў кошту павінен заплаціць сам інвалід. Хацелася б, каб інвалідам па зроку першай і другой груп выплачвалася адрасная сацыяльная дапамога на набыццё тэхнічных сродкаў рэабілітацыі.
Гутарыла
А. ДУБРОЎСКАЯ.