Беларусь спадзяецца на паляпшэнне ўмоваў экспарту ў краіны ЕС. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на сустрэчы з віцэ-прэм’ерам Польшчы, міністрам эканомікі Вальдэмарам Паўляком.
Мы спадзяёмся, што ЕС зробіць рух у 2010 годзе для беларускага экспарту, — сказаў прэм’ер.
Калі ў цэлым разглядаць мытны тарыф у ЕС, то ён знаходзіцца на ўзроўні каля 5 працэнтаў, а для беларускага экспарту ён складае 17-80 працэнтаў, — адзначыў Сяргей Сідорскі. Гэта датычыцца грузавых аўтамабіляў, спецыяльнай тэхнікі, высокатэхналагічнай прадукцыі. Гэтыя пытанні, паводле слоў кіраўніка беларускага ўрада, абмяркоўваліся з Вальдэмарам Паўляком у вузкім коле. Прэм’ер-міністр нагадаў, што на працягу 2008-2009 гадоў беларускі бок вырашыў з польскім урадам пытанні работы польскіх фермераў на беларускім рынку, экспарту беларускай сельгаспрадукцыі ў Еўропу. Так, мяса з Беларусі пастаўляецца са спагнаннем пошлін у памеры 90 працэнтаў. Акрамя таго, Беларусь застаецца адзінай краінай, увоз тэкстылю з якой у краіны ЕС кватуецца, хоць гэта не адносіцца да іншых краін.
Я бачу гэта не толькі як пэўны бар’ер для свабоднага экспартнага руху прадукцыі, але і як бар’ер для прыцягнення інфестыцый у Беларусь, — сказаў Сяргей Сідорскі.
Эканоміка
ІЛЬГОТНЫЯ МЫТНЫЯ ПОШЛІНЫ НА ЎВОЗ АЎТАМАБІЛЯЎ ФІЗАСОБАМІ БУДУЦЬ ДЗЕЙНІЧАЦЬ У БЕЛАРУСІ ДА 1 ЛІПЕНЯ
Ільготныя мытныя пошліны на ўвоз аўтамабіляў фізасобамі будуць дзейнічаць у Беларусі толькі да 1 ліпеня 2010 года. Аб гэтым паведаміў старшыня дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Аляксандр Шпілеўскі.
Прынята ўжо рашэнне, што гэта льгота адносна фізасобаў будзе дзейнічаць да 1 ліпеня бягучага года, потым усё гэта заканчваецца, — сказаў Аляксандр Шпілеўскі. Такім чынам, з 1 ліпеня мытныя пошліны на аўтамабілі для фізасобаў у Беларусі будуць такія ж , як у Расіі. Гэта пазіцыя ўжо ўзгоднена. Нагадаем, з 1 студзеня 2010 года ў адпаведнасці з адзіным мытным тарыфам мытнага саюза ў Беларусі павышаны мытныя пошліны на ўвоз легкавых аўтамабіляў для юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў да ўзроўню расійскіх. Адзіныя стаўкі мытных пошлін на аўтамабілі замежнай вытворчасці для фізічных асобаў будуць устаноўлены міжнародным дагаворам з 1 ліпеня 2010 года.
Сельская гаспадарка
ПРАГРАМА РАЗВІЦЦЯ МАЛОЧНАЙ ЖЫВЁЛАГАДОЎЛІ ДА 2015 ГОДА РАСПРАЦОЎВАЕЦЦА Ў БЕЛАРУСІ
Аб гэтым паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Седзін на пасяджэнні Мінаблвыканкама, дзе разглядаліся пытанні гатоўнасці сельскай гаспадаркі да вясенне-летняга перыяду. Спецыялісты Мінсельгасхарчу праводзяць аналіз паказчыкаў, дасягнутых у галіне жывёлагадоўлі за мінулыя гады ў розных рэгіёнах краіны, вывучаюць, за кошт чаго можна павялічыць вытворчасць і знізіць сабекошт малака. У нас ёсць для гэтага рэзервы, — адзначыў Васіль Седзін, кажучы пра неабходнасць рацыянальнага выкарыстання камбікорму, росце прадуктыўнасці дойнага статка, захаванні тэхналогіі вытворчасці, паляпшэння якасці кармоў.                                            
Намеснік міністра адзначыў, што Мінская вобласць займае ў рэспубліцы першае месца па надоях малака ад каровы. Тут у 2009 годзе ад каровы атрымана 5100 кг малака - гэта найвышэйшы вынік. Тым не менш, не ўсё гладка і ў сталічным рэгіёне. Так, у шэрагу раёнаў, гаспадарак ёсць недахопы ў навучанні кадраў, сустракаюцца факты безгаспадарчасці, разбазарвання грошай і інш. Дасягнуты нядрэнныя вынікі, але ў 2010 годзе перад жывёлаводамі Міншчыны стаіць яшчэ больш напружаная задача - прыплюсаваць 9,3 працэнта, і яе трэба выканаць. Мы закладаем сёння будучае малочнай жывёлагадоўлі і жывёлагадоўлі ў цэлым, — дадаў Васіль Седзін.
Грамадства
МАЛАДЫЯ БЕЛАРУСЫ ГАЛОЎНЫМІ КАШТОЎНАСЦЯМІ ЛІЧАЦЬ МАТЭРЫЯЛЬНЫ ДАБРАБЫТ, ЗДАРОЎЕ І СЯМ’Ю
Маладыя беларусы галоўнымі каштоўнасцямі лічаць матэрыяльны дабрабыт, здароўе і сям’ю. Аб гэтым сведчаць вынікі рэспубліканскага сацыялагічнага даследавання “Моладзь Беларусі: праблемы і настроі”, праведзенага ў 2009 годзе інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі БЕларусь (ІАЦ), паведамілі ў цэнтры.
У ранжыраваным пераліку каштоўнасцей маладыя беларусы першыя тры месцы адвялі матэрыяльнаму дабрабыту (83,8 працэнта - сельскіх і 82 працэнты - гарадскіх жыхароў), здароўю (83,2 працэнта і 85,8 працэнта) і сям’і (80,7 працэнта і 80 працэнтаў). Далей ідуць каханне, дружба, мір на зямлі, цікавая работа і адукацыя.
Каштоўнасныя арыентацыі сельскіх і гарадскіх юнакоў і дзяўчат у большасці сваім супадаюць, рэзюмавалі у ІАЦ. Маладыя вяскоўцы, як і гарадская моладзь, часцей адзначаюць прыхільнасць традыцыйнай маралі. Для іх інстытут сям’і ў іерархіі каштоўнасцей мае асаблівую важнасць. Большасць юнакоў і дзяўчат (53,3 працэнта) імкнуцца стварыць у будучым уласныя сем’і (сярод гараджан - 60,5 працэнта), а трэць (36,5 працэнта) ужо знаходзяцца ў законным шлюбе (сярод гарадской моладзі - 25,8 працэнта).
Цікава, што вяскоўцы ў большай ступені, чым гараджане, аддаюць перавагу такім арыенцірам, як мір на зямлі - 76,1 працэнта і 66,9 працэнта, стабільнасць у грамадстве - 69,5 працэнта і 58,3 працэнта, патрыятызм - 41,1 працэнта і 28,9 працэнта, рэлігія - 36,5 працэнта і 29,6 працэнта адпаведна.