У мэтах падтрымкі маладых вучоных Прэзідэнт Беларусі падпісаў распараджэнне аб назначэнні стыпендый аспірантам.
Стыпендыі Прэзідэнта Беларусі ў 2010 годзе будуць атрымліваць 100 аспірантаў, якія навучаюцца па вочнай форме ў дзяржаўных установах, што забяспечваюць атрыманне паслявузаўскай адукацыі. Усе стыпендыяты паспяхова навучаюцца ў аспірантуры, праводзяць даследаванні па прыярытэтных напрамках развіцця навукі, рэзультаты якіх укараняюцца ў вытворчасць.                                       
ЭКАНОМІКА
КОНКУРС “ЛЕПШЫ ПРАДПРЫМАЛЬНІК 2009 ГОДА”
Мэта правядзення конкурсу – павышэнне прафесіяналізму і дзелавой рэпутацыі кіраўнікоў і калектываў прадпрымальніцкіх структур, стварэнне станоўчага іміджу прадпрымальніка, стымуляванне дзелавой актыўнасці насельніцтва для вырашэння задач сацыяльна-эканамінага развіцця краіны. У конкурсе могуць прыняць удзел юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі – пераможцы і лаўрэаты абласных (Мінскага гарадскога) конкурсаў “Лепшы прадпрымальнік года вобласці (Мінска).
Для ўдзелу ў абласных (Мінскім гарадскім) конкурсах юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам неабходна прадставіць да 10 сакавіка ў аблвыканкам (Мінскі гарвыканкам) па месцы рэгістрацыі заяўку, а таксама іншыя дакументы, вызначаныя палажэннем аб парадку правядзення конкурсу “Лепшы прадпрымальнік вобласці (Мінска).
ВЁСКА
“ДАЖЫНКІ-2010″ будзе прымаць Лідскі раён. Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2010” пройдзе ў другой дэкадзе верасня ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці адпаведнае распараджэнне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 5 студзеня.
Для падрыхтоўкі і правядзення свята будзе арганізаваны аргкамітэт, які ўзначаліць намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Іван Бамбіза.
Па традыцыі на фестывалі-кірмашы будуць ушаноўваць пераможцаў рэспубліканскіх спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы травяных кармоў, вырошчванні лёну і ў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. Акрамя таго, будуць уручаны ўзнагароды пераможцам рэспубліканскага агляду-конкурсу “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”.
БЕЛТА.