Вечар 18 снежня 2009 года ў вёсцы Белалозы скончыўся вогненай трагедыяй. Аднапавярховы жылы дом згарэў амаль поўнасцю. Пры разборцы канструкцый супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях знайшлі труп гаспадара дома, пенсіянера, і труп яго пяцідзесяцігадовага брата, інваліда другой групы. Прычынай пажару стала неасцярожнае курэнне.
“КАЛЯДА ПРЫЙШЛА ПАЖАРАМ”
У вёсцы Нагорнікі 25 снежня 2009 года пенсіянерка стала “пагарэліцай”. У дзве гадзіны ночы агонь успыхнуў у хляве, які прыбудаваны да дома, хутка дабраўся па агульнаму даху да жылых пакояў. Чалавечых ахвяраў удалося пазбегнуць – гаспадыні і яе сыну своечасова дапамаглі пажарныя-выратавальнікі. У выніку пажару хлеў згарэў поўнасцю, сур’ёзна быў пашкоджаны дах дома. Прычына пажару ўстанаўліваецца.
ПАЖАР У НАВАЕЛЬНІ
Дата 1 студзеня стала першым і апошнім днём новага года для жыхаркі гарпасёлка Наваельня, работніцы туберкулёзнай бальніцы. Каля васьмі гадзін вечара загарэўся яе дом. Агонь бязлітасна знішчыў усё на сваім шляху. Гаспадыню выратаваць не ўдалося. Муж жанчыны з апёкамі другой ступені быў шпіталізаваны. Прычына трагедыі пакуль не высветлена.
ПАГАРЭЛЬЦЫ
4 студзеня у Дзятлаве адбыўся пажар у жылым доме. Са словаў гаспадара дома, агонь узнік у жылым пакоі і хутка распаўсюдзіўся па ўсім будынку дома, што не дазволіла захаваць дакументы і каштоўныя рэчы. Абышлося без чалавечых ахвяраў, аднак матэрыяльны ўрон пасля пажару даволі значны – амаль усё, што нажылі гаспадары за доўгія гады.
СВОЕЧАСОВАЯ ДАПАМОГА
У 12 гадзін ночы 10 студзеня ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб узгаранні прыватнага гандлёвага кіёску ў гарпаселку Наваельня. Дзякуючы своечасоваму звароту ў службу “101” і прафесійным дзеянням выратавальнікаў, пажар быў патушаны, тавар у кіёску агонь не пашкодзіў. Прычыну пажару ўстановяць адказныя службы.
А. ГРЫШУК,
інспектар групы прапаганды і навучання Дзятлаўскага РАУС.
Пакінуць адказ