Пазабюджэтны фонд для дадатковага фінансавання расходаў на падрыхтоўку і правядзенне выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў будзе створаны ў Беларусі. Такое рашэнне прынята 12 студзеня на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў.
Фонд будзе папаўняцца за кошт добраахвотных пералічэнняў грашовых сродкаў ад арганізацый, прадпрыемстваў і грамадзян. Рахунак будзе адкрыты ў Беларусбанку ў беларускіх рублях. Права расходаваць і размяркоўваць сродкі фонду належыць Цэнтрвыбаркаму. Грашовыя сродкі Фонду могуць быць выкарыстаны для аплаты дадатковых расходаў на падрыхтоўку выбарчай дакументацыі, плакатаў, дадатковага матэрыяльна-тэхнічнага аснашчэння камісій, правядзення перадвыбарнай агітацыі.
МЕТАДЫЧНЫЯ РЭКАМЕНДАЦЫІ ДЛЯ ВЫБАРКАМАЎ
ЦВК Беларусі зацвердзіў метадычныя рэкамендацыі для тэрытарыяльных акруговых і ўчастковых выбарчых камісій па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Гэтыя дакументы вельмі чакаюць на месцах. Да іх праяўляюць вялікую цікавасць таму, што яны распрацаваны з улікам змяненняў і дапаўненняў у Выбарчым кодэксе, - адзначыла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.                                     
Найбольш падрабязна ў рэкамендацыях растлумачаны палажэнні Выбарчага кодэксу аб парадку вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Як мяркуюць у ЦВК, менавіта гэтыя абноўленыя артыкулы кодэксу могуць выклікаць найбольшую колькасць пытанняў як у камісіях, так і сярод прэтэндэнтаў у дэпутаты. Асаблівая ўвага ў метадычных матэрыялах удзелена правілам правядзення перадвыбарнай агітацыі і ўстанаўленню вынікаў галасавання па выбарчых акругах. Падрабязна выкладзены падставы для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў і адмены рашэння аб рэгістрацыі.
ЗМЕНЕНЫ ВЫБАРЧЫ КОДЭКС БЕЛАРУСІ З’ЯВІЦЦА Ў ПРОДАЖЫ З 1 ЛЮТАГА
Аб гэтым паведаміла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына на пасяджэнні ЦВК.
Выбарчы кодэкс Беларусі са змяненнямі і дапаўненнямі будзе падрыхтаваны і паступіць на прылаўкі 1 лютага 2010 года, - адзначыла Лідзія Ярмошына. Паводле яе словаў, да гэтага часу адзіным поўным дакументам, у якім будуць абагульнены і растлумачаны ўсе навелы выбарчага заканадаўства, будуць метадычныя рэкамендацыі Цэнтрвыбаркама для акруговых і ўчастковых камісій па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Гэтыя рэкамендацыі даюць поўную інфармацыйную карціну, - лічыць старшыня ЦВК. Яна пераканана, што гэты дакумент будзе таксама карысны і запатрабаваны сярод грамадскіх арганізацый і палітычных партый, якія плануюць прыняць удзел у маючых адбыцца выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.
ГАЛАСАВАННЕ ПА НОВЫХ БЮЛЕТЭНЯХ
Беларусы будуць галасаваць на маючых адбыцца выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў па новых бюлетэнях.
Яны будуць падрыхтаваны зыходзячы з узроўню мясцовых Саветаў і колькасці кандыдатаў. Калі будзе балаціравацца адзін кандыдат у дэпутаты, то бюлетэнь можа заняць ад адной трэцяй да палавіны ліста фармату А4. Калі кандыдатаў будзе больш, бюлетэні могуць зрабіць фарматам ад палавіны да цэлага ліста А4. Канкрэтныя памеры бюлетэняў для галасавання вызначыць камісія, а формы выбарчых дакументаў, у тым ліку і бюлетэняў, Цэнтрвыбаркам устанавіў на пасяджэнні.
З улікам змененага выбарчага заканадаўства да маючай адбыцца выбарчай кампаніі будуць выдадзены абноўленыя падпісныя лісты ў падтрымку кандыдатаў. У прыватнасці, зменіцца афармленне правага боку, а з адваротнага знікнуць рэквізіты засведчання падпіснога ліста.
Прынцыпова новым дакументам, якога раней не было, стане форма пратакола выбарчай камісі па доўгатэрміновым галасаванні.
БЕЛТА.